«Менская вясна» – гэта шэраг палітычных акцый беларускай апазіцыі ў перыяд з сакавіка па чэрвень 1996 года. У гэтым годзе страсці ў палітыцы асабліва напаліліся, і дэманстрацыі былі па-сапраўднаму масавымі і частымі. Здарыліся першыя крывавыя сутычкі з міліцыяй, з’явіліся першыя палітвязні, першыя палітэмігранты. А «Чарнобыльскі шлях-96» стаў самай буйной пратэстнай акцыяй у найноўшай гісторыі Беларусі.

foto_1

Прычыны Менскай вясны

Эканамічныя праблемы і крызіс самасвядомасці на пачатку 90-х, выкліканыя развалам СССР, адправілі беларусаў у зацяжны стан шоку. Масла ў агонь падліла інтэнсіўная беларусізацыя і рэзкая змена дзяржаўнай ідэалогіі. Большасць людзей, якія нарадзіліся ў СССР і выраслі на савецкай прапагандзе, не былі гатовыя да гэтага. З іншага боку, значная частка грамадства вітала перамены і нацыянальны ўздым, рост колькасці беларускамоўных школ, новыя дзяржаўныя герб і сцяг, прынятыя ў 1991 годзе.

Грамадскі канфлікт перарос у палітычны – у супрацьстаянне паміж прэзідэнтам і парламентам, – калі на выбарах 1994 года Лукашэнка стаў прэзідэнтам. Напружанне ў грамадстве ўзрастала. Людзі пачалі масава выходзіць на пратэстныя акцыі.

Karbalevich«Як часта бывае, сышліся адразу некалькі фактараў,распавядае пра прычыны пратэстаў палітолаг Валер Карбалевіч. – Па-першае, накапіўся пратэстны патэнцыял. Не толькі адкрытыя праціўнікі Лукашэнкі выступалі супраць яго, але і значная частка людзей, якія расчараваліся ў нявыкананых абяцаннях. Другі фактар ​​– зручная нагода. «Чарнобыльскі шлях» і Дзень Волі – традыцыйныя мерапрыемствы, якія на пачатку 90-х штогод збіралі вялікую колькасць людзей. А яны, як вядома, адбываюцца менавіта ўвесну.

У 1996 годзе да гэтага прымяшалася заява Лукашэнкі аб аб’яднанні з Расіяй – трэці фактар. Калі было падпісана пагадненне аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, Лукашэнка заявіў пра стварэнне адзінай дзяржавы (праўда, Ельцын яго абверг, але тым не менш гэта прагучала). У Расіі ў гэты час павінны былі быць прэзідэнцкія выбары, і Лукашэнка не хаваў сваіх амбіцый паўдзельнічаць у іх, каб стаць на чале аб’яднанай дзяржавы. Нагадаю, у гэты час у Расіі ішла чачэнская вайна, гінулі салдаты. Пагроза таго, што беларусы могуць узяць удзел у гэтай вайне, натуральна, напалохала людзей».

Храналогія асноўных падзей Менскай вясны

Менская вясна – гэта вялікая колькасць пратэстных акцый, затрыманняў, ператрусаў ды іншых падзей. Мы выбралі з іх найбольш буйныя і значныя – тыя, дзякуючы якім пратэсты вясны 1996 года застануцца ў гісторыі. Гэта Дзень Волі, пратэсты супраць Дамовы пра ўтварэнне Саюза Расіі і Беларусі, Дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны і, вядома, Чарнобыльскі шлях. Ніжэй храналогія гэтых падзей і асноўныя факты. Гэта ўрывак з кнігі «Менская вясна 1996» (рэдактар – Сяргей Дубавец):

