«Рэспубліка Беларусь унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава». 15 сакавіка 1994 года дэпутаты Вярхоўнага Савета ХII склікання прынялі Канстытуцыю – першы асноўны закон незалежнай Беларусі.

Пра працэс і цяжкасці стварэння новай канстытуцыі, яе значэнне ў лёсе краіны і наступствы яе прыняцця мы гутарым з Аляксандрам Кур’яновічам, юрыстам і выкладчыкам гісторыі, даследчыкам перыяду вялікіх змен 90-х, і Валянцінам Голубевым, доктарам гістарычных навук і непасрэдным удзельнікам распрацоўкі Канстытуцыі 1994 года.

940

– Як стваралася Канстытуцыйная камісія?

Валянцін Голубеў: Працэсы пабудовы дзяржавы мала залежалі ад перакананняў людзей, якія туды прыйшлі. Дзяржаўныя і нацыянальныя інтарэсы пераважалі над партыйнымі. Цікава было тое, што абсалютная большасць людзей – як камуністаў, так і юрыстаў, прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, – прыйшлі да адзінай высновы, што Беларусь павінна мець канстытуцыю, якая б абвяшчала яе незалежнасць. 22 чэрвеня 1990 г. была прынята Пастанова Вярхоўнага Савета БССР «Аб стварэнні Канстытуцыйнай камісіі. Праца над Канстытуцыяй Беларусі доўжылася 3 гады і 9 месяцаў і скончылася 15 сакавіка 1994 года.

kurАляксандр Кур’яновіч: У склад камісіі ўваходзілі дэпутаты Вярхоўнага Савета і запрошаныя спецыялісты. Разглядаючы спіс канстытуцыйнай камісіі, можна пабачыць, што дэпутатаў-юрыстаў было недастаткова для напісання такога сур’ёзнага дакумента, таму у склад камісіі былі ўключаныя юрысты-практыкі і юрысты-тэарэтыкі. Але, калі запрошаныя юрысты давалