У маі Дзяржаўны камітэт па тэлебачанні і радыёвяшчанні прымае рашэнне расфармаваць рэдакцыю «Беларускай маладзёжнай», фармальна ў сувязі са «зменай арганізацыйнага статусу Дзяржкамітэта». Набліжаюцца выбары першага прэзідэнта, і тагачасныя ўлады відавочна закручваюць гайкі, пазбаўляючыся ад папулярнага, дзёрзкага і да таго ж нацыяльна арыентаванага гульца на медыйным рынку маладой Беларусі. Пра гісторыю здабыткаў «Маладзёжкі», барацьбу з радыйным кіраўніцтвам, першыя прамыя эфіры і пра Пазняка з Лукашэнкам распавядаюць галоўная рэдактарка «БМ» Жанна Літвіна і яе намесніца Таццяна Мельнічук.

«Беларуская маладзёжная». Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі.

«Беларуская маладзёжная». Аксана Вечар, Зміцер Лукашук, Генадзь Кеснер, Жанна Літвіна, Віталь Сямашка, Ірына Курапаткіна. Сядзяць Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі.

 «Гэта была другая на тэрыторыі СССР спецыялізаваная рэдакцыя са статусам радыёстанцыі»

«Беларуская маладзёжная» пачала вяшчанне ў 1963 годзе. Гэта была другая на тэрыторыі СССР спецыялізаваная рэдакцыя са статусам радыёстанцыі пасля маскоўскага радыё «Юность» (знакаміты «Маяк» з’явіцца годам пазней). Афіцыйна яна называлася «галоўная рэдакцыя праграм для моладзі» ў сістэме дзяржаўнага радыё БССР, а «Беларуская маладзёжная», натуральна, было дасціпнай назвай, або папросту – брэндам радыёстанцыі.

litvina

Ж.Л.: Сам факт працаўладкавання на «Беларускую маладзёжную» быў адной са здзейсненых мараў у жыцці. Я прыйшла працаваць у 1976-м, хаця пачала супрацоўнічаць яшчэ на год раней.У 1978-м старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР становіцца паэт Генадзь Бураўкін.

Па словах Жанны Літвіной, якую ў 1985 годзе прызначылі галоўнай рэдактаркай «Беларускай маладзёжнай», Генадзь Мікалаевіч праводзіў кадравы эксперымент, прызначаючы кіраўнікамі тых, у каго за спінай не было наменклатурнага партыйнага падмурку: «Ніна Чайка ўзначаліла маладзёжную рэдакцыю Беларускага тэлебачання – з’явілася праграма «Крок», Вольга Іпатава была прызначаная кіраўніком літаратурна-драматычнай рэдакцыі тэлебачання…»

Жанна Літвіна нарадзілася ў Мінску ў сям’і мастака Мікалая Залознага, скончыла журфак БДУ, з 1976 па 1994 гг. працавала ў сістэме Дзяржтэлерадыё Беларусі, пасля закрыцця «Беларускай маладзёжнай» заснавала «Радыё 101,2FM», была дырэктаркай беларускага карпункта радыё «Свабода», з 1995-га ўзначальвае БАЖ

Прызначэнне 30-гадовай Жанны Літвіной галоўнай рэдактаркай «Беларускай маладзёжнай» супадае па часе з самым пачаткам перабудовы.

Ж.Л.: Было вельмі лёгка пачынаць, бо здавалася, што разам з Берлінскай сцяной падае ўся гэта сістэма, а далей пачынаецца абсалютна новае жыццё.

meln

Т.М.: Калі перабудова толькі пачалася, старэйшыя журналісты нас моцна палохалі, што гэта часовая адліга. Падчас аднаго з першых мітынгаў у Курапатах нам увогуле забаранілі выносіць з Дома радыё гуказапісваючае абсталяванне, а мы яго пахавалі ў торбы або пад вопратку, прыйшлі туды, дасталі мікрафоны і сталі пісаць. Гэта было не тое каб адчуванне суцэльнай вольніцы, а хутчэй таго, што наша кіраўніцтва можа памыляцца, а мы ведаем, як рабіць правільна.Да «БМ» права выхаду ў прамы эфір мелі толькі дыктары дзяржаўнага радыё, якія абвяшчалі дакладны час і чыталі выпускі інфармацыйных паведамленняў. Перабудовачная праграма «Взгляд» і яе прамыя эфіры сталі сапраўдным разбуральнікам застылых традыцый савецкага вяшчання, і таму «Беларуская маладзёжная» таксама вырашыла адваёўваць для сябе права на прамы эфір.

