Гэта быў першы постмадэрновы рух у беларускай літаратуры. Як пазней напішуць на афішы фестываля «НЕфармат», прымеркаванага да 15-годдзя «Бум-Бам-Літа», «у кансэрватыўны і прасякнуты канвэнцыямі белліт прыйшла кампанія шызанутых хлопцаў, ад выгляду якіх у нашых клясыкаў наэлектрызоўваліся іх бронзавыя вусы».

З бум-бам-літаўскага асяродку «вылупіліся» перформер-групы «Тэатр псыхічнае неўраўнаважанасьці», «Спецбрыгада афрыканскіх братоў», шэраг музычна-літаратурна-мастацкіх фестываляў пад рознымі назвамі, некаторыя з бубмамлітаўцаў потым увайшлі ў літаратурную суполку Sсhmerzwerk. У 1998 годзе з калектыўнага зборніка «Тазік беларускі» распачалося выданне кніжнай серыі «Бібліятэка Бум-Бам-Літа».

Пра ўзнікненне і найбольш выбітныя імпрэзы «Бум-Бам-Літа» ўзгадваюць удзельнікі руху, беларускія літаратары Зміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч ды Юрась Барысевіч.

Афіша акцыі Змітра Вішнёва ў галерэі “Шостая лінія”, аформленая ім уласнаручна. 4-5 чэрвеня 1998 г.

 – У розных крыніцах фігуруюць розныя гады ўзнікнення «Бум-Бам-Літа». Дык калі ж усё-такі паўстаў гэты рух?

Зміцер Вішнёў: Нават сярод саміх «бумбамлітаўцаў» вядуцца спрэчкі наконт таго, калі ж усё пачалося. Ёсць дзве даты. Напрыклад, многія «тэвээлаўцы» (сябры «Таварыства вольных літаратараў», ці ТВЛ) лічаць, што «Бум-Бам-Літ» як рух сцвердзіўся ў 1995 годзе. Але з’явіўся ён усё ж такі ў 1994 годзе. А ў 1995 ідэйна, канцэптуальна аформіўся – у літаратурна-філасофскім сшытку ЗНО (дадатак да тыднёвiка «Культура», выходзiў штомесяц на васьмi палосах з мая 1993 па люты 1997 года) былі надрукаваныя маніфесты бумбамлітаўскіх «слупоў», з якiх, уласна, i пачалася нашая публiчная вядомасць.

Віктар Жыбуль: Праўда, Алесь Туровіч крыўдуе на слова «слуп», лічыць яго абразлівым і называе сабе стаўпом. Серж Мінскевіч прыдумаў слова «зрухар». Таксама нас называлі «мэмбрамі», «мэмбранамі» «Бум-Бам-Літа».

Серж Мінскевіч: На маю думку, варта адрозніваць фазу фармавання постмадэрновага руху, які пазней атрымае назву «Бум-Бам-Літ», і само ўтварэнне «Бум-Бам-Літа». Калі рух адзначаў свае першыя ўгодкі ў 1996 годзе, я напісаў артыкул «Ого-год», які чыталі і рэдагавалі самі бум-бам-літаўцы. У артыкуле аналізуюцца «Вытокі», узгадваецца, як «Бум-Бам-Літ» утварыўся, і прыводзяцца «Дасягі» – тое, што ўжо ўдалося зрабіць. Тады ўсё так віравала, за год столькі адбывалася яскравых літаратурных падзей, што ў 2000-я і за некалькі гадоў падобнага не было. А калі быць навукова дакладным, то першая пісьмовая (друкаваная) згадка пра «Бум-Бам-Літ» – гэта (цяпер ужо гістарычны) нарыс, які мы напісалі са Змітром Вішнёвым і апублікавалі ў газеце «Культура». Называўся ён «Бам у парку Горкага. Падзея сюр». А пачынаўся ён словамі: «У Менску з’явіліся бумбамлітаўцы! Яны, нібы рознакаляровыя кажаны, бумкалі на пляцоўцы. Гэта значыць, 25 чэрвеня 1995 года ў парку Горкага адбылася літаратурная імпрэза «Форматворы Бум-Бам-Літа…» Такім чынам, менавіта гэтую дату і трэба лічыць днём нараджэння «Бум-Бам-Літа».

