29 красавіка 1996 года ў Вялікай зале палаца ЮНЕСКА ў Парыжы падводзяцца вынікі штогадовай прэміі «Бенуа дэ ля данс»найвышэйшай узнагароды Міжнароднай асацыяцыі танца, якой ганаруюцца пераможцы ў 6 намінацыях. Лепшым харэографам прызнаецца Валянцін Елізар’еў, які паставіў балет «Страсці» («Рагнеда»).

main

«Зато мы делаем ракеты и перекрыли Енисей. А также в области балета мы впереди планеты всей!» Такія радкі з песні савецкіх часоў узнікаюць невыпадкова: гастролі Вялікага і Кіраўскага тэатраў на Захадзе ўздымаюць аўтарытэт савецкага харэаграфічнага мастацтва надзвычай высока. Але доўгі час знакаміты савецкі балет «прапісаны» выключна ў Маскве і Ленінградзе, а што датычыцца агульнай эстэтыкі і стылістыкі беларускіх балетаў, дык на пачатку 1970-х гадоў яны яшчэ ўспрымаюцца як правінцыйныя (пры тым, што свае зоркі ўжо існуюць). Але ўжо ў 1980-я гады спектаклі сучасных харэографаў – прадмет гонару і візітная картка айчыннага мастацтва за мяжой.

З’яўленне Елізар’ева

Елізар'еў1Незвычайныя пераўтварэнні, якія адбыліся з нацыянальным балетам у другой палове 1970-х гадоў, тлумачацца з’яўленнем у беларускай прасторы Валянціна Елізар’ева. Выпускнік балетмайстарскага аддзялення Ленінградскай кансерваторыі, ён прыязджае ў Мінск у 1973-м. Першы спектакль, які ставіць Елізар’еў, – «Кармэн-сюіта» Бізэ-Шчадрына. Для таго часу гэта неверагодная смеласць. Балет з харэаграфіяй кубінца Альберта Алонса ўжо ідзе на сцэне маскоўскага Вялікага тэатра. У галоўнай ролі – вялікая Мая Плісецкая. Яе Кармэн выклікае безліч перайманняў і хутка становіцца класікай, а параўнанне наўрад ці будзе на карысць дэбютанта. Але Елізар’еў рызыкуе і – выйграе. Ён прапаноўвае ўласнае лібрэта, заснаванае на матывах паэтычнага цыкла «Кармэн» Аляксандра Блока. У маскоўскай версіі пануе рок і інфернальныя матывы, а ў Мінску адносіны ўнутры любоўнага трохкутніка (Кармэн – Хазэ – Тарэра) выходзяць на ўзровень філасофскага абагульнення.

Трыумф «Кармэн-сюіты» фактычна пачынае «залатую эру» ў гісторыі беларускага балета. Спектаклі «Стварэнне свету» і «Тыль Уленшпігель», «Спартак» і «Шчаўкунчык», «Карміна Бурана», «Балеро» і «Вясна свяшчэнная» захапляюць гледачоў і крытыкаў Францыі, Англіі, Іспаніі, Германіі, Польшчы, Партугаліі і іншых краін. У 1988 годзе Елізар’еў ставіць балет «Рамэо і Джульета». Адным з самых моцных вобразаў спектакля аказваецца збіральны вобраз Варожасці. Здаецца, у ім адлюстроўваецца прадчуванне тых вострых міжнацыянальных канфліктаў, якія неўзабаве будуць скаланаць Савецкі Саюз.

У першай палове 1990-х гадоў беларускі балет актыўна гастралюе, але Елізар’еў не ставіць новых спектакляў цягам сямі гадоў. Нядобразычліўцы гавораць пра творчы крызіс, які напаткаў харэографа. Да гэтага дадаюцца фінансавыя цяжкасці. У гэтых умовах беларуская трупа бярэцца за пастаноўку балета «Рагнеда».

Ад задумы да здзяйснення

Шлях гэтага твора да сцэнічнага ўвасаблення быў вельмі доўгі. Сам Елізар’еў расказваў у інтэрв’ю аднаму са сталічных выданняў, што для яго праца над балетам пачалася з чытання «Аповесці мінулых гадоў», «з доўгіх разваг пра складанасці гістарычнага шляху Беларусі. Драматычная эпоха, на фоне якой разгортваецца дзеянне спектакля, выяўляе неверагодны напал пачуццяў герояў».

Дзеянне спектакля адбываецца ў Полацкім княстве прыкладна ў 980 годзе. Галоўная гераіня – князёўна Рагнеда, якая адмовілася ўзяць шлюб з наўгародскім князем Уладзімірам. Раз’юшаны, той захапіў Полацк, дашчэнту спаліў яго, а Рагнеду гвалтам узяў у жонкі.