«24 сакавіка, Дзень Волі, Менск. Масавае несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Незалежнасьці і мітынг каля Опэрнага тэатру, арганізаваныя БНФ. Удзельнічаюць ад 20 да 30 тысячаў чалавек, якія скандуюць лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Незалежнасьць!», «Далоў Лукаша!». На мітынгу на прапанову Сяргея Антончыка ўдзельнікі зьбіраюць грошы «на білет Лукашэнку да Масквы». Апазыцыя спрабуе дамагчыся тэлевізійнага эфіру каля будынку Тэлерадыёкампаніі. Улады ўжываюць сілу.
2 красавіка, Менск. Па ўсёй краіне праходзяць акцыі пратэсту супраць падпісаньня ў Маскве прэзыдэнтамі Ельцыным і Лукашэнкам Дамовы пра ўтварэньне «Супольнасьці Расеі й Беларусі», у выніку якой для Беларусі значна ўзмацнілася пагроза страты сувэрэнітэту. Тэкст дамовы да апошняга моманту невядомы ні дэпутатам Вярхоўнага Савету, ні народу на вуліцы. Пратэсты беларускай грамадзкасьці паўплывалі на тое, што апошні варыянт Дамовы быў скарэктаваны ў напрамку захаваньня зьнешніх прыкметаў сувэрэнітэту Беларусі.
У шэсьці пратэсту ўдзельнічае да 30 тысячаў чалавек. Мітынг каля Палаца спорту. Галоўны ўдзельнік акцыяў – моладзь ад 16 да 25 гадоў, што характарызуе новы этап разьвіцьця палітычнага працэсу ў Беларусі…
26 красавіка. 10-я ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Менск. Масавае шэсьце па праспэкце Францішка Скарыны ад Акадэміі Навук і мітынг апазыцыйных сілаў. Удзельнічае больш за 50 тысячаў чалавек. Пачатак акцыі адзначаны спаленьнем расейскага сьцягу. На мітынгу апазыцыі выступае Зянон Пазьняк, які нелегальна вярнуўся ў Беларусь (пасьля акцыі ён зноў мусіў пакінуць краіну). Мітынг адзначаны хвілінай маўчаньня ў памяць пра забітага Джахара Дудаева.
Улады забараняюць акцыю і кідаюць на падаўленьне пратэсту спэцаддзелы: АМАП, спэцназ, армейскія падразьдзелы. Жорсткія сутычкі са спэцназам. Каля 100 чалавек пацярпелі, ёсьць параненыя. Пасьля мітынгу каля Палаца спорту распачаліся арышты. Каля 23 гадзінаў – напад спэцслужбаў на штаб-кватэру БНФ. Затрыманы дэпутат ВС Павел Знавец.
У «Чарнобыльскім шляху» бралі ўдзел прадстаўнікі УНА-УНСО. Напярэдадні адна іхняя група ў 15 чалавек зьнята міліцыяй з цягніка ў Баранавічах. У ліку гэтых людзей – дэпутат украінскага парлямэнту Юры Тыма. Група, што даехала да Менску, арыштаваная там ужо пасьля заканчэньня выступаў апазыцыі.
22 чэрвеня, Дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Менск. Масавае шэсьце апазыцыі, ускладаньне кветак і мітынг. Па ацэнках міліцыі ўдзельнічала каля 15 тыс. чалавек.
Пад залеваю цёплага дажджу кветкі да помніка Перамогі спачатку ўсклалі некалькі соцень афіцыйных дэманстрантаў, пасьля – праз паўгадзіны – шматтысячная калёна дэманстрантаў апазыцыі. Людзі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі правялі свой мітынг каля Опэрнага тэатру. Афіцыйны мітынг, заплянаваны ў парку Горкага, не адбыўся. Так апошняй масавай акцыяй апазыцыі закончылася Менская Вясна 1996 году».