bbl21

Зміцер Вішнёў: Многія ўдзельнікі «Бум-Бам-Літа» – Юрась Барысевіч, Ілля Сін, Сяржук Мінскевіч, Міхась Башура, я – у 90-я працавалі ў газеце «Культура». Калі вярстаўся чарговы нумар газеты і ў ім літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО» з нашымі маніфестамі, мы ў самы апошні момант надалі Валянціну Акудовічу тытул бессмяротнага «хроснага бацькі» «Бум-Бам-Літа» і надрукавалі абвестку пра гэта ў газеце. Такім чынам, Акудовіч быў прымусова прыняты ў «Бум-Бам-Літ», сам пра тое не ведаючы. Дагэтуль ён спрабуе адхрышчвацца ад «Бум-Бам-Літа», хаця сам неяк прагаварыўся ў сваім эсэ «Афрыка – радзіма тазікаў, альбо Я хачу ў Бум-Бам-Літ» аб сваёй прыналежнасці да руху.

Віктар Жыбуль: Так, ён напісаў, што не жадае ні ў Саюз пісьменнікаў, ні ў ТВЛ, а вось у ББЛ – жадае.

– Распавядзіце, калі ласка, пра імпрэзы, акцыі, праекты «Бум-Бам-Літа».

Віктар Жыбуль: «Бум-Бам-Лiт» з’явiўся ў той час, калі лiтаратурная прастора чакала эстэтычнага абнаўлення. Пад уплывам нашага руху фармавалася новая літаратура, якая характарызавалася сінтэзам паэтычнага выступу з тэатральным ці музычным дзеяннем, перформансам. Адпаведна, гэта былі тэксты, разлічаныя на павышаную камунікацыю са слухачом, чытачом.

Зміцер Вішнёў: На той момант не было інтэрнэту, мабільная сувязь не была распаўсюджаная…

Віктар Жыбуль: …хаця ў Міхася Башуры быў мабільнік, а ў Туровіча інтэрнэт.

Зміцер Вішнёў: …так, але гэта адзінкі, выключэнне. «Бум-Бам-Літ» выдаваў друкапісы, самаробныя кніжкі. Дарэчы, у 2009 годзе, дзякуючы намаганням даследчыцы і навукоўцы Інэсы Кур’ян, у выдаецтве «Галіяфы» выйшла факсімільнае выданне поўнага збору тых кніжачак «Друкапісы. Вялікая імправізацыя». У 1998 годзе пры дапамозе Беларускай имузычнай альтэрнатывы (маладзёвай арганізацыі, утворанай у 1996 годзе) «Бум-Бам-Літ» выдаў першы ў Беларусі літаратурны аўдыёальбом са спецэфектамі – «Тазікі». Увесь наклад разышоўся вельмі хутка, бо гэта было нешта новае для ўсіх.

Віктар Жыбуль: На той час не было сеткі альтэрнатыўнага друку альбо выдавецтваў кшталту «Галіяфы», «Логвінаў». Большасць перыёдыкі знаходзілася ў руках пісьменнікаў з кансерватыўнымі поглядамі. І літаратарам-авангардыстам вельмі доўга даводзілася чакаць сваіх публікацый – нават па два гады. Прынамсі, я прыкладна столькі і чакаў. Памятаю, рэдактар «Літаратуры і мастацтва» паабяцаў надрукаваць мае вершы. Я прыходзіў, цікавіўся, а мне ўсё казалі: праз два месяцы выдадзім. Прыходзіў праз два, казалі, што ў іх чарга і трэба пачакаць яшчэ. У маладых літаратараў, якія пісалі ў традыцыях Коласа і Купалы, такіх праблем не ўзнікала. Натуральна, што такое эстэтычнае нераўнапраўе нам вельмі не падабалася – хацелая шукаць выйсце і дадатковыя спосабы самарэалізацыі. Такім чынам, «бумбамлітаўцы» выдавалі друкапісы, ладзілі публічныя выступы.

Выступы нашыя спачатку адбываліся ў межах грамадскіх акцый ці гарадскіх святаў. Напрыклад, на адной сцэне маглі выступаць ужо сталыя літаратары, а на суседняй – мы. А здаралася, што і на адной сцэне вершы чыталі. Каб прыцягнуць увагу публікі, скарыстоўвалі шумавыя эфекты – грукалі жанглёрскай булавой ці малатком па тазіку, з чым часткова і звязаная назва руху: гукі «Бум-Бам» – сродак, каб прыцягнуць увагу, жаданне, каб нас пачулі.

