У 1997 годзе выходзіць «Народны альбом» – супольны музычны праект, над якім працавалі амаль усе зоркі беларускага року 90-х. Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Кася Камоцкая, Анатоль Додзь, Аляксандр Памідораў, Піт Паўлаў, Зміцер Вайцюшкевіч і ячшэ амаль два дзесяткі творцаў разам зрабілі cуцэльны альбом-п’есу, дзеянне якой разгортваецца ў заходнебеларускім мястэчку ў 20 – 30-я гады ХХ стагодзя.

3

Афіша юбілейнага канцэрта «Народнага альбома», 2007 год.

Але «Народны альбом» – гэта не проста прадукт калектыўнай творчачасці, гэта нават не проста першы «беларускі мюзікл», напоўнены іроніяй і жартамі, гэта перадусім з’ява, якая пацягнула за сабой вялікія змены ў беларускай музычнай прасторы. Пра стварэнне культавага праекта мы пагутарылі з мастаком і паэтам, ідэйным натхняльнікам і аўтарам большасці тэкстаў «Народнага альбома» Міхалам Анемпадыставым і музыкамі Лявонам Вольскім і Аляксандрам Памідоравым.

З чаго пачынаўся «Народны альбом» 

1m«Пачалося ўсё ў годзе 83-м, калі я пабачыў класны фільм паводле рамана Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», дзе ўсе героі ходзяць у стылёвых строях: брылеўках, гальштуках ды камізэльках, – распавядае адзін са стваральнікаў «Народнага альбома» Міхал Анемпадыстаў. – Гэты фільм мяне натхніў, і нарадзілася песня «Настаўнік Рагойша». Дакладней, 8 радкоў з гэтай песні, а рэшту тэкста я дапісаў толькі ў 90-я. Тады таксама з’явілася ідэя зрабіць нейкі праект пра міжваенны час у Заходняй Беларусі, пра несавецкую Беларусь».

Але паміж з’яўленнем ідэі праекта і пачаткам працы над ім, як гэта часта бывае, пройдзе шмат часу. У 1994-м Міхал Анемпадыстаў піша тэксты «Аліцыя», «Болек і Лёлек», «Майская песня», «ЛаЛаЛаЛа», якія потым войдуць у «Народны альбом». У той жа час Міхал стварае тэксты для гурта «Новае Неба», заснаванага Касяй Камоцкай яшчэ ў 1991 годзе. Але новыя песні ўжо не адпавядаюць характару «Новага Неба». Тады, як кажа Анемпадыстаў, і ўзнікла ідэя стварыць новы супольны музычны праект.

Анемпадыстаў, які стаў аўтарам амаль усіх тэкстаў «Народнага альбома», паклікаў на дапамогу Лявона Вольскага, Касю Камоцкую, Анатоля Додзя (гукааператара), і ў выніку ў 1996 г. склалася канцэпцыя праекта і пачалася праца над ім.

Канцэпцыя «Народнага альбома»

«Народны Альбом» распавядае пра людзей, якія жылі ў памежным беларускім мястэчку ў трыццатыя гады ХХ стагодзя. Альбом – пра ўспрыманне свайго «становішча» паміж Захадам і Усходам, пра гісторыю існавання несавецкай беларускай культуры і яе сінтэза альбо канфлікта з культурамі польскай, габрэйскай, расейскай. Нягледзячы на далёкі час, аповед успрымаўся як нешта актуальнае і ў 90-я, гэтак жа ён успрымаецца і сёння.

p«Кожная песня – гэта асобная карцінка, якая раскрывае розныя бакі жыцця ў той час, – кажа музыка і шоумэн Аляксандр Памідораў, які таксама прымаў актыўны ўдзел у працы над «Народным альбомам». – Гэта квінтэсенцыя падзей 30-х, якія так актуальны. Бо зараз, як і тады, мы жывем як кантрабанда паміж уладамі і мусім неяк выжываць»

Аўтары хацелі, каб песні ўспрымаліся як калісьці пачутыя, нібыта яны іх не прыдумалі, а знайшлі. Таму праект і атрымаў такую назву – «Народны альбом».

Легенда «Народнага альбома»: Тэксты песень з альбома – гэта здабытак кшталту знакамітага «Полацкага сшытка». Нібыта пад Ракавам быў знойдзены сшытак 20-30-х гадоў. У ім былі страчаныя аркушыкі са словамі, і музыкам даводзілася іх аднаўляць. Згодна з легендай, увесь «Народны альбом» – стоадсоткавая рэканструкцыя народнай творчасці.

Гісторыя тэкстаў «Народнага альбома»

«Песні пісалі па-рознаму. «Настаўнік Рагойша» пісаўся амаль 15 гадоў, а «Ja spiewam po polsku» напісаў за 2-3 хвіліны, – распавядае Анемпадыстаў. – Шмат якія песні выдуманыя разам з героямі і сітуацыямі, а пасля я даведаўся, што нейкім містычным чынам такое сапраўды было ці ёсць. Чалавек толькі рэтранслюе тое, што надыктоўваецца  яму звыш».

Акрамя 24 аўтарскіх песень у альбом увайшлі дзве народныя. Гэта яўрэйская песня «Lomir zich iberbetn» і беларуская паваенная «Надзенька».

«Ну сапраўды ж цікава, што ў «Народным альбоме» стоадсоткава народных песень толькі дзве, – кажа Памідораў. – А астатнія – словы Анемпадыстава, музыка Лявона і Касі. Іх «народнасць» будавалася на легендзе, якую пасля самі творцы і знішчылі».

lЯк стваралі альбом

Непасрэдна сам працэс працы над альбомам пачаўся ў 1996 годзе. Пасля рэферэндума 1996 года ўсе неабыякавыя людзі знаходзіліся ў стане дэпрэсіі і роспачы. Пад стаць настроям людзей была і музыка, якая мела рэвалюцыйны пасыл і пры гэтым была цалкам прасякнутая пачуццём безвыходнасці.

«Дэмакратыя скончылася, пасля рэферэндума быў час абсалютнай фрустрацыі сярод нашай тусоўкі. Ніхто не верыў, што гэты абсурд будзе надоўга, – распавядае Лявон Вольскі. – Гэта быў суцэльны дэпрэсняк. Было незразумела: ці валіць адсюль, ці заставацца і нешта рабіць».

1 верасня 1996 года спыніла сваю дзейнасць легендарнае «Радыё 101,2», але гукі музыкі ў яе студыі на вуліцы Рэвалюцыйнай не сціхлі. У вольнай студыі ў лістападзе 1996 г. беларускія музыкі пачалі працаваць над стварэннем «Народнага альбома».

«Штотыдзень збіраліся Лявон і Міхал як асноўныя творцы, – узгадвае Памідораў. – Лявон Артуравіч прападаў на працы над альбомам практычна штодзённа, нягледзячы на любыя цяжкасці жыцця. Штотыдзень людзі збіраліся, раіліся, як выкруціць сюжэт. Гэта пры тым, што кожны меў асноўную працу. Падчас запісу альбома пахлопвалі і падтопвалі не толькі музыкі ды супрацоўнікі «Радыё 101,2», але і ахоўнікі студыі разам з левымі людзьмі. Я заходзіў да іх і спаіваў, дражніў іх каньяком. Так ці інакш у працэсе стварэння альбома прыняло ўдзел каля 25 чалавек».

Лявон Вольскі, у сваю чаргу, так узгадвае працу над праектам: «Народны альбом аб’яднаў абсалютна розных людзей, якія гралі ў розных кірунках. Ніхто не баяўся рабіць нешта дурнаватае. Міхал пісаў проста бесперапынна паміж асноўнай працай і працай над праектамі; я думаю, ён не вельмі гэтыя тэксты і рэдагаваў. Нашай задачай было не сапсаваць ягоныя тэксты сваімі трыма акордамі. Усё рабілася так па-дурному, часам гралі цалкам крыва, не парыліся наконт таго, як будзе гучаць тая ці іншая музыка. Усё было вельмі разняволена. Гэтая разняволенасць, пэўна, і дапамагла нам трымацца разам. Не было нейкай арганізаванай працы, запісвалі музыку паасобку, той прыйдзе – запішацца, пасля другі заскоча».

«Мы не ставілі вялікіх мэтаў, – распавядае Анемпадыстаў. – Усё стваралася само па сабе: адна песня цягнула за сабою іншую, гэта была чыстая творчасць у класічным сэнсе, калі «несла-несла й прынесла». Вядома, што некаторыя рэчы мы прадумвалі, крыху карэктавалі, глядзелі, як усё спалучаецца. Я думаю, ён атрымаўся актуальным, бо мы рабілі для сябе, без аглядкі на тое, як будзе ўспрымацца, і гэта абсалютна слушны падыход».

…І як альбом «збіралі»

Анемпадыстаў: «Толькі запіс рабіўся год. Бо песні паўставалі не адначасова, і абсталяванне было не зусім тое – музычныя студыі на радыё не прыстасаваныя для запісу музыкі».

Вольскі: «Зводзіў Анатоль Додзь на эфірным камп’ютары, не прыстасаваным для запісу такіх прац. Ён са скуры вылазіў, каб гэтыя трэкі зміксаваць. Тое, што ў яго атрымалася зрабіць, – сапраўдны цуд».

Памідораў: «Яшчэ цікавостка ў тым, што «Народны альбом» запісаны адным вялікім трэкам, у якім адна песня пераходзіць у іншую. Гэта толькі зараз песні нехта падзяліў і зрабіў асобнымі трэкамі. Падчас запісу альбома, калі ўжо працавалі над другім бокам касеты (запісвалі тады на касеты), вакол панавала такая дзіўная атмасфера нейкага прадчування, што ніхто нічога сказаць не мог. Песня заканчваецца, ідзе фэйдаут, а націснуць кнопку «стоп» не хапае сілы. У выніку выключылі магнітафон, але рука ўжо не падымалася ўсё гэта зматаць. Быў момант ступару. Нас там чалавек восем, усе глядзяць адзін на аднаго, а сказаць нічога не могуць. Калі праслухалі ўсё цалкам, то зразумелі, што намалявалі нейкую карціну. Доўга пераглядаліся, а пасля нехта сказаў: “Ну, хто пойдзе за каньяком?”».

Уся праца над альбомам была скончаная ў снежні 1997 годзе. У альбом патрапілі 27 песен.

 

Змест альбома:
1. «Пад прыгнётам панскім»
2. «Маладое піва»
3. «Ать-два левой»
4. «Край ты мой, край»
5. «Матка Боска Вострабрамска»
6. «Эх, змагаліся…»
7. «Кантрабандыст»
8. «Два польскіх шпіёны»
9. «Настаўнік Рагойша»
10. «Lomir zich iberbetn»
11. «Крэўская полька»
12. «Я, дажалю, ня пан»
13. «Адэлька»
14. «Аргентынскае танга»
15. «Мой паляўнічы»
16. «Юзік»
17. «Казік»
18. «Бойка на лузе»
19. «Ja spiewam po polsku»
20. «Аліцыя»
21. «Ать-два правой»
22. «ЛаЛаЛаЛа»
23. «Дарагія маі масквічы»
24. «Надзенька»
25. «Сьнежань, студзень і люты»
26. «Майская песьня»
27. «Простыя словы»

Спіс удзельнікаў:

1. Міхал Анемпадыстаў: ідэя і канцэпцыя альбома, тэксты – збор і апрацоўка, укладанне альбома, графічны дызайн, рэчытатыў (7), дадатковы спеў (26)
2. Лявон Вольскі: спеў (1-4, 6, 8, 9, 11-13, 16-22, 26, 27), рэчытатыў (7), акустычная гітара (2, 4, 6, 11-13, 16, 17, 19, 22, 26), электрычная гітара (25), бас-гітара (11), бубны (11), Kurzweil-2000 (1, 2, 5, 7, 8, 20, 25)
3. Кася Камоцкая: канцэпцыя альбома, спеў (1, 4, 7, 8, 15, 20, 23, 26), гітара (15, 23)
4. Анатоль Додзь: канцэпцыя альбома, гукарэжысура (1-14, 16-23, 25-27), мастэрынг, укладанне альбома, дадатковы спеў (21)
5. Сяргей «Шлёма» Лабандзіеўскі: гукарэжысура (10, 15, 24), дадатковы спеў (2, 3, 13, 26), голас камісара (3, 21)
6. Зьміцер Вайцюшкевіч: спеў (14), кларнэт (10), флейта (5, 22), Kurzweil-2500 (14)
7. Вераніка Круглова: спеў (5)
8. Ірына Курапаткіна: спеў (25), дадатковы спеў (23, 26), рытмовае плясканне (18)
9. Аляксандар Памідораў: спеў (10), акустычная гітара (10), дадатковы спеў (13)
10. Inkognito: спеў (24)
11. Сяргей Ахрамовіч: баян «Мелодия» (2, 11, 13, 22, 26), дадатковы спеў (2, 20, 21, 26)
12. Юлія Глушыцкая: віяланчэль (4, 7)
13. Алег «Алезіс» Дземідовіч: бубны (4, 11-13, 22, 26, 27), дадатковы спеў (22)
14. Юрась Ляўкоў: бас-гітара (4, 11-13, 22, 26)
15. Піт Паўлаў: акустычная гітара (12, 27), дадатковы спеў (22)
16. Слава Корань: электрычная гітара (8), дадатковы спеў (8)
17. Дзяніс Архіпаў: кантрабас (10)
18. Вольга Бабак: дадатковы спеў (9, 26), рытмовае плясканне (18)
19. Вольга Караткевіч: дадатковы спеў (9, 26)
20. Генадзь Кеснер: дадатковы спеў (2, 3, 20, 21, 26)
21. Алесь Ляшкевіч: дадатковы спеў (3, 21, 26)
22. Юры Каролік: дадатковы крык (2, 26)
23. Каймар Ягер: фота
24. Кляўс Зэмдэта: мадэль
25. Ўлад Казаноўскі: графічны дызайн