Ж.Л.: На тое, што ў нас атрымалася выйсці ў прамы эфір першымі з беларускіх радыёстанцый, паўплывалі яшчэ і прамыя трансляцыі з паседжанняў Вярхоўнага Савета БССР. Ніводны блакбасцер не параўнаецца з той прыцягальнасцю, якая была, асабліва для палітычна актыўных людзей, для людзей, якія вучыліся думаць, падчас гэтых трансляцый. І ўжо само жыццё казала, што трэба размаўляць з грамадствам у прамым эфіры.

Таццяна Мельнічук нарадзілася ў Брэсце, скончыла журфак БДУ,
працавала ў ваеннай прэсе, затым была намесніцай галоўнага рэдактара радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» і галоўным рэдактарам аднайменнай газеты. Доўгі час супрацоўнічае з ВВС, зараз з’яўляецца адзінай акрэдытаванай карэспандэнткай Брытанскай вяшчальнай карпарацыі ў Беларусі, выкладае асновы радыёжурналістыкі ў ЕГУ.

Самы першы прамы эфір быў абсалютна прымітыўнай праграмкай, якая змяшчала невялічкую інфармацыю і некалькі музычных заявак. Яго праводзіла менавіта я, дэманструючы кіраўніцтву, што бяру ў выпадку чаго на сябе адказнасць. Са мной у пары працаваў Ігар Ганчарук. Нягледзячы на дадзеную прысягу, што ніякага хуліганства не будзе, і на ўзгадненне кожнай коскі і кожнай інтанацыі, кіраўнік дырэкцый праграм радыё ўсё адно наведаў апаратную, дзе сказаў, што калі штосьці будзе не так, хай адразу мікшыруюць і прыбіраюць з эфіру.

Т.М.: Акрамя прамога эфіру, мы яшчэ дабіліся, каб нам усталявалі шматканальны тэлефон для сувязі са слухачамі. Праводзілі эфір усе па чарзе, то бок сярод журналістаў радыёстанцыі не было тых, хто проста падносіў паперкі. У нас, безумоўна, быў дзяжурны рэдактар, які рыхтаваў апошнія навіны і прыносіў іх у студыю, але шмат чаго залежала ад вядучага. Нават студэнты, якія прыходзілі да нас на практыку, рабілі невялікія рубрыкі. Падчас майго эфіра адна са студэнтак рыхтавала рубрыку «Радыёпрайс», якая асвятляла кошты ў Мінску, а яны ў той час змяняліся штодзень. І вось яна раптам збілася на нейкім слове, пачала нервова хіхікаць, а скончылася ўсё маланкавым хохатам у эфіры, і мы нават не паспелі развітацца. Але гэта было нармалёва – прамы ж эфір. І за гэта слухачы нас любілі. Хаця, здавалася б, што такое жывы эфір? Адраджэнне старой формы, якая існавала пры заснаванні радыё.

Наступнай пасля прамых эфіраў мэтай «Маладзёжкі» стала змяненне стэрэатыпных вяшчальных сетак. З 1991 года “Беларуская маладзёжная” дамаглася таго, што час, у які традыцыйна выходзілі вечаровыя навіны з Масквы, замацаваўся за ёй. Праз некалькі тыдняў пасля гэтага адбыліся сумнавядомыя падзеі са штурмам савецкімі войскамі тэлецэнтра ў Вільне.

