Часопіс ARCHE стаў прыкметнай з’явай на беларускім культурным ландшафце. Яго аўтарамі сталі ледзь не ўсе знакамітыя гісторыкі, палітолагі, пісьменнікі 1990-х і 2000-х гадоў. Аб ім спрачаліся і спрабавалі прызнаць экстрэмісцкім. Але планка была паднятая настолькі высока, што і дзесяцігадовай даўніны нумары дасюль не састарэлі. Пра тое, як і ў якіх абставінах стваралі часопіс, расказвае галоўны рэдактар Валер Булгакаў.

arche_main

Як пачынаўся ARCHE

bulgakau– У 90-я гады наша светаадчуванне было зусім іншым, чым цяпер. Канец 90-х – час, калі ў Беларусі не было спецыялізаванага перыядычнага выдання на беларускай мове, прысвечанага перакладам з замежных моваў. Гэта час, калі ліхаманка пачала трэсці «Крыніцу» (якая на пачатку 2000-х перажыве некалькіразовую змену галоўнага рэдактара, атрымае прыдомак «Крыніца Славянскі свет», а пасля ціхенечка замрэ). Аналагічны працэс узмацнення дзяржаўнага кантролю пачаўся і ў старых БССР-аўскіх часопісах накшталт «Полымя», «Маладосці» ці «Нёмана», якія ў 2001 годзе, у сувязі з пераабраннем Лукашэнкі на наступны тэрмін, змянілі сваіх рэдактараў. Гэта час, калі адбываецца сур’ёзная маргіналізацыя беларускай культуры: пасля трыумфальнага для расейскамоўных рэферэндума 1995 года многа каму здавалася, што ў беларускай культуры няма ніякай будучыні.

Беларусізацыя першай паловы 1990-х адбывалася на маіх вачах. У 1990 годзе я з натоўпам выходзіў на плошчу Незалежнасці, каб паскорыць прыняцце закона «Аб мовах у БССР». Парадкі тады былі яшчэ савецкія, і міліцыя досыць брутальна выціснула мітынгоўцаў з тагачаснай плошчы Леніна: дагэтуль памятаю штурханіну ля будынка галоўнага паштамта.

Bulgakau-29

Валер Булгакаў – студэнт філфака БДУ. Пачатак 1990-х

Я быў сярод тых, хто з вялікай радасцю сустрэў абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Будучы студэнтамі другога курса філфака БДУ, у верасні 1991 года мы паехалі ў вёску Сушкава на сутыку Лагойскага і Вілейскага раёнаў. Калі праязджалі туды праз Плешчаніцы, над шэрым будынкам сельсавета лунаў стары БССР-аўскі сцяг, а калі назад ехалі, то на ім ужо быў бел-чырвона-белы. Цягам месяца сімволіка змянілася, і гэта выглядала сюррэалістычна. Пасля зацверджання Вярхоўным Саветам бел-чырвона-белага сцяга і «Пагоні» ў якасці дзяржаўнай сівмолікі да нас прыехаў выкладчык рускай літаратуры Малінін, які ні слова не гаварыў па-беларуску, і прывёз накалькі вераснёўскіх нумароў «Звязды» з адпаведнымі гістарычнымі пастановамі.

З другога боку, усе чатыры гады, пакуль бел-чырвона-белы сцяг лунаў над мінскім Домам урада, мяне не пакідала думка, што скора яго на флагштоку не будзе. Так і сталася. Тым не менш беларуская мова на нейкі час сталася адзінай дзяржаўнай, а газета «Наша Ніва», чыя рэдакцыя ў той час сядзела ў Вільні, атрымлівала з беларускага бюджэту рэальныя датацыі. Тагачасны дэпутат ВС 12 склікання, а цяпершні старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў у 1993 годзе выбіў бюджэтныя грошы на выданне кніжкі Язэпа Найдзюка ды Івана Касюка «Беларусь учора і сёння» накладам дзесяць тысяч асобнікаў, а «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага была выдадзеная накладам у 30 тыс. Гэта ў 1998 або 2008 гадах было ўжо проста немагчыма ўявіць.