З кнігі Сержа Мінскевіча «Я з Бум-Бам-Літа», Мінск, выд. Логвінаў, 2008 год: «З нагоды Дня тэатра ў сакавіку 1999 года ў Доме ветэранаў у акторскім капусьніку ўзялі ўдзел паэты Бум-Бам-Літа. Запрошаныя былі Зьміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль і я. Вішнёў, як заўсёды, вельмі блізка падносіў мікрафон да сваёй ротавай адшчыліны, задзімаючы адчувальную мэмбрану, роў на ўсю залю. Праўда, калі прыслухацца, словы разабраць было магчыма. Але ж словы – гэта не галоўнае, галоўнае – яго хістаньні-шуганьні па сцэне. Я прасьпяваў свае песенькі, адна была пра тры куфлі піва. Спонсарам канцэрту была «Аліварыя», мне падарылі майку з этыкеткай бравярні і фірмовы піўны куфаль. Жыбуль пачаў чытаць свае вершы пра мерцьвяка, але тут на сцэну выскачыла мадам сярэдніх гадоў і з крыкам «Сколько будет продолжаться это безобразие!» вырвала мікрафон з рук Віктара, мікрафон з грукатам упаў на сцэну. Віктар абаяльна ўсьміхнуўся. У адказ з залі выгукнула, нібы сава, яшчэ адна кабеціна: «І гэта новыя Купалы!!!»

Зміцер Вішнёў: «Бум-Бам-Літ» заўсёды вызначаўся шматканцэптуальнасцю, шматідэйнасцю, вольнасцю думкі. У нас нават не было нейкага акрэсленага лідара. Ніхто не перацягваў коўдру, была дэмакратыя – нешта кшталту літаратурнай камуны. Таму кожны з удзельнікаў мог акрэсліць сваю канцэпцыю тазіка, як кожны заўсёды меў сваю канцэпцыю «Бум-Бам-Літа». І кожны меў свой маніфест. 

Але былі і тытулы. Мяне называлі начальнікам штаба, Юрася Барысевіча – камісарам…

Віктар Жыбуль: …Іллю Сіна – лянотным дэканструктарам, Альгерда Бахарэвіча – панковым правакатарам, Міхася Башуру – рэвалюцыйным псіхолагам, а мяне – філолагам-снайперам.

Зміцер Вішнёў: У зборніку «Тазік беларускі» былі акрэсленыя гэтыя тытулы. Але, галоўнае, кожны быў па-свойму начальнікам. Акудовіч быў такім жа начальнікам, як і Віктар Жыбуль.

– Як да вас ставіліся так званыя традыцыяналісты?

Віктар Жыбуль: Калі як. Але часта лаялі. Я працаваў у дзяржаўным часопісе, мне двойчы пагражалі звальненнем. Першы раз за тое, што адмовіўся напісаць сцёбны каментар да свайго ўласнага твора. Галоўны рэдактар хацеў, каб я напісаў аб тым, што высмейваю «бумбамлітаўцаў» і «тэвээлаўцаў». А другі раз – за тое, што падрыхтаваў да друку «брыдкія» вершы Вальжыны Морт.

Зміцер Вішнёў: А вось, напрыклад, паэт Анатоль Сыс, хоць і быў традыцыяналістам, ніколі не выступаў супраць «Бум-Бам-Літа». Ён трошкі пабойваўся нас, бо мы былі ў пэўным сэнсе ягонымі канкурэнтамі, такімі ж безапеляцыйнымі ў сваёй творчасці. Сыс таксама дазваляў сабе тэатральныя выбрыкі – і ў жыцці, і на сцэне, – а калі пабачыў перформансы «Бум-Бам-Літа», адкрыта баяўся выступаць супраць нас.

З кнігі Сержа Мінскевіча «Я з Бум-Бам-Літа», Мінск, выд. Логвінаў, 2008 год: «У 1994 годзе на папярэдняй канфэрэнцыі, што ладзіла ТВЛ, Валянцін Акудовіч у акулярах у кулюарах сказаў: «У культурным беларускім дыскурсе павінна нешта адбыцца, штосьці выбухнуць, штосьці постмадэрновае…» Ніхто тады не зьвярнуў увагу на гэтыя словы, але цяпер зразумела, што ён напрарочыў утварэньне Бум-Бам-Літа».