Яшчэ ў 1989 годзе Елізар’еў знаёміцца з кампазітарам Андрэем Мдзівані, аўтарам шэрагу сімфоній, шматлікіх харавых сачыненняў, музыкі спектакля «Дзяніс Давыдаў», які ішоў на сцэне Беларускага тэатра музычнай камедыі. Харэограф прапануе Мдзівані напісаць балет пра хрышчэнне Русі, бо лічыць кампазітара «чалавекам, які можа ўвасобіць такую тэму».

З артыкула Валянціны Сокал у часопісе «Мастацтва»: «Спачатку гэта была гісторыя князёўны Рагнеды і асабістая яе драма… Але непарыўна з ёй было звязана і хрышчэнне; такім чынам узнікала моцная драматургічная лінія, якую Елізар’еў вырашаў дзякуючы сваім літаратурным здольнасцям. Кампазітар жа «выношваў» ідэю. Ён спрабаваў, выкрэсліваў і нерваваўся, часам зусім кідаў балет… Елізар’еў, слухаючы яго, сядзеў сумны, або злы, або эпічна спакойны… Балет відавочна не рухаўся, затое рухаўся творчы працэс, каласальная работа думкі і ў харэографа, і ў музыканта… І вось аднойчы настрой кампазітара рэзка ўзняўся. Бясконцы паход «дом – тэатр – дом» закончыўся тым, што ў Елізар’ева з’явілася жаданне працаваць. Ён «пачуў» сімфанічную паэму «Разбурэнне Полацка» як частку балета і «ўбачыў» яе. А ўбачыўшы, ускочыў і пачаў хадзіць вакол раяля. Праца пачалася».

Першыя рэпетыцыі пазначаны 1994 годам. Рабочыя назвы балета некалькі разоў мяняюцца. Спачатку – «Рагнеда», потым –  «Анафема», нарэшце – «Страсці». Восенню 1994-га ўжо ідуць сцэнічныя рэпетыцыі балета. Разам з Елізар’евым працуе каманда таленавітых і высокакваліфікаваных майстроў. Музычны кіраўнік пастаноўкі і дырыжор – Генадзь Праватораў. Сцэнограф і мастак па касцюмах – Вячаслаў Окунеў, запрошаны з Санкт-Пецярбурга. Галоўную партыю рыхтуе прыма беларускага балета Інэса Душкевіч.

З артыкула Валянціны Сокал у часопісе «Мастацтва»: «31 мая 1995 года кампазітар даведаўся, што 28 ліпеня – прэм’ера. Аркестр правёў толькі пяць рэпетыцый. У ліпені, 20-га, быў скандал. 25-га (на прагоне) – трыумф, 28-га, у імяніны Уладзіміра, – трыумф (яшчэ раней, 26-га, публіка, якая ішла на «Рамэо і Джульету», а трапіла на «Страсці», шалёна апладзіравала каля паўгадзіны). На прэм’еры 28 ліпеня прысутнічаў Прэзідэнт А. Лукашэнка».

«Страсці» – сапраўды нацыянальны балет, у якім адлюстравана айчынная гісторыя. І, што не менш істотна, дамінуе нацыянальны ракурс успрымання. У першай дзеі Рагнеда паказана менавіта як гераіня, якой можна захапляцца і ганарыцца, а князь Уладзімір – як бязлітасны заваёўнік. Спаленне Полацка выглядае як апакаліпсіс, а танец агню здаецца ледзь не сатанінскім. Не дзіўна, што маскоўскія крытыкі пазней уголас абурацца «недакладнай» інтэрпрэтацыяй гісторыі: маўляў, хіба можна маляваць вобраз святога князя Уладзіміра «чорнымі фарбамі»?! У другой дзеі балет выходзіць на яшчэ больш шырокія філасофскія абагульненні. Тут і прыняцце хрысціянства, і фінальнае пакаянне герояў. «Балет «Страсці» дазваляе бачыць мінулае і сучаснасць як непадзельную, няспынную плынь духоўнага жыцця нацыі, – піша балетны крытык Таццяна Мушынская, – бо гісторыя ўласнага роду жыве генетычна ў кожным абуджаным чалавеку».

Шлях у Парыж

Вясной 1996 года спектакль «Страсці» вылучаецца на прэмію «Бенуа дэ ля данс» (Benois de la dance), самую прэстыжную ў сусветным балетным тэатры. Заснаваная Міжнароднай асацыяцыяй дзеячаў харэаграфіі ў 1991 годзе, яна ўручаецца ў шасці намінацыях: «Лепшая балерына», «Лепшы танцоўшчык», «Лепшы кампазітар», «Лепшы сцэнограф», «Лепшы харэограф», а таксама «Лепшыя прыжыццёвыя дасягненні ў балеце». У папярэднія гады ў намінацыі «Лепшы харэограф» перамагалі тры балетмайстры, якіх лічаць класікамі, – Джон Наймаер, Іржы Кіліян і Ралан Пеці – а таксама іх больш малады калега Анжэлен Прэльжакаж. Папярэднія цырымоніі конкурсу адбываюцца ў Маскве. У 1996-м «Benois de la dance» упершыню ладзіцца ў Парыжы.

