Тое, што імя Марка Шагала вядома ўсім беларусам, зараз не выклікае ніякага здзіўлення. Але яшчэ 25 год таму ён быў не проста «не нашым» мастаком, яго імя насіла на сабе добрую цень паклёпу. Шагал быў «французскім» мастаком, «сіяністам», цалкам чуждым ідэалогіі тады яшчэ савецкай Беларусі.

У 1987 годзе абкам і гаркам КПБ забараняе вечар у гонар 100-годдзя Шагала, але ўжо праз 10 год адкрываецца яго Дом-музей, а Лукашэнка вітае ўдзельнікаў Шагалаўскіх чытанняў. У 1997 адбылося тое, што не магло не адбыцца: у Беларусь вярнуўся «музеяфіцыраваны» Шагал. Дом-музей укараніў усведамленне таго, што Шагал – наш, а Беларусь не такая ўжо і «зацюканая», раз нарадзіла свету генія.

У тым, як адбывалася змаганне за вяртанне Шагала ў Віцебск, адкрыццё яго Дома-музея, а таксама ў цяжкасцях, якія сустрэліся падчас рэстаўрацыі і збору экспазіцыі, нам дапамагалі разабрацца кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Лісаў і Людміла Хмяльніцкая, дырэктарка Дома-музея Шагала.

шагал

Змаганне за Шагала

У 1987 годзе ў Віцебску ціха існуе сабе клуб «аматараў краязнаўства» на чале з Аркадзем Падліпскім, які да 100-годдзя са дня нараджэння Шагала вырашае правесці вечар і ўзгадаць добрым словам імя майстра. Але абкам і гаркам КПБ не толькі забараняюць вечар, але да ўсяго іншага пасля пачынаюць мэтанакіравана клуб гэты развальваць. Гэта было «кропляй у моры», якая дала зразумець, што Шагал не забыты і памяць пра яго аб’ядноўвае людзей.

ls Нягледзячы на змены ў стаўленні да Шагала і ўспрыманні яго як беларускага мастака, не ўсе нават нацыянальна накіраваныя суполкі прымалі яго як адэпта беларускай культуры. Аляксандр Лісаў, дацэнт мастацтвазнаўства, расказвае: «У 80-я ўзнікла група людзей, арыентаваная на нацыянальныя каштоўнасці, і, што дзіўна, гэта група ад тэмы Шагала мэтанакіравана катэгарычна дыстанцыявалася. Яны казалі, што ў іх суполкі хапае спраў, звязаных з беларускай культурай, а Шагал – гэта культура яўрэйская».

Ужо з 1987 года энтузіясты пачынаюць бясконца паўтараць думку, што Шагала на Радзіму трэба вярнуць! Але з самага пачатку ўзнікалі пытанні, якім чынам увекавечыць памяць мастака. У выніку вырашаюць спыніцца на музеі.

З інтэрв’ю Давіда Сімановіча – пісьменніка і журналіста, стваральніка Шагалаўскіх камітэтаў у Віцебску і Нінбурге: «3 марта (1987 года – заўв. рэд.). В большом зале обкома – пресс-конференция. Первый секретарь обкома Григорьев отвечает на вопросы журналистов, собранных со всей области. Отвечая на первый же вопрос о шефстве города над селом, он вдруг почему-то переходит на Шагала. По его словам, Шагал нас «политически не устраивает», он «сионист», «возглавлял самое реакционное крыло сионизма», «расписал кнессет», «ни одного доллара, ни одной картины Витебску не дал», «как можно отмечать столетие, что скажут арабы, они тут же пришлют ноту протеста» и «о каком музее может идти речь», «так еще кто-нибудь предложит поставить памятник Гитлеру».

hmДа 1991 года грамадскасць сапраўды «прабівала» тэму Шагала. Дырэктарка Дома-музея Шагала Людміла Хмяльніцкая ўзгадвае: «Вазьміце газеты 1987 года: вы пабачыце, што, калі па ўсім свеце святкавалася стагоддзе са дня нараджэння мастака, у Беларусі праходзіла антышагалаўская кампанія. Семановіч стварыў «Шагалаўскі камітэт», які прыцягваў увагу беларускіх пісьменнікаў. У 1987-м, калі ўзнялося шагалаўскае пытанне, усе тыя людзі, якія ім займаліся, адчувалі на сабе сапраўдны ціск. І цяжка было ўявіць, што праз 4 гады гарвыканкам прыме рашэнне пра стварэнне музея».