Віктар Жыбуль: Пра мяне Сыс неяк выказаўся: «Ён піша не вершы – ён піша на*бкі». Але гэта было сказана без адцення негатыву. Памятаю, як у рэдакцыі часопіса «Першацвет» я чытаў сваю паліндромную паэму «Рогі гор». Сыс сядзеў побач у фатэлі і засяроджана слухаў. А калі я скончыў, сказаў: «А я ўсё чакаў, калі ж пра мяне там будзе».

 – Калі і чаму знік «Бум-Бам-Літ»? І ці знік увогуле?

Зміцер Вішнёў: Крызіс напаткаў «Бум-Бам-Літ» у 1998 годзе. Падчас прэзентацыі маёй кніжкі «Штабкавы тамтам» мы зладзілі радыкальны перформанс, у межах якога раздзёрлі сцяг «Бум-Бам-Літа» і я заявіў пра свой выхад з руху.

Гэта натуральная з’ява, большасць літаратурных аб’яднанняў развальваецца. У нейкі момант аўтар адчувае, што можа рухацца без дапамогі. Гэта былі часы нашага літаратурнага юнацтва, на 90-я прыпала нашае станаўленне ў літаратуры. Дарэчы, большасць са «слупоў» «Бум-Бам-Літу» сцвердзіліся як сур’ёзныя літаратары, плённа працуюць, друкуюцца, выдаюць кнігі. Гэта Бахарэвіч, Сін, Жыбуль, Барысевіч ды іншыя. Дарэчы, Катажына Бартноўская, даследчыца літаратуры з Варшаўскага ўніверсітэта, у сваім падручніку для студэнтаў называе беларускую літаратуру 90-х гадоў пакаленнем ББЛ. Гэтую думку паздзяляюць іншыя даследчыкі, не заангажаваныя ў кантэкст беларускай літаратуры, – такое цікавае назіранне з боку.

З кнігі Юрася Барысевіча «Цела і тэкст»: «Пасля акцыі ББЛ «Ням-ням» у парку Горкага (гэта быў свайго кшталту пікнік на сцэне, удзельнікі якога час ад часу падыходзілі да мікрафону і чыталі свае творы) мы пусьцілі ў Сьвіслач эскадру караблікаў, складзеных з прачытаных толькі што тэкстаў, а другую частку кінулі ў закаркаваных пляшках. Зьміцер Вішнёў нават наклеіў на бутлю ад фізіялягічнай рашчыны назву калектыўнага зборніка «Нам хана – вакол хунта!» Зразумела, кідаць пляшкі з творамі ў раку можна з той жа перыядычнасьцю, зь якой выходзяць часопісы ў звычайнай вокладцы – і нават часьцей. Між іншым, сам Вішнёў аддае перавагу вусным тэкстам: надыктоўвае іх у пустыя пляшкі, закаркоўвае, нібы джынаў, і раздае жабракам».

Віктар Жыбуль: Напэўна, колькі «бумбамлітаўцаў» – столькі і разуменняў сутнасці «Бум-Бам-Літа» Для кагосьці гэта рух, для кагосьці – суполка, для кагосьці – літаратурна-сцэнічны праект, для кагосьці – тып творчай самасвядомасці, а для кагосьці – і нешта кшталту жыццёвай філасофіі. І таму нехта, як Зміцер, адчуў крызіс «Бум-Бам-Літа» ў 1998 годзе, нехта значна пазней, а нехта не адчувае яго і дагэтуль. Калі ўважліва пачытаць, напрыклад, сучасныя артыкулы Алеся Туровіча ці Сержа Мінскевіча, дык пераканаемся, што яны бачаць «Бум-Бам-Літ» як штосьці, што развіваецца і мае працяг – але ўжо не ў такіх формах, як гэта было ў 1990-х. І яшчэ гледзячы што лічыць крызісам…Вось выдалі мы ў 1998-м «Тазік беларускі», а працягнуць выданне нашай бібліятэчкі тады не атрымалася. Было адчуванне нейкай невыкананай задачы… Да таго ж шмат хто, асабліва са старэйшых літаратараў, кпіў з нас: маўляў, ваш «бум-бам» мы чуем, а дзе ж «літ»? А «літ» (то бок нашыя кнігі) пачаў актыўна з’яўляцца толькі пачынаючы з 2001 г., калі атрымалася аднавіць выхад «Бібліятэкі Бум-Бам-Літа» і наладзіць выданне кніжных серый Schmerzwerk і «Другі фронт мастацтваў». Апошняй у «Бібліятэцы Бум-Бам-Літа» выйшла кніга Дзяніса Хвастоўскага «Лугназад» (2006). На жаль, Дзяніс вельмі рана пакінуў гэты свет, але астатнія «бумбамлітаўцы», на шчасце, жывуць і, як ужо сказаў Зміцер, плённа працуюць і самарэалізоўваюцца.