Падрабязную храналогію усіх падзей глядзіце ніжэй (старонкі з кнігі «Менская вясна 1996»):

Успаміны відавочцаў

Сяргей Навумчык, палітык і журналіст. Адзін з каардынатараў мітынгаў Менскай вясны:

Navumchyk_2«У студзені-сакавіку 96-га БНФ правёў некалькі пікетаў, якія палітычнымі аглядальнікамі былі ацэненыя скептычна: усім здавалася, што цэнтар палітычнага жыцьця, як і раней, у Авальнай залі, куды ніводзін з нас, фронтаўцаў, на так званых “выбарах” ня быў прапушчаны. Нашыя пікеты некаторыя ўспрымалі як “агонію мітынговай дэмакратыі”. А гэта, наадварот, было нарошчваньне сілаў для мітынгаў, маштаб якіх шмат для каго быў нечаканасьцю. Старшынём Аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Волі быў Васіль Быкаў, у Аргкамітэт ўвайшлі лідэры практычна ўсіх дэмакратычных партый. Перад мітынгам мы (Быкаў, Пазьняк, Карпенка і я) правялі прэс-канфэрэнцыю, на якой Быкаў проста зьнішчальна ацаніў пляны так званай “інтэграцыі”.

Адзін з самых запамінальных дзён у маім жыцці – гэта Дзень Волі 24 сакавіка 1996 года. Найперш, гэта быў апошні мітынг, які мне давялося весці. А мне давялося весці іх шмат, і практычна на ўсіх апошніх я быў вядучым. Я стаяў на прыступках Опернага тэатра і слухаў, як выступалі самыя розныя людзі і прадстаўнікі самых розных сілаў. І чым больш яны выступалі – і В. Быкаў, і З. Пазняк, і С. Багданкевіч, і дэпутат С. Антончык, і Г. Карпенка, – тым больш мая душа напаўнялася аптымізмам.

А галоўнае, я бачыў дзесяткі тысяч людзей – абсалютна розных узростаў, але якія прыйшлі з адзінай мэтай. Прыйшлі патрабаваць не падвышэння заробкаў. Не ільгот. Яны прыйшлі бараніць сваю дзяржаву і свой нацыянальны гонар. Гэта самая чыстая мэта, якая толькі можа быць. На тым мітынгу і прагучалі словы Пазьняка, якія (я перакананы) у гісторыі застануцца нароўні са словамі Кастуся Каліноўскага пра «калі маскаля над табой ня будзе»: «Ні адна цывілізацыя не загінула ад голаду. Гінулі ад упадку культуры і маралі. Ня бойцеся, калі ня будзе хлеба, бойцеся, калі ня будзе мовы. Бо не эканомікай жыве народ. Народ жыве духам. Народ жыве верай. Народ жыве сэрцам.. І калі яно б’ецца за Бацькаўшчыну, ніякія сілы не перамогуць нас».

Ужо прайшло больш за 17 гадоў. Гэтыя ўспаміны грэюць маю душу, надаюць упэўненасці, што ўсё ў Беларусі яшчэ будзе добра».

Андрэй Шутаў, у 1996 годзе праходзіў тэрміновую службу ў спецыяльным матарызаваным батальёне міліцыі ў Гомелі (Унутраныя войскі МУС РБ):
andrew_3«В те дни мы несколько ночей спали не раздеваясь (напярэдадні Чарнобыльскага шляха – заўв. рэд.). Максимум, что разрешали, – снимать ботинки. Щиты, дубинки и каски лежали под кроватями. На плацу всё это время стоял транспорт с заведенными двигателями, чтобы по первой же команде за несколько часов доставить нас за 300 километров в Минск.
В Минск, слава Богу, выезжать не пришлось. Через некоторое время в расположение части вернулись сослуживцы из патрульных рот, которых откомандировали в столицу заранее: у кого красовался фингал под глазом, у кого была рука сломана, кто ногу за собой волочил. Рассказывали, что гоняли их по Минску, как котов помойных. Самый главный приказ, который им был отдан, – не дай боже, когда их будут оттеснять, потерять что-либо из амуниции: щиты, каски, дубинки, противогазы.
Ни милиция, ни внутренние войска не были обучены в то время действовать в подобных ситуациях. Строй тогда формировался следующий образом: первыми выставляли солдатиков, за ними – омоновцев, а уж только после гражданскую милицию.
Всерьез правоохранительные органы в Беларуси начали обучаться тактике уличных противостояний только после событий весны 1996 года. Собственно, во время тех событий они были никакими. Нынешний политический режим тогда смог устоять только из-за того, что и сами протестующие не знали толком, что делать со своим протестом.
Это уже потом появились байки, что Москва прислала свой отмороженный спецназ, который и навел порядок в Минске. Впрочем, и особые неприятности тогда доставляли не местные протестующие, а приехавшие на подмогу бойцы УНА-УНСО. У меня до сих пор где-то валяется их листовка, в которой, в том числе, приводится инструкция по изготовлению «коктейля Молотова».