Ж.Л.: Трэба ўлічваць поўнае маўчанне пра гэта ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, а тут раптам з Вільнюса выйшаў на сувязь Сяргей Дубавец, які на ўсю Беларусь сказаў пра акупацыю Вільнюса савецкімі войскамі і пра штурм вільнюскай тэлебашні. І гэта сапраўды было «бомбай». Адразу ж пасыпаўся шквал тэлефанаванняў нашых грамадзян з патрабаваннямі выключыць гэтую перадачу, з абразамі, прычым тэлефанаванні ішлі абсалютна па ўсіх нумарах, якія толькі маглі адказваць пасля сёмай гадзіны, па хатніх тэлефонах усіх кіраўнікоў і гэтак далей. І гэта яшчэ нішто. Прайшоў рэпартаж, а праз некалькі хвілін Васіль Крупскі, карэспандэнт радыё «Свабода», распавёў у прамым эфіры, што ў Персідскай Затоцы раніцай пачнецца вайна… Карацей, наступным днём паседжанне Вярхоўнага Савета пачалося з праслухоўвання стужкі, на якую запісваўся эфір, была створана камісія, якая мусіла разабрацца ў гэтай антысаветчыне ці яшчэ чымсьці на Беларускім радыё, а паралельна была створана і група дэпутатаў, якая накіравалася ў Вільнюс, каб на ўласныя вочы паглядзець, што ж там такое адбываецца. Але ж перажыць тыя двое сутак, пасля якіх самі дэпутаты ўжо з Вільнюса пачалі распаўсюджваць інфармацыю пра сапраўдныя падзеі, было складана. Дарэчы, першае паведамленне ТАСС з’явілася толькі на наступны дзень дзесьці пасля паўдня. Гэта быў прамежак інфармацыйнага вакууму, калі трасуцца рукі і ты блізкі да разрыва сэрца. Мала хто ведае, але ў рэдакцыі было пяць камуністаў. Пасля падзей у Вільнюсе ў нас быў сход первічнай арганізацыі, на якім чатыры асобы абвесцілі пра выхад з партыі, а я як кіраўнік мусіла застацца. Але пратрымалася толькі да ГКЧП.

Т.М.: У гэты ГКЧП мы на «Беларускай маладзёжнай» неяк не паверылі, хаця ўсё кіраўніцтва Беларусі проста чакала і маўчала. У праграмах мы вельмі падрабязна распавядалі пра тое, што адбываецца ў Маскве, хаця і гэта было забаронена. А яшчэ да гэтага, падчас Вільнюскіх падзей, калі я пачула пра тое, што там адбываецца, здала партбілет.

«Але што змянілася пасля 1991 года? Напэўна, мы сталі больш адказнымі за тое, што робім»

У перабудовачныя часы «БМ» не баялася казаць пра нацыянальнае адраджэнне. Рэдакцыяй быў праведзены круглы стол з удзельнікамі суполкі «Талака», якія ўпершыню распавялі пра нацыянальную валюту, армію і незалежнасць Беларусі. Стужкі гэтага запіса наступным днём забрала КДБ, ускрыўшы мантажную студыю, але неўзабаве яны былі вернуты. Прынцыповым для «БМ» заставалася і моўнае пытанне. Вяшчанне вялося на беларускай мове класічнага ўзора, так званай «тарашкевіцы».

Ж.Л.: Наконт гэтага слухачы з намі ваявалі, але, відаць, усё новае прыжываецца вельмі складана. Самы паказальны прыклад – гэта рэпартаж пра Купалле, тлумачэнне паходжання гэтага свята і ўжыванне слова «паганства». Рэакцыя аднаго з слухачоў, калі ён патрапіў па тэлефоне на галоўнага рэдактара, гэта такі неверагодны гнеў, такія жорсткія абразы, маўляў, вы паразіты, даўніну сваю называеце паганай, я зараз буду тэлефанаваць куды трэба, каб вас усіх звольнілі. Я слухала ўсё гэта і спакойна чалавеку тлумачыла пра паганства.Акрамя таго, журналісты «БМ» першымі ў гісторыі Беларускага радыё пачалі праводзіць шматгадзінныя радыёмарафоны з прамымі тэлевізійнымі ўключэннямі. Марафоны маглі прысвячацца 5-годдзю Чарнобыльскай трагедыі або святкаванню Купалля.