Узроўнем палітычных і грамадзянскіх свабод Беларусь у першай палове 1990-х фактычна не рознілася ад краін Цэнтральнай Еўропы. З іншага боку – тагачасная беларуская інтэлігенцыя не змагла імі толкам распарадзіцца. Не паўстала моцнага гуманітарнага прыватнага выдавецтва, не з’явіўся беларускамоўны прыватны ўніверсітэт, не было недзяржаўнага штомесячнага часопіса, прысвечанага гуманітарнай навуцы. Гэтая ніша заставалася незанятай.

У той час узнікалі і знікалі назаўсёды розныя часопісы, пра якія цяпер ужо ніхто і не ўзгадвае: «Зямля Н.», «Дамініка». У Варшаве выйшла пара нумароў часопіса «Эпоха». Часопіс «Паміж» захаваўся, а вось, напрыклад, «Фрагмэнты» ў 1999 годзе страцілі афіцыйную рэгістрацыю. У 2001 годзе тое самае адбылося з «Беларускім гістарычным аглядам» Сагановіча, хоць ён выходзіць дасюль, а яшчэ праз колькі гадоў са «Спадчынай», якая, на маю думку, была найлепшым беларускім часопісам 1990-х.

pashkevichГісторык Аляксандр Пашкевіч: «З таго, што мяне тады займала і што мы актыўна чыталі ў маім гістфакаўскім асяроддзі, гэта часопіс «Спадчына». Існаваў таксама часопіс «Беларуская мінуўшчына». «Беларускі гістарычны часопіс» сёння такі ж, якім і тады быў па канцэпцыі. Хоць яны і былі дзяржаўнымі, мелі добрыя рэдакцыі, але ж друкавалі шмат адкрытых, цалкам прыстойных гістарычных матэрыялаў. Потым гэтага ўсяго не стала. Усе часопісы былі вельмі цікавыя, бо тады наогул лёгка было знайсці сенсацыю. Фактычна ніводная тэма не была добра даследаваная. Што ні надрукуеш, адкрыццё на адкрыцці. І была несувымерная сённяшняй цікаўнасць да такой прадукцыі».

Арганізацыйныя цяжкасці

Пры канцы Савецкага Саюзу і ў першыя гады незалежнасці філасофія была каралевай гуманатарных навук, а філосафы тады былі лідарамі інтэлектуальнай карпарацыі. І няма дзіва, што мы рынуліся ў філасофію. Кажучы познесавецкім штампам, ARCHE быў контркультурным праектам, таму ў ім было ўсё: і філасофія, і палітычнае мысленне, і белетрыстыка, і гістарыяграфія.

vokl_zmiest

Вокладка і змест першага нумара часопіса ARCHE, 1998 г. (тэма нумара – «Парнаграфія»)

Калі мы пачыналі, я нават не думаў, што буду галоўным рэдактарам. Ім мусіў стаць чалавек, які ўзяў на сябе ўвесь арганізацыйны цяжар і даў грошы на першы нумар, – гэта быў Андрэй Дынько, сённяшні рэдактар «Нашай Нівы». Але ён сціпла запісаў у галоўрэды мяне. І вось 14 год я гэты цяжар нясу.

Першы нумар быў падпісаны да друку 29 верасня 1998 года і выйшаў накладам у 200 асобнікаў. Магчымасцяў на нешта большае на той момант не было. Часопіс даваўся цяжка. Першы нумар быў на 230 старонак, з якіх я сам як перакладчык і аўтар нагабляваў старонак 150. Наступны год мы з цяжкасцю вытрымлівалі штоквартальную перыядычнасць, і толькі ў 2000 годзе замахнуліся на штомесячны выхад, але з трэскам праваліліся, такога не адолеўшы. Штомесячным ARCHE стаў толькі ў 2006 годзе, у адказ на забарону продажу праз кіёскі і кнігарні.