Алесь Бяляцкі, праваабаронца, пра «Чарнобыльскі шлях-96»:

Belazki

«Сабраліся дзесяткі тысяч людзей. Над грамадою луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, было шмат транспарантаў і аздабленьня з чарнобыльскімі матывамі. І вось, калі народ рушыў па праспекце Францішка Скарыны ў бок плошчы Перамогі, праспект перагарадзілі машынамі, а міліцыя пусьціла ў ход дубінкі. Разыгралася сапраўдная бойка. Людзі з голымі рукамі адбіваліся ад міліцыянтаў, перакулілі дзьве міліцэйскія машынкі, урэшце прарвалі ланцуг і пайшлі па праспекце. Першапачаткова планавалася правесьці мітынг на плошчы Незалежнасьці, але калі мы дайшлі да цырку, да перасячэньня праспекта Скарыны з вуліцай Купалы, за ёй, крыху вышэй, праспект перагараджваў цэлы натоўп міліцыянтаў у шлемах і з шчытамі. Весьці людзей на іх азначала ўстроіць крывавую бойню. Таму дэманстранты павярнулі па вуліцы Купалы на Нямігу».

Вераніка Трызна, галоўны рэдактар ​​«Інтэрфакс-Захад». Увесну 1996 года працавала шэф-рэдактарам аддзела палітыкі незалежнай газеты «Белоруссия»:
Veronika
«Практикующий политический обозреватель, я была абсолютно на всех митингах и пикетах того времени. Ходила как на работу. Вернее, это и было моей работой. Самое сложное было научиться быстро передвигаться от головы колоны к ее хвосту, чтобы успеть уследить за всем. И диктовать заметку по ходу демонстрации. Это сегодня митинги маленькие, можно за всем с одной верхней точки наблюдать. Тогда журналисту надо было побегать.
Ярче всего запомнился «Чарнобыльскі шлях». Потому что именно с этого шествия мой папа (тоже журналист) не вернулся домой. И мы трое суток искали его по всем РОВД, больницам и моргам. Информации о нем не было никакой. Пришлось воспользоваться связями: позвонила Виктору Гончару, и он, будучи депутатом, легко выяснил, что отец вместе с остальными – участниками и сторонними наблюдателями – сидит на Окрестина. Его «взяли» около «МакДональдса» через час после шествия. Папа, выйдя с Окрестина, долго хвалился тем, что угадал, придя на «шлях» в костюме-тройке. Мол, тем, кто был в джинсах, было неудобно спать на нарах. Запомнилось еще и то, что после истечения срока административного ареста папе вернули все изъятые вещи, кроме шнурков. Он еще шутил, что не хватило веревочек дела подшивать… А потом ему на работу прислали счет за услуги спецприемника».

Чаму Менская вясна не перарасла ў сапраўдную рэвалюцыю?

Нягледзячы на ўсю маштабнасць пратэстаў Менскай вясны, да рэальнага рэвалюцыйнага градуса ім было далёка. Нават самыя смелыя эксперты наўрад ці стануць сцвярджаць, што тады існавала пагроза гвалтоўнага звяржэння рэжыму Лукашэнкі. Што яшчэ ледзь-ледзь – і пратэсты б перараслі ў рэвалюцыю. Чаму? Сяргей Навумчык, адзін з каардынатараў мітынгаў той пары ды адзін з лідараў апазіцыі, сцвярджае, што тады яшчэ існавала магчымасць адхіліць Лукашэнку ад улады мірным, парламенцкім шляхам. На такую ​​магчымасць і зрабіла стаўку апазіцыя.