Серж МінскевічНі я, ні Алесь Туровіч, ні Віктар Жыбуль ніколі не выходзілі з «Бум-Бам-Літа». Я, увогуле, лічу ўсю сваю навуковую дзейнасць і пераклады таксама набыткам гэтага руху, бо менавіта ўвага да літаратурнай творчасці і мастацтва слова фармавалася ў «Бум-Бам-Ліце».

Юрась Барысевіч: Асноўнай эстэтычнай платформай «Бум-Бам-Літа» было пашырэнне літаратурнай творчасці за звыклыя (прынамсі, для беларускай традыцыі) межы, змаганне з манаполіяй друкарскага варштату, паліграфкамбінату, праз які ўлады кантралююць пісьменнікаў і чытачоў (прынамсі, кантралявалі тады, да распаўсюду камп’ютэраў). Валянцін Акудовіч недзе сказаў, што дзякуючы «Бум-Бам-Літу» беларуская літаратура, нарэшце, дагнала сусветную. Мажліва, і так: у нас шмат сяброў-калег за мяжою. Прынамсі, дзякуючы «Бум-Бам-Літу» беларуская літаратура дасягнула сталасці, у яе з’явілася сапраўдная самакрытычнасць: упершыню літаратура задумалася, ці варта ёй друкавацца.

Узгадвае Віктар Жыбуль: «Падчас чытання літаратар Усевалад Гарачка так гучна крычаў у мікрафон: «Не хадзі на завод! Там рагоча страшэнны рабочы! », што гукаўзмацняльная апаратура выйшла са строю».

Узгадвае Серж Мінскевіч: «Самае крыўднае, што гэтая апаратура належала рок-гурту «Жах», дзе я быў салістам, аўтарам тэкстаў і музыкі (разам з Валянцінам Саўранчуком). І пасля аднавіць апаратуру мы доўга не маглі, бо рамонт каштаваў вялікія грошы. Шкада, што музыкі выступіць так і не змаглі».

Перформанс «Культ асобы» ад «Спецбрыгады афрыканскіх братоў» на фестывалі «Навінкі» 9 верасня 1999 года

Перформанс «Культ асобы» ад «Спецбрыгады афрыканскіх братоў» на фестывалі «Навінкі» 9 верасня 1999 года

Узгадвае Зміцер Вішнёў: «З гэтай труной атрымаўся скандал. Спачатку мы везлі яе 13-м тралейбусам з вуліцы Альшэўскага ў цэнтр, а потым неслі ў Дом літаратара, дзе яна захоўвалася некалькі тыдняў. Падчас перформансу мяне, аголенага, вынеслі з Дома літаратара і панеслі да Палаца мастацтваў. Труна сымбалізавала ўсё няздарнае і непатрэбнае ў літаратуры. Пасля фестывалю мяне выклікала кіраўніцтва (я тады працаваў літаратурным кансультантам у Саюзе беларускіх пісьменнікаў) Вольга Іпатава і Навум Гальпяровіч, а ў «Народнай волі» выйшаў артыкул пра тое, як труна некалькі тыдняў захоўвалася ў Доме літаратара».

«Вечерний Минск», 9 верасня 1999 г., аўтар – Надзея Белахвосцік: «У перформанс была ператвораная, да прыкладу, падрыхтоўка да прадстаўлення пад назвай «Культ асобы» Зміцера Вішнёва з ягонай Спецбрыгадай афрыканскіх братоў. Зміцер з сябрамі спецыяльна набылі ў пахавальнай канторы сасновую труну і везлі яе ў тралейбусе праз увесь горад у накірунку Дома літаратара, дзе труна і захоўвалася ў склепе. Суправаджалася гэтая вандроўка не адной істэрыкай тых, хто быў вакол».

Газеты таго часу

Культура, 02.08.1995

Культура, 02.08.1995

Свободные новости, 14.08.1998

Свободные новости, 14.08.1998

ЛіМ, 14.03.1997

ЛіМ, 14.03.1997