Першы рэферэндум у гісторыі суверэннай Беларусі адбыўся 14 мая 1995 года. Па ініцыятыве прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на народнае галасаванне было вынесена чатыры пытанні, якія датычыліся дзяржаўнай сімволікі, мовы, інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй і права прэзідэнта краіны распускаць Вярхоўны Савет. Па ўсіх пытаннях большасць выбарцаў падтрымала пазіцыю прэзідэнта. 

главная

Галадоўка дэпутатаў і «зачыстка» СМІ

Рэферэндуму папярэднічалі драматычныя падзеі, якія мелі для краіны не меншыя наступствы, чым самі вынікі галасавання. 18 сакавіка 1995 года група дэпутатаў Вярхоўнага Савета (далей – ВС) звярнулася да прэзідэнта з ініцыятывай правядзення рэферэндума, 20 сакавіка кіраўнік дзяржавы агучыў прапанову парламенту, а 23 сакавіка дэпутаты ад апазіцыі падрыхтавалі праект пастановы ВС, паводле якого планавалі адхіліць прапанову прэзідэнта.

7

Карыкатура ў газеце «Народная газета»

Асноўныя палажэнні такой пазіцыі былі наступныя: пытанні аб статусе рускай мовы і стасунках з Расійскай Федэрацыяй супярэчаць частцы 3 артыкула 3 Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь», а пытанні аб дзяржаўным гербе і сцягу, а таксама магчымасці роспуску Вярхоўнага Савета «не маюць юрыдычнай дакладнасці і не даюць магчымасці атрымаць адназначны адказ».

Галасаванне ў парламенце павінна было адбыцца 11 красавіка. На ім 18 дэпутатаў, што выступалі супраць правядзення рэферэндума, абвесцілі галадоўку на прыступках каля трыбуны залы паседжанняў ВС (Пазняк, Голубеў, Садоўскі, Антончык і г.д.). Іх пратэст быў гвалтоўна спынены супрацоўнікамі спецслужбаў. Уначы з 11 на 12 красавіка, кіруючыся інфармацыяй аб мініраванні будынка парламента, у залу паседжанняў быў уведзены АМАП і супрацоўнікі службы бяспекі прэзідэнта, якія і вывелі дэпутатаў. Пасля Лукашэнка паведаміў, што ён асабіста аддаў загад аб эвакуацыі ў мэтах бяспекі.

med_kosУрывак з артыкулу «Народнай газеты» ад 13 красавіка 1995 года: «Па словах міністра абароны Анатоля Кастэнкі, у 20:10 вечарам 11 красавіка аператыўны дзяжурны штаба Міністэрства абароны артымаў сігнал, што ў будынку Дома ўрада знаходзіцца бомба. Былі выкліканы дзве групы размінавання, якія прыбылі на месца праз дзве гадзіны… Кастэнка заявіў дэпутатам, што группа размінавання працаваць не магла, бо ў зале знаходзіліся дэпутаты і перашкаджалі праверцы… На пытанні ад мікрафонаў, напрыклад такое, чаму ў будынку да позняга вечара знаходзіліся стэнаграфісткі і нават прэзідэнт са сваёй камандай і яны не былі эвакуіраваны, Кастэнка адказаў, што, па яго звестках, іх там не было».

13 красавіка на чарговым паседжанні ВС 177 парламентарыяў выказаліся за падтрымку рэферэндума.

Нельга не адзначыць і сітуацыю вакол сродкаў масавай інфармацыі напярэдадні выбараў і рэферэндума. Так, у снежні 1994 г. быў вызвалены ад пасады галоўны рэдактар «Советской Белоруссии», у студзені 1995 г. выдавецтву «Дом друку» было забаронена друкаваць 12 незалежных газет, а Беларускае інфармацыйнае агенцтва адышло ў падпарадкаванне Адміністрацыі прэзідэнта. Нарэшце 18 сакавіка быў адпраўлены ў адстаўку галоўны рэдактар «Народнай газеты» І. Сярэдзіч. Гэтым жа ўказам ствараўся Савет пры прэзідэнце для нагляду за СМІ.

Складаныя пытанні

20 красавіка адбылося наступнае паседжанне парламента, на якім была прызначана дата рэферэндума – 14 мая 1995 года, у дзень выбараў Вярхоўнага Савета. Першае, другое і трэцяе пытанні выносіліся на абавязковы рэферэндум, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым, а чацвёртае пытанне – для прыняцця кансультацыйнага рашэння, якое мае рэкамендацыйны характар.