«Мы лічылі патрэбным хутчэйшы сыход Лукашэнкі ў адстаўку. Мы ведалі, што 24 сакавіка не зможам гэта зрабіць,распавядае Навумчык, якому падзеі вясны 1996 года каштавалі шматгадовай эміграцыі. – Наша мэта была – падвесці грамадства, дэпутатаў да ўсведамлення неабходнасці імпічменту Лукашэнку.

Тым больш што рэальныя шанцы ў 1996 годзе змяніць уладу парламенцкім шляхам (праз імпічмент) сапраўды былі. БНФ, які ўжо не быў прадстаўлены ў парламенце, са свайго боку зрабіў усё магчымае – вывеў дзесяткі тысяч на вуліцы. На жаль, Вярхоўны Савет ХІІІ склікання не скарыстаў унікальныя магчымасці і пайшоў на «замірэнне» з Лукашэнкам!»

Палітолаг Валер Карбалевіч вылучае яшчэ некалькі прычын. Па-першае, Менскую вясну загасілі жорсткія дзеянні з боку сілавых структур. Бо менавіта ў пачатку 1996 года былі ўжытыя метады барацьбы з вулічнай актыўнасцю, якія пазней беларускія ўлады выкарыстоўвалі шмат разоў: брутальны разгон дэманстрацый, рэпрэсіі супраць лідараў апазіцыі, магутная прапагандысцкая кампанія ў дзяржаўных СМІ.

Другой прычынай, на думку Карбалевіча, стала знікненне пагрозы імгненнай інкарпарацыі Беларусі ў Расію.

«Калі ў Расіі ўжо пачыналася выбарчая кампанія, то стала вядома, што Лукашэнка ў гэтых выбарах не ўдзельнічае, – кажа палітолаг. – Пагроза таго, што беларуская незалежнасць знікне, крышку адсунулася».

Трэцяя прычына – класічная. У апазіцыі ўжо тады не было адзінства, і было незразумела, хто павінен узначальваць пратэст, весці за сабой людзей. Было нават не зусім ясна, куды наогул гэтыя пратэсты павінны прывесці.

«Было незразумела, якая палітычная сіла можа далей узначальваць пратэст, – кажа Валер Карбалевіч. – БНФ свой мабілізацыйны патэнцыял патроху растраціў: ні адзін з прадстаўнікоў партыі не трапіў у Вярхоўны Савет ХІІІ склікання. Новая палітычная апазіцыя, якая ўзнікла ў парламенце – фракцыя «Грамадзянскае дзеянне», – арыентавалася не на вулічныя пратэсты, а на парламенцкую барацьбу. Там не было такіх лідараў трыбун, як Пазьняк. Там хутчэй былі рафінаваныя палітыкі тыпу кіраўніка фракцыі прафесара Багданкевіча, якога цяжка ўявіць на чале калоны, ідучым на амапаўскія шчыты».

Вынікі Менскай вясны

Пратэсты Менскай вясны мелі вельмі супярэчлівыя вынікі. З аднаго боку, яны сталі адным з каталізатараў умацавання ўлады Лукашэнкі, узмацнілі яго перакананні ні з кім гэтай уладай не дзяліцца.