Алесь Пашкевіч: «Адразу пасля пачатку выхаду часопіса мне сталі трапляцца асобныя нумары. Усе яны мелі такую правакацыйную накіраванасць. Напрыклад, самы першы называўся «Парнаграфія». Пасля быў нумар «Паталогіі грамадства». Я яго нават сам не паспеў толкам прачытаць, бо завёз дахаты на вёску, і ён пайшоў па руках – там такія ўжо паталогіі апісваліся, што ўсе, нават далёкія ад беларушчыны, людзі кінуліся чытаць. Вельмі модны быў постмадэрнізм, пераасэнсаванне сучаснасці. Мова была дастаткова цяжкая, вельмі паслядоўная такая тарашкевіца. Калі сам Булгакаў пісаў, дык божа мой. Але тады ўсім хацелася пераадольваць савецкасць, вылучацца з шэрай масы ва ўласных тэкстах».

ARCHE ад пачатку быў у падполлі, таму ніякіх кабінетаў, сакратарак і кандыцыянераў у нас не было. Нават уласнага памяшкання. У нас заўсёды працавалі 4-5 чалавек. З аднаго боку, гэта касавала мяжу паміж домам і працай, з іншага – гэта было абгрунтавана эканамічна. Для параўнання, у рэдакцыі часопіса «Полымя» напрыканцы 1980-х гадоў штат даходзіў да 40 чалавек. Быў нават фельчар на палову стаўкі і кіроўца.Наша рэдакцыя была зусім не такая, як у дзяржаўных часопісаў. Напрыклад, у рэдакцыі «Крыніцы» часоў Някляева быў немалы офіс у цэнтры горада, бухгалтэрыя, кабінет галоўнага рэдактара (калі Някляеў быў у рэдакцыі, дарэчы, ён любіў дзверы пакідаць адчыненымі для большага кантролю над персаналам), паасобныя аддзелы.

Мы ж эканомілі на ўсім. Камп’ютар я набыў сабе першы якраз напярэдадні жнівеньскага дэфолту 1998 г., уклаўшы ў яго ўсе грошы, якія меў, – даляраў 500, падаецца. А паколькі не было ўласнага памяшкання, вярсталіся ў рэдакцыі газеты «Свабода», потым у «Белорусской деловой газете».

red_zasn

Уводзіны да першага нумара ад заснавальніка і рэдактара часопіса

«…Проста моцнае жаданне нешта выдаваць»

У нас не было ніякага плану, было проста моцнае жаданне нешта выдаваць. Гэта была своеасаблівая «grass-roots» – ініцыятыва, якая расла знізу. Галоўная ідэя была не ў тым, каб выдаць пэўную колькасць тэкстаў, нам проста хацелася заявіць, што беларуская культура здольная нейкім чынам адаптавацца да новага варожага асяроддзя і прадукаваць канкурэнтназдольны прадукт. Падаецца, якраз гэта ўдалося.

Газеты таго часу

Адна з першых рэцэнзій у «Белорусской Деловой Газете», 16 ноября 1998 г

Адна з першых рэцэнзій у «Белорусской Деловой Газете», 16 ноября 1998 г

Адна з першых рэцэнзій на часопіс, надрукаваная ў «Нашай Ніве» беларускай лацінкай

Адна з першых рэцэнзій на часопіс, надрукаваная ў «Нашай Ніве» беларускай лацінкай

Спасылкі па тэме

1. ЗЬЯЎЛЕНЬНЕ ГЕРОЯ N3. Цікавая рэцэнзія на 3-ці нумар часопіса (1999 г.)

2. Старонка з архівам часопіса 1998-2008 гг. 

3. Сучасны сайт часопіса  

4. Валер Булгакаў: Жанчына паглядзела на мяне, усміхнулася і кажа: «Ну, наверное, у вас высшее образование!»

5. Валер Булгакаў вярнуўся ў краіну, часопіс «Arche» аднаўляе выхад