Галасаванне па першым пытанні, пра мову, улічваючы, што працэс русіфікацыі зайшоў далёка ў савецкія гады, было загадзя прадказальным. Трэцяе і чацвёртае пытанні не былі дакладна сфармуляваны. Можна пагадзіцца з думкай, што гэта былі сафістычныя пытанні, якія дазвалялі тлумачыць іх у залежнасці ад кан’юнктуры. Ды і першае пытанне не канкрэтызавала, што трэба разумець пад роўнасцю статусаў рускай і беларускай мовы. Пад гучнай і прыгожай фармулёўкай «роўнасць» хавалася, па сутнасці, вяртанне дамінавання рускай мовы ў адукацыі, СМІ і г.д.

Важным палітычным крокам улады было і рашэнне праводзіць рэферэндум у дзень выбараў у Вярхоўны Савет. Падаецца слушнай пазіцыя Зянона Пазняка, які адзначаў, што «калі сумясціць рэферэндум з выбарамі, то выбаршчыкі будуць цікавіцца не эканамічнымі поглядамі кандыдатаў, а іх адносінамі да сцяга». На другі план адышла крытыка эканамічных няўдач урада і канцэнтрацыі ўлады прэзідэнцкай камандай, пашырыліся супярэчнасці паміж рознымі палітычнымі партыямі, якія, зразумела, мелі розныя пазіцыі ў пытаннях рэферэндума. Улады атрымалі магчымасць накіраваць перадвыбарчы палітычны дыскурс у бяспечныя для яе пытанні мовы, сцяга і герба, інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Цікава, што і ў тагачасных сродках масавай інфармацыі аналітыкі і навін, звязаных з рэферэндумам, было нашмат больш, чым інфармацыі наконт выбараў у ВС.

Вынікі галасавання

Цэнтральны выбарчы камітэт Беларусі агучыў наступныя афіцыйныя вынікі рэферэндума па чатырох пытаннях:

table

Ці быў рэферэндум 1995 года легітымным?

Дагэтуль працягваюцца спрэчкі аб легітымнасці рэферэндума 1995 года. Розныя пазіцыі фармулююць у сваіх публікацыях Сяргей Навумчык, Міхаіл Пастухоў і Рыгор Васілевіч.

med_navСяргей Навумчык, у 1995 годзе дэпутат ВС ХІІ склікання. Урывак з кнігі «Сем гадоў Адраджэння»: «Рэферэндум адбываўся са шматлікімі парушэньнямі закона. Юрысты адзначылі, што ў бюлетэнях (у кожным бюлетэні!) па закону павінна была быць зьмешчаная дакладная выява вынесеных Лукашэнкам на рэферэндум гербу і сьцягу. Гэтага зроблена не было – грамадзянам прапанавалася выказаць адносіны да «новай» сімволікі (і многія, вельмі многія галасавалі за «новую», мяркуючы, што галасуюць за прынятую ў 1991 годзе). Прэзыдэнцкая адміністрацыя сьвядома заблытвала людзей, а мы былі пазбаўленыя магчымасьці патлумачыць сытуацыю праз прэсу. Грамадзяне не валодалі поўнай інфармацыяй і не маглі прыняць узважанае рашэньне па ўсіх чатырох пытаньнях, бо апанэнты прэзыдэнта не атрымалі магчымасьці агітацыі праз СМІ».

med_pasМіхаіл Пастухоў, у 1995 годзе суддзя Канстытуцыйнага Суда РБ. Урывак з артыкула «Ці законны рэферэндум 1995 года адносна надання дзяржаўнага статусу рускай мове?»: «Аналіз фактаў паказвае, што вынікі рэферэндуму наконт «надання расейскай мове роўнага статусу з беларускай» з прававога пункту гледжання з’яўляюцца нікчэмнымі і падлягаюць адмене.

Як можна змяніць сітуацыю і як можна ануляваць вынікі незаконнага рэферэндуму? У прынцыпе, зрабіць гэта не так складана. Але для гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы. Галоўная з іх — узнаўленне ў Рэспубліцы Беларусь асноў дэмакратыі, дзяржаўнасці і законнасці. Тады пытанне аб канстытуцыйнасці травеньскага 1995 года рэферэндуму непазбежна стане на парадак дня. Новы склад Канстытуцыйнага суда, утвораны дэмакратычным шляхам, зможа разгледзець пытанне аб дзяржаўнай мове ва ўстаноўленым парадку і прыняць па ім законнае рашэнне».