У кастрычніку 1988 года Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Андрэй Вазнясенскі і Давід Сімановіч (стваральнік «Шагалаўскага камітэта») у адкрытым лісце ў рэдакцыю газеты «Советкая культура» востра ўзнялі пытанне аб увекавечанні памяці Марка Шагала ў ягоным родным горадзе, і ў прыватнасці ў Доме на Пакроўскай, дзе жыў мастак. Ужо ў 1991-м былі зладжаныя першыя Шагалаўскія дні ў Віцебску. Тады ж Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб адкрыцці на вуліцы Пакроўскай Дома-музея, а таксама помніка і мемарыяльнай дошкі.

Зрухі насустрач ініцыятыве былі зробленыя, але час праходзіў, а рашэнне так і заставалася толькі падпісанай паперкай. Лісаў кажа: «У 1992 годзе ў Віцебску адбывалася вялікая канферэнцыя з удзелам замежных гасцей, прымеркаваная да дня нараджэння Шагала. Канферэнцыя была, а Дома-музея фактычна і не было, быў пакойчык, які пагадзіўся вылучыць гаспадар, які жыў на той момант у Доме. Ён упусціў у свой дом і дазволіў зрабіць невялічкую экспазіцыю».

Заг. музеем Віцебска Базан, пісьменнік  Васіль Быкаў і паэт Рыгор Барадулін у выставачнай залі музея падчас правядзення Шагалаўскіх дзён

Пісьменнік Васіль Быкаў і паэт Рыгор Барадулін у выставачнай залі музея падчас правядзення Шагалаўскіх дзён

Праблемы рэстаўрацыі Дома-музея

Людміла Хмяльніцкая ўзгадвае: «Перад тым, як пачыналася сама рэстаўрацыя, усім займаліся археолагі і гісторыкі, якія даследавалі месца, пасля працавалі архітэктары і толькі пры канцы Домам заняліся будаўнікі. Гэта ўсё вымагала вялікай працы, часу і сродкаў, якіх заўсёды не хапала».

Аляксандр Лісаў дадае: «У свой час аспрэчваўся нават той факт, што менавіта гэты дом на Пакроўскай належыў сям’і Шагала. І каб даказаць гэты факт кіраўніцтву Віцебска, трэба было знайсці адпаведныя дакументы, якія сведчаць, што дом менавіта гэты».

З-за таго, што ўсе магчымыя дакументы, якія маглі ўтрымліваць звесткі пра дом, знаходзіліся ў мінскіх архівах, навукоўцы, якія займаліся гэтай тэмай, праседжвалі дні, корпаючыся ў сотнях дакументаў.

Другой праблемай было адсяленне людзей, што жылі ў тым Доме. Гэта была яўрэйская сям’я Мейцыных, якая нібы кансервавала асаблівасці яўрэйскага быту і духу гэтага дома. Ім трэба было даць кватэры – і добрыя кватэры, бо на іншае яны не пагаджаліся. Толькі з 1995 года пачаліся работы па стварэнні Дома-музея.

Из автобиографии Марка Шагала «Моя жизнь»: «Все в столице, а я… в Витебске. Я мог бы сутками не есть и сидеть где-нибудь около мельницы, разглядывая прохожих на мосту: нищих, убогих, крестьян с мешками. Или смотреть, как выходят из бани солдаты и их жены с березовыми вениками в руках. Или бродить над рекой, около кладбища…. Витебск – это место особое, бедный, захолустный городишко. Там остались девушки, к которым я не смог подступиться – не хватило времени или ума. Там десятки, сотни синагог, мясных лавок, прохожих…»

Асобным, не менш важным, пунктам было вяртанне вуліцы яе першаснай назвы, якую ўзгадваў у сваёй аўтабіяграфіі Шагал, а менавіта «Пакроўская». У 90-х яна называлася вуліцай Дзяржынскага, пасля яе перайменавалі ў вуліцу Шагала, і атрымалася так, што Шагал нібыта жыў на вуліцы Шагала. Грамадскасць была ў абурэнні і патрабавала вярнуць гістарычную назву вуліцы, што ў выніку і зрабілі.