 Выданне і прэзентацыя «Народнага альбома»

Памідораў: «Бацька Лявона ў тыя часы працаваў у ТЮГ (Тэатр юнага гледача), што давала магчымасць зрабіць там канцэрт-прэзентацыю, дакладна насупраць тагачаснай рэзідэнцыі Лукашэнкі. Нам далі дзень перад самым Новым годам – 28 снежня.

Тады ўсе выдаваліся ў адным месцы – «Каўчэг». Міхал зрабіў дызайн, адпісалі наклад касет. Колькасць ніхто зараз не памятае, але дакладна няшмат. Гэта быў лістапад, канцэрт у снежні, часу больш за месяц. Праходзяць тыдні, і ўзнікае пытанне: калі ўжо пабачыць свет наклад? Нам абяцаюць справіцца хуткім часам, але праходзіць ізноў тыдзень, а выніку ніякага. Нічога няма, слухаўкі не здымаюцца. Вырашылі зайсці да іх на офіс, бо бачылі, што святло там гарыць. Сітуацыя выглядала так: зала, невялікі пакойчык з магнітафонамі. Сядзяць людзі з сумнымі тварамі, перад імі раскладзена газетка на століку, а на ёй выпіўка і закуска. Гучыць «Народны альбом».
– Дзе тыраж? – пытаемся.
– Няма.
– Дык а што такое, канцэрт на носе.
– Ну мы не можам, не атрымліваецца ў нас.
– Чаму?
– Мы ставім на запіс альбом, а пасля плачам і ідзем за гарэлкай. Мы пераслухоўваем, перамотваем на пачатак, зноў пераслухоўваем і ізноў плачам.

У выніку касеты з’явіліся толькі падчас канцэрта, перад другім аддзяленнем. Сабралася поўная-поўная заля ТЮГа. Мы пачыналі прэзентацыю, а касет у продажы яшчэ не было. Пасля прынеслі ці 50, ці 60 касет, якія расхапілі адразу». 

Значнасць «Народнага альбома»

Вольскі: Мы імкнуліся стварыць заходнебеларускі міт. Звычайна ў нас кожны б’ецца сам за сябе. А тут усе інтэгрыраваліся пад адзінай ідэяй і стварылі нешта немагчымае, што ніяк нельга зрабіць у нашых умовах.

Анемпадыстаў: Тады мы рабілі ўсё абсалютна бясплатна, зараз бы мы такі праект не паднялі б, бо ўсё робіцца за грошы. Мы ні ў што не ўклалі ніводнай капейкі. Дапамагаў нам у рэалізацыі праекта фонд «Наша Ніва».

Па-першае, «Народны альбом» – гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якое нясе ў сабе жыццё. Мэтай альбома было задаць перспектыву і каштоўнасць любові як стваральнага фактара. Гэта альтэрнатыва змагарству дзеля змагарства і таму негатыву, які вакол нас існуе, а часам намі ж самімі і ствараецца. Па-другое, вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву, замест дэпрэсіі – надзею. «Народны альбом» аптымістычны і вітальны. Па-трэцяе, «Народны альбом» паказаў, якой можа быць несавецкая Беларусь. А яшчэ ён дазволіў музыкантам выйсці за межы звыклага. Яны пачалі эксперыментаваць. Гэта для беларускай музыкі было вельмі прадуктыўна. Мы змянілі гэтую заіржавеласць у фарматах і выкананнях».

відэаАдзіны прафесійна зроблены запіс выступу «Народнага альбома». Канцэрт адбываецца ў сценах барбакану (частцы ўмацаванняў) старажытнага Кракава ў 1999 годзе спасылкі па тэме

  1. Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола 
  2. «Народнаму альбому» – 15 гадоў 
  3. Фільм пра стварэнне альбома