Пастаноўка балета «Страсці» каштуе 772 мільёны беларускіх рублёў (курс да даляра ў той час – 11,5 тысяч, таму гаворка ідзе пра суму ў 67 тысяч даляраў).

Але каб трапіць у фінал, трэба прайсці складаны адбор. Спачатку ў Мінск прыязджаюць прадстаўнікі ЮНЕСКА, каб паглядзець спектакль «ужывую» (такі падыход ужываецца да ўсіх пастановак). А потым відэафільм з запісам балета «Страсці», зняты рэжысёрам Віктарам Шавялевічам, адпраўляецца ў Францыю.

У фінал конкурсу «Бенуа дэ ля данс» (у намінацыі «Лепшы харэограф») выходзяць яшчэ тры балеты: «Папялушка» Пракоф’ева, пастаўленая Мэц’ю Хартам («Сэндлерс-Уэлс бале», Лондан), «Чырвонае і чорнае» на музыку Берліёза ў інтэрпрэтацыі Уве Шольца (Штаатсопера, Дрэздэн) і аднаактовыя балеты Марка Морыса (Бруклінская акадэмія музыкі, Нью-Ёрк).

На Алімпе 

Вынікі прэміі аб’яўляюцца 29 красавіка 1996 года ў вялікай зале палаца ЮНЕСКА. Уручэнне ўзнагарод супадае з 50-гадовым юбілеем гэтай арганізацыі, таму спачатку прысутных вітае Фрэдэрык Маёр, генеральны дырэктар ЮНЕСКА. Потым аб’яўляюцца прозвішчы пераможцаў. У намінацыі «Лепшы харэограф» называецца імя Валянціна Елізар’ева. Гэта прызнанне не толькі спектакля «Страсці», але і мастацкіх дасягненняў усяго беларускага балета. У той вечар прадстаўнікі сусветнай танцавальнай эліты судакранаюцца з беларускай гісторыяй: на гала-канцэрце Інэса Душкевіч і Уладзімір Далгіх выконваюць дуэт Рагнеды і Яраполка з першай дзеі балета.

На жаль, трыумф гэтага спектакля застаецца ў Беларусі не надта ўсвядомленым і да канца не асэнсаваным. Паказальна рэакцыя айчынных СМІ: «Советская Белоруссия» змяшчае сціслую інфармацыю на апошняй старонцы (прычым тэкст пра пачатак рэспубліканскага чэмпіянату па футболе ўдвая большы). «Народная воля» абмяжоўваецца нататкай такога ж памеру, праўда, на першай паласе. Невялікую інфармацыю на адной з палос змяшчае «Літаратура і мастацтва». І толькі «Культура» выносіць віншаванні стваральнікам балета «Рагнеда» на першую паласу (праўда, у нумары, які выходзіць напрыканцы мая). Справядлівасць прыйдзе пазней: у снежні 1996 года пастаноўшчык балета і выканаўцы вядучых партый атрымліваюць Дзяржаўную прэмію Беларусі. Пазней «Страсці» пакажуць у Варшаве і Маскве на самых прэстыжных пляцоўках.

Пасля парыжскага трыумфу Елізар’еў ставіць два новыя спектаклі, а таксама займаецца пераважна аднаўленнем сваіх ранейшых пастановак і стварэннем іх новых рэдакцый. Праз пэўны час у будынку тэатра пачынаецца капітальны рамонт. Балетная трупа вымушана выступаць у Палацы Рэспублікі. Але пасля завяршэння рэканструкцыі ў тэатр прыходзіць новае мастацкае кіраўніцтва. У цяперашнім рэпертуары тэатра «Страсці» адсутнічаюць. У гісторыі гэтая пастаноўка застаецца, мажліва, як вышэйшая кропка ў развіцці айчыннага балета. Застаецца толькі спадзявацца, што такі трыумф калі-небудзь паўторыцца.

ГАЗЕТЫ ТАГО ЧАСУ

«Народная Воля» №52, 1996

«Народная Воля», №52, 1996 год

«Советская Белоруссия» 1996

«Советская Белоруссия», 1996 год

 

спасылкі па тэме

1. Фрагменты з музыкі балета «Страсці»

2. Сціслы змест балета на сайце тэатра

3. Перадача з цыкла «Адваротны адлік» на АНТ 

 

 

Фота прадастаўлена Нацыянальным тэатрам оперы і балета Беларусі.