Праблематычным было і само стварэнне экспазіцыі, бо нічога аўтэнтычна шагалаўскага ў Віцебску не было, як і дакументальных матэрыялаў, па якіх можна было ўзнавіць унутранае аздабленне пакояў Дома. Юрый Чарняк, які займаўся экспазіцыяй музея, вымушаны быў кіравацца старымі фотаздымкамі і работамі Шагала, на якіх адлюстроўваліся куткі пакояў.

Стварэнне экспазіцыі

У 1991-м у Віцебску павінна была адбыцца вялікая выстава прац Шагала, але адпаведнай пляцоўкі знайсці не маглі. Тады вырашылі скарыстацца гарадской выставачнай залай, у якой пасля захоўваліся і выстаўляліся пэўныя часткі экспазіцыі. У будучыні з гарадской выставачнай залы быў створаны арт-цэнтр Шагала, які зараз з’яўляецца філіялам Дома-музея і ў якім праводзяцца графічныя выставы мастака.

Людміла Хмяльніцкая кажа: «У арт-цэнтры спачатку не было ўвогуле нічога, што тычылася б Шагала, акрамя выразкі з часопіса «Аганёк». Вялася вялікая праца, каб пачаць збіраць яго работы і адлюстраваць яго жыццё ў экспазіцыі. Не было зусім нічога, акрамя невялічкіх інсталяцый, прысвечаных Шагалу».

Так і збіралі «з міру па нітцы». Лісаў сцвярджае, што «у сясцёр Шагала, з іх словаў, была аўтэнтычная мэбля, якая належыла бацькам. Яны нават прапаноўвалі, каб актыў набыў гэтую мэблю, але ў горада, вядома ж, грошай не было. А ўнучкі аказаліся больш прагнымі за калекцыянераў і дарыць мэблю не сталі». Таму практычна ўвесь інтэр’ер Дома-музея закупалі проста ў антыкварных крамах, а з аўтэнтычнага ёсць толькі посуд і некалькі сапраўдных экспанатаў з дома Шагалаў, якія былі падараваныя пляменніцай мастака. Нягледзячы на гэта, музей імкнуўся стварыць атмасферу і трапіць у той сацыяльны ўзровень часу, у якім жыў Шагал.

Грошай на творчасць Шагала ў дзяржавы як не было, так і няма: што тычыцца работ Шагала, то 100 % з іх былі падараваныя. Сярод тых, хто дапамог музею падарункамі, былі дачка мастака, Іда Шагал, яго ўнучкі Бэла Мэйер і Мерэ Мэйер-Грабер, доктар Генрых Мендаль, Гэнтар Комаскі, «Круг содействия “Дом-музей Шагала в Витебске”» (г. Нінбург, Германія), Андрэй Вазнясенскі, Яўген Яўтушэнка…

Без іх, пэўна, музея б і не было.Хмяльніцкая кажа, што ў асноўным грошы на музей выдаткоўвала дзяржава, але была вельмі істотная дапамога з Германіі. Але Лісаў узгадвае: «Грошы, якія былі выдаткаваныя з гарадскога бюджэту Віцебска, не пакрывалі нават паловы прац па рэстаўрацыі».

Адкрыццё Дома-музея

Прайшло 6 год пасля рашэння пра стварэнне Дома-музея, набліжалася 6 ліпеня, святкаванне 110 гадавіны Марка Шагала. І тут гарвыканкам зацвердзіў праграму яе святкавання, у якой адным з галоўных пунктаў стаяла адкрыццё Дома-музея. І, як пісалі СМІ, пытанне паўстала наступным чынам: ці прыняць макет і адкрыць музей да юбілея, ці «зарубіць» і «опозориться на весь мир». У выніку макет прынялі: «У маі будынак стаіць яшчэ без даху, а ўжо 6 ліпеня лікуе і весяліцца ўвесь народ, – узгадвае Хмяльніцкая. – Тое, што музей адчыніўся толькі праз 6 год пасля рашэння аб яго стварэнні, было не праблемай бюракратыі: справу запавольвалі даследаванні».

Людзей на адкрыццё прыйшло шмат, пачынаючы ад творчай інтэлігенцыі і заканчваючы дыпламатамі і кіраўніцтвам гораду. Весяліў і адпачываў «просты» і «няпросты» люд разам з козамі і канямі, яўрэямі і скрыпачамі, якіх адмыслова «ажывілі» і зацягнулі на свята з работ Шагала.