«Чарнобыльскі шлях». Міліцыянты на Нямізе. Фота С. Брушко

«Не ведаю, наколькі гэты фактар быў галоўным ва ўмацаванні імкнення Лукашэнкі пашыраць сваю ўладу, бо іх дзейнічала шмат: і само жаданне Лукашэнкі адмяніць усялякія стрымкі і процівагі; і гэтыя вулічныя пратэсты; і пэўны раскол сярод наменклатуры, які стаў відавочны ўжо недзе летам 1996 года, – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч. – Але я не выключаю, што ўсе гэтыя падзеі ў асяроддзі наменклатуры таксама стымуляваліся падзеямі Менскай вясны. Таму што жорсткае падаўленне выклікала сур’ёзныя дыскусіі ў Вярхоўным Савеце. Нават камуністы – значная іх частка – падпісалі заяву з просьбай вызваліць Хадыку і Сіўчыка. Нават у асяроддзі пралукашэнкаўскай фракцыі «Згода» былі ваганні. Таму, відаць, Менская вясна падпітала ўпэўненасць Лукашэнкі, што трэба «навесці парадак» як мага хутчэй».

Таксама нельга забываць, што менавіта пасля Менскай вясны ў эміграцыю з’ехалі лідары БНФ.

«Мне і Пазьняку Менская вясна каштавала эміграцыі, – распавядае Сяргей Навумчык, які ўжо 17 год жыве за мяжой. – А мы ж былі перакананыя, што да канца 1996 года Лукашэнка прэзідэнтам не будзе. Скажу больш. Калі мы былі ў эміграцыі, у нас з Пазьняком былі зваротныя квіткі: мы былі перакананыя, што 1997 год сустрэнем у Мінску. Але ўсё склалася па-іншаму».

З другого боку, пратэсты Менскай вясны паказалі беларусам і ўсяму свету, што наша краіна не хоча быць часткай Расіі, што ёсць пэўныя палітычныя сілы і людзі, якім не па сэрцы ідэя інкарпарацыі ў склад «усходніх братоў»; людзі, якім наогул моцна не падабаецца палітыка Лукашэнкі і яго каманды. І гэтыя людзі гатовыя выходзіць на вуліцы, каб адстойваць свае перакананні.

відэа
«У тых гістарычных умовах галоўнае для нас было – паказаць беларусам і свету, што БНФ жыве, што нацыянальныя сілы на Беларусі ёсць і яны дзейнічаюць, – адзначае Навумчык. – Гэтыя мэты былі дасягнутыя. Людзі выходзілі на акцыі, і гэта былі моцныя акцыі. Беларусы пабачылі, што ёсць нейкая нацыянальная альтэрнатыва на фоне таго, што Вярхоўны Савет практычна цалкам клаўся пад Лукашэнку.

Кожны тыдзень нешта адбывалася, людзі выходзілі на вуліцы, і гэта здымалі замежныя і маскоўскія СМІ. Каментары, якія гучалі па ВВС у Еўропе, былі такія, што Беларусь прачнулася, што яе народ не хоча аб’яднання з Расіяй. Хаця пагадненне 2 красавіка было падпісана, лілося шампанскае і біліся крыштальныя келіхі, але свята «інтэгратарам» было змазана.

Гэта быў моцны знак для ўсяго света і для Крамля, што на Беларусі ёсць пэўная сіла, якая не хоча аб’яднання з Расіяй і не дасць знішчыць сваю дзяржаву. Даволі сур’ёзная сіла, паколькі яна здольная такую колькасць людзей вывесці на вуліцы. Гэта галоўная мэта. Гісторыя паказала, што яна была дасягнутая».

газеты таго часу

Свабода, №31, 30 красавіка 1996 г.

Свабода, №31, 30 красавіка 1996г.

Свабода, №31, 30 красавіка 1996 г.

Свабода, №31, 30 красавіка 1996г.

 

спасылкі па тэме

1. Вясна, якая сарвала аншлюс

2. Алег Дзярновіч. Кроніка Менскай Вясны

3. Беларусь. Совершеннолетие. Год 1996-й

 

Фатаздымкі ўзятыя з сайтаў Радыё «Свабода», szlachta.io.ua, грамадскага вэб-архіва «Вытокі», асабістых архіваў Сяргей Брушко і Сяргея Навумчыка.