med_vasРыгор Васілевіч, доктар юрыдычных навук, Старшыня Канстутуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з 1997 да 2008 гг. Урывак з кнігі «Референдумы в Беларуси и ее путь к независимости в конце ХХ столетия»: «Те нарушения, которые были им (Верховным Советом) допущены при назначении референдума в 1995 г., нашли свое продолжение в 1996 году. Что имеется в виду? Вид референдума (обязательный или консультативный) вправе, по нашему глубокому убеждению, определять Президент либо граждане, инициирующие проведение народного голосования. В 1995 г. Президенту Республики Беларусь А. Г. Лукашенко пришлось преодолевать просто яростное сопротивление Верховного Совета, противившегося проведению народного голосования по отдельным вопросам, в частности о праве досрочного прекращения полномочий Верховного Совета Президентом…
…Споры о символике, к сожалению, остаются. Однако отметим лишь одну интересную деталь. До 4 февраля 1997 г. (почти два года) над Конституционным Судом так и не был поднят государственный флаг – ни тот, который был утвержден в 1991 г., ни тот, за который проголосовал на референдуме 14 мая 1995 г. народ. Интересная позиция руководителей Конституционного Суда. И только 4 февраля 1997 г. это было сделано».

Back in the U.S.S.R.

Рэферэндум прывёў да згортвання працэсу ўмацавання статусу беларускай мовы, які назіраўся ў 1990–1995 гг., і стаў санкцыяй да ўзмацнення ўлады прэзідэнта краіны. Пытанне пра дзяржаўныя сімвалы яскрава сведчылі аб тым, што ўлада выкарыстоўвала савецкія міфалагічныя комплексы і спецыфічныя стэрэатыпы большай часткі насельніцтва краіны, якая да 1995 года так і не вызначылася са сваімі палітычнымі прыярытэтамі.

med_savМихаил Савицкий, народный художник СССР, академик. В интервью газете «Знамя юности» от 12 мая 1995 года: «“Пагоня” была гербом Великого княжества Литовского – государства, которое имело глобальные претензии к соседям и всегда враждовало с Россией. Сегодня герб используется БНФ прежде всего как символ противостояния России. Поэтому я считаю, что нельзя давать этот козырь в руки людей, желающих внести смуту и разлад не только в наше общество, но и в общеславянское братство. Я буду голосовать против «Пагоні» потому, что не желаю участвовать в этих исторически обреченных политических игрищах.
Негативное отношение у меня и к флагу, который стал символом коллаборационизма людей, пошедших на сотрудничество с оккупантами, фашистами». 

Прыхільнікі прэзідэнта краіны, якія забяспечылі яму перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, адчувалі настальгію па часах, калі Беларусь уваходзіла ў склад СССР, сумавалі па гарантаваным спажывецкім мінімуме і стабільнасці. Вярнуць СССР і сацыялістычны лад палітыкі не маглі. Таму супярэчнасць паміж незваротнасцю гісторыі і апраўданнем электаральных спадзяванняў на вяртанне СССР вырашалася ўладамі спецыфічна. Змяняючы дзяржаўныя сімвалы на квазісавецкія, прэзідэнт прапанаваў сваім прыхільнікам сублімацыю вяртання ў савецкія часы. У сітуацыі прынцыпова немагчымага звароту да ранейшага сацыялістычнага ладу ён даў электарату сімвалічную замену гэтага вяртання.

med_zakСяргей Законнікаў, у 1995 годзе галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Урывак з артыкула ў «Народнай газеце» ад 13 мая 1995 года: «Расіяне, на якіх мы азіраемся ўвесь час, аказаліся мудрэйшымі. Нікому і ў галаву не прыходзіць аб’явіць рэферэндум аб адмене трохколернага дзяржаўнага сцяга з тае прычыны, што пад ім на баку фашыстаў ваявала мільённая ўласаўская армія, ці двухгаловага арла на той падставе, што гэта – царскі герб».

Замест рэальнага вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем грамадству прапанавалі вырашэнне набалелых пытанняў у сродках масавай інфармацыі, перш за ўсё тэлебачанні, якое кантралявалася ўладай. Улада вяртала такія прыкметы часоў СССР, як дзяржаўны святочны каляндар, ў падручнікі вярнулася не толькі руская мова, але і савецкія схемы выкладання гісторыі. 

газеты таго часу

«Народная газета» , 16 мая 1995 года

«Народная газета» , 16 мая 1995 года

«Свабода», 19 мая 1995 года

«Свабода», 19 мая 1995 года

 

  спасылкі па Тэме

1. Первый из референдумов: как это было 

2. Агульныя матэрыялы аб выніках рэферэндума-1995

 

Фота з архіваў герояў, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, «Народнай газеты».