liavonУзгадвае Лявон Вольскі, супрацоўнік «Беларускай маладзёжнай»: «Папрацаваць у абноўленай “БМ” мяне запрасіў сябра Віталь Сямашка. Мы меркавалі, што я буду весьці праграму пра актуальнае мастацтва – жывапіс, літаратуру, музыку. Напачатку так і было, але з часам мая перадача “Квадракола” перарадзілася ў містыфікацыйна-абсурдовы фарс. Пачалі зьяўляцца вар’яцкія госьцікі – кіраўнічка народнае капэлы “Дзякуй”, марсыянскі шпіён, доктар Эдбай, які лекаваў слухачоў тувінскімі гарлавымі сьпевамі і іншыя ня менш экзатычныя пэрсанажы. Зрэшты, раз-пораз, каб канчаткова заблытаць слухача, у этэр запрашаліся рэальныя асобы. Мне ніхто не перашкаджаў рабіць тое, што я хацеў, хаця, часам гэта было на мяжы поўнага абсурду. Толькі адзін раз Жанна Літвіна зняла з этэру перадачу, дзе дзьве хвіліны нешта прачыталася па ролях, а потым я запусьціў цалкам REVOLUTION#9 Beatles. Я цяпер зь ёй згодны, гэта было занадта для дзяржрадыё.
Яшчэ я адаптоўваў для радыёвэрсіяў розныя дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Аднаго разу я прапіхнуў пад відам замежнага трылера свой твор. Нават цяпер памятаю назву: “Аднастайнае правінцыйнае жыцьцё”. Штотыдзень рабіліся гэткія радыёп’есы.
Ну, і ясна, што ўся музычная афарбоўка таксама рабілася мною і маімі тагачаснымі музычнымі калегамі.
Каманда была для дзяржрадыё нетыповая: выглядалі як нефармалы і працавалі гэтак жа. Нефармальна. Зусім выпадалі з агульнае радыйнае шэрасьпінжачна-гальштучнае масы. Адно тое, што ўсё вялося на тарашкевіцы чаго варта! Нягледзячы на пратэсты пэнсіянэраў і вэтэранаў працы.
Калі падчас выбараў нам прыпынілі выхады ў этэр, выпускаючы гукарэжысэр Зьміцер Новікаў (цяпер — дырэктар Эўрарадыё) гадзінамі на знак пратэсту круціў альбомы AC-DC. Бо гаварыць у этэры было нельга, а музыку круціць – трэба».

 

Т.М.: У часы незалежнасці мы папрацавалі нядоўга. Але што змянілася пасля 1991 года? Не тое каб стала больш свабоды. Напэўна, мы сталі больш адказнымі за тое, што робім. Да нас у эфір прыходзілі ўсе, каго мы жадалі бачыць, любыя чыноўнікі – не было такога, як зараз, у нас быў вялікі аўтарытэт. Я памятаю, як пасля «маладзёжкі» рэдакцыю прапаганды прымусілі таксама рабіць прамыя эфіры і мы ўсе ціха з іх хіхікалі, але мудры кіраўнік радыё Баляслаў Сушкевіч сказаў: «Няхай вучацца, гэта ж новая форма».

Трэба сказаць, разам з сацыяльнымі пераўтварэннямі змяняўся і слухач, бо ён шукаў адказы на шматлікія пытанні. Нашы праграмы насамрэч чакалі і слухалі не для таго, каб паставіць галачку ці адпрацаваць заробак, а для таго, каб паўдзельнічаць у цікавых абмеркаваннях. Нягледзячы на назву станцыі, ніякага падзелу па ўзросце не было. Нам мог патэлефанаваць і Станіслаў Шушкевіч, і студэнт БДУ Павел Латушка, які потым стаў міністрам культуры.

«Аляксандр Лукашэнка быў частым госцем нашых эфіраў»

Напярэдадні першай прэзідэнцкай кампаніі Таццяна Мельнічук і Жанна Літвіна сталі даверанымі асобамі Станіслава Шушкевіча, Алена Радкевіч і Віталь Сямашка сталі працаваць у штабе Зянона Пазняка (пасля закрыцця «БМ» толькі ім абодвум не прапануюць застацца працаваць на радыё). Кандыдат, якому наканавана было ўсіх абскакаць, таксама наведваў прамыя эфіры «БМ» яшчэ ў статусе дэпутата.