 «Першы наш кантакт з нашчадкамі Шагала якраз і адбыўся ў 1997 годзе, калі на адкрыццё прыехала яго ўнучка. Практычна ў той самы час у Беларусь першы раз прывезлі работы Шагала з Францыі, і, калі іх забіралі з Віцебска, да нас завітала і другая яго ўнучка. Яны адмыслова дамовіліся зрабіць так, каб пасля параўнаць уражанні ад пабачанага. У выніку яны на сваім сямейным савеце вырашылі нам дапамагаць. 50 адсоткаў нашай калекцыі – гэта іх падарункі», – кажа Людміла Хмяльніцкая.

Што ўяўляе сабой Дом-музей зараз?

Зараз Музей мае 30 тысяч наведвальнікаў у год. «У выніку таго, што мы так позна стартавалі, калекцыя наша – на 100 адсоткаў падарункі. У нас ёсць графічныя работы Шагала, літаграфіі, афорты і тое, што робіцца мастаком не ў адным экзэмпляры», – тлумачыць Людміла Хмяльніцкая.

Дом-музей складаецца з шасці пакояў, якія адноўленыя па малюнках Шагала – «дакументах», як ён іх сам называў. Першы пакой – уваход з вуліцы, дзе месцілася бакалейная крама. Менавіта яна была асноўнай карміцелькай вялікай шагалаўскай сям’і. Другі пакой – жылы. Яго рэканструявалі як дзіцячы. З гэтага памяшкання ўваходзім у залу. Далей трапляем на кухню і да выхада ў двор. Экспазіцыя музея практычна не цярпела зменаў з 1997 года.

Музей стаў культурніцкай пляцоўкай, дзе ладзяцца не толькі тэматычна шагалаўскія мерапрыемствы, але і імпрэзы абсалютна рознага кшталту, пачынаючы ад мастацкай школы і заканчваючы мастацкімі акцыямі па падтрымцы бяздомных жывёл.

Стан з фінансаваннем не палепшыўся: «Мы не можам дазволіць сабе набываць нават самыя танныя работы Шагала. Бюджэту хапае толькі на выплату заробкаў, выдаткаў за камунальныя паслугі і мізэрныя рамонтныя працы», – сумна заканчвае Людміла.

Значнасць стварэння Дома-музея

Дырэктарка Дома-музея Шагала Людміла Хмяльніцкая кажа: «Адбылося тое, што не магло не адбыцца. Раней ці пазней гэтыя штучна стрыманыя рэчы знаходзяць выйсце. Безумоўна, напачатку існавала сітуацыя, якая палітычна стрымлівала і прапагандавала, што Шагал – яўрэй, француз, не сацрэаліст, увогуле не наш чалавек і яго музею ў Беларусі не быць!

Канечне, мы спазніліся. Калі б музей быў створаны яшчэ ў той час, калі жыў Шагал, а жыў ён вельмі доўга, тады мы мелі б зусім іншы музей са значнай большай колькасцю ягоных работ. Усё ж такі дзякуючы музею людзі могуць пранікнуцца той атмасферай, у якой жыў мастак, пабачыць на ўласныя вочы некаторыя з яго работ і, безумоўна, стаць на крок бліжэй да аднаго з самых папулярных мастакоў света».

Газеты таго часу

Народная газета №134, 9 ліпеня 1997

Народная газета №134, 9 ліпеня 1997

Народнае слова №6, люты 1997

Народнае слова №6, люты 1997

Работа Шагала «Юбилей» займае 4 месца ў спісе самых дарагіх карцін «рускіх» мастакоў. Яна была прададзеная за 16,3 млн даляраў. Карціна Марка Шагала «Бестыярыюм і музыка» стала самым дарагім творам заходняга мастацтва XX стагоддзя, прададзеным на азіяцкім аўкцыёне. У кастрычніку 2010 года на таргах у Сеуле твор пайшоў з малатка за 3,7 млн даляраў. Самая вялікая калекцыя работ Шагала знаходзіцца ў музеі сучаснага мастацтва Жоржа Пампіду ў Парыжы.

спасылкі па тэме

1. Сайт Дома-музея Шагала ў Віцебску 

2. Аутабіяграфія Марка Шагала «Моя жизнь»