Ж.Л.: Аляксандр Лукашэнка быў частым госцем нашых эфіраў, і нават былі выпадкі, калі не атрымлівалася прыйсці ў эфір камусьці запланаванаму, заўсёды звярталіся да Аляксандра Рыгоравіча. Я думаю, ужо ў той час у яго было ўсведамленне той сілы, якую з сябе ўяўляюць СМІ, таму ён выкарыстоўваў кожную магчымасць выказацца. Запрашэнне ж у эфір Зянона Пазняка азначала, што, як толькі мікрафонная папка патрапіць на стол да кіраўнікоў Беларускага радыё, мяне павалакуць чарговы раз незразумела для чаго ў кабінет, будуць папярэджваць і застрашаць, хаця які я магла аказваць уплыў на прамы эфір? І такое адбывалася абсалютна перад кожным візітам Зянона Станіслававіча.

Таццяна Мельнічук: Аднойчы мы з Інай Студзінскай працавалі на эфіры, дзе быў госцем Аляксандр Лукашэнка. Дык пасля эфіра дэпутат быў такі задаволены, што прапаноўваў нам пайсці да яго працаваць дыспетчарамі і ўвогуле казаў, што мы самая лепшая рэдакцыя, нават паабяцаў нам скрыню гарэлкі і парася. Пасля закрыцця радыёстанцыі і першых прэзідэнцкіх выбараў у сваёй газеце мы напісалі: «Абяцаў парася, а падклаў свінню».

Т.М.: Быў і такі выпадак, калі да мяне на суботнюю праграму «Радыёкантакт» не прыйшоў Зянон Пазняк. І гэта для мяне было шокам у розных аспектах. Ніякія тэлефоны не адказвалі, я хвалявалася, што з ім магло штосьці здарыцца на падыходах да Дома радыё. Мы гатовыя былі прыняць вымовы за тое, што запрасілі яго ў эфір, бо ён, безумоўна, быў у апале, але ён проста не прыйшоў. Дзесьці праз дзень ён аб’явіўся. А Лукашэнка быў у нас на 30-годдзі «Маладзёжкі», але болей ён наведваў рэдакцыю народнай гаспадаркі, дзе працаваў Віктар Ядранцаў, якога потым прызначылі кіраўніком Дома радыё.

«Калі прынялі гэта рашэнне аб закрыцці, мы проста сышлі адтуль. 18 ці 19 чалавек пакінулі радыё ўвогуле»

Яшчэ ў сакавіку 1994 года была зарэгістраваная газета «Беларуская маладзёжная», у якой друкаваліся расшыфроўкі радыйных гутарак, анонсы эфіраў і ўсё, што не змяшчалася ў радыёфармат. Калі радыёстанцыю зачынілі, газета засталася. Нягледзячы на тое, што амаль усе супрацоўнікі «БМ» мелі магчымасць працягнуць працу на дзяржаўным радыё ў іншых рэдакцыях, кожны напісаў заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Рэдакцыя знікла, а на месцы «Маладзёжкі» быў створаны канал «Радыё-2», які пасля ператварыўся ў канал «Культура».

Т.М.: Кажуць, захаваўся запіс апошняга прамога эфіра «БМ», калі стала вядома пра закрыццё. Кебіч прыняў гэта рашэнне збольшага таму, што мы яго не падтрымалі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Тады ў эфіры былі Віталь Сямашка і я. Ну, і мы ўжо далі волю пачуццям. Хаця, калі пераслухоўвалі эфір, аказалася, што больш за астатніх сказаў Станіслаў Шушкевіч, які вярнуўся ў Беларусь аднекуль з-за мяжы, яму раптам сказалі пра наша закрыццё, і ён быў настолькі абураны, не ведаў, каму тэлефанаваць, уключыў радыё, пазваніў у эфір і выказаўся ад душы пра тых, хто такім чынам абыходзіцца з папулярнай радыёстанцыяй. Дык вось, калі прынялі гэта рашэнне аб закрыцці, мы проста сышлі адтуль. 18 ці 19 чалавек пакінулі радыё ўвогуле. Кожнаму паасобку прапаноўвалася праца, але мы вырашылі, што калі сыходзім, то ўсе. У нас была шыкоўная каманда. Кожны ўмеў рабіць сваё і рабіў гэта так, як іншы не мог. Я сваім студэнтам заўсёды стаўлю ў прыклад Алеся Дайнэку, які ствараў рэпартажы падчас картак, дэфіцыту і талонаў. Ён вынайшаў цікавы метад: прабіраўся праз усю чаргу амаль да самай прадавачкі і запытваўся: «А ў вас бананы ёсць?» Уявіце сабе, што яму адказвала і тая прадавачка, і тая чарга. Там было літаральна пра ўсё. Выбітнейшыя рэпартажы.

«Увогуле ж «Беларускую маладзёжную» я ўзгадваю як адзін з самых шчаслівых момантаў у жыцці»

Ж.Л.: Мы ведаем шэрагі выпадкаў, калі абсалютна вар’яцкімі шляхамі прыбіраліся кіраўнікі рэдакцый, але каб сысці ўсім калетывам… Я ганаруся гэтым усё сваё жыццё. Гэты факт – тое, што зрабіла мяне асобай. Ніколі не забуду шчырыя размовы з Віталем Сямашкам, які мне сказаў: «Жанна, ты проста не можаш быць іншай!» Мае намеснікі – гэта людзі, якія мяне вельмі падтрымлівалі маральна. Гэта была каманда. Калі нельга здрадзіць адзін аднаму, калі вы адно цэлае, калі ўсе ведаюць, што такое еднасць і апантанасць. Я, відаць, пасля гэтага разумею тых, хто здзяйсняў рэвалюцыі. Толькі наша ідэя была святой: за Беларусь, за сваё нацыянальнае, за сваю годнасць.

Т.М.: Быў вялікі жаль, таму што мы разумелі, што такой радыёстанцыі ўжо не будзе. Праз пэўны час нас запрасіў да сябе віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар, бо гэта быў першы выпадак, калі пасля закрыцця СМІ было шмат заяваў ад партый і арганізацый, калі газеты друкавалі пратэсты, ну і г.д. І мы схадзілі ў Дом урада, дзе ён сказаў, што ёсць ідэя адрадзіць «маладзёжку», але з адной просьбай: не крытыкаваць прэзідэнта. На што мы сказалі «не», і таму нічога не атрымалася.

Шкада таксама запісаў, што мы здалі ў архіў Дома радыё, але тая новая каманда, што прыйшла пасля Лукашэнкі, паспяхова гэтыя архівы патрушчыла. А там былі не толькі нашыя прамыя эфіры, а і запісы з Сібіры, адкуль у сярэдзіне 1980-х я рабіла рэпартажы і інтэрв’ю з рэпрэсаванымі ў сталінскія часы беларусамі – тое былі сапраўды цікавыя лёсы.

Увогуле ж «Беларускую маладзёжную» я ўзгадваю як адзін з самых шчаслівых момантаў у жыцці: ніхто нікога ніколі не падставіў, ніхто нікога не здаў, толькі ўзаемадапамога і прафесіяналізм – гэта было шыкоўна.

1

Праз год пасля закрыцця «БМ» пры падтрымцы Фонда Сораса было створана «Радыё 101,2», якое стала спадкаемцам «маладзёжкі», а каманда на чале з Жаннай Літвіной пераехала ў невялікую студыю на вуліцу Рэвалюцыйная ў Мінску. Крыху больш чым праз год «Радыё 101,2» таксама было зачынена, а на яго студыі былі запісаны супольныя музычныя праекты «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут».

 

Газеты таго часу

Заява радыёстанцыі, газета Беларуская Маладзежная, чэрвень 1994

Заява радыёстанцыі, газета Беларуская Маладзежная, чэрвень 1994

Як арыштавали песню,  газета Беларуская Маладзежная, чэрвень 1994

Як арыштавали песню, газета Беларуская Маладзежная, чэрвень 1994

Спасылкі па тэме

1. 45 гадоў «Беларускай маладзёжнай»

2. «Беларуская маладзёжная» – школа журналісцкага майстэрства Беларусі

3. Як радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» адзначыла 1 красавіка

4. 15 гадоў таму было зачынена незалежнае Радыё 101,2

 

Фатаздымкі ўзятыя з сайту Беларускай асацыяцыі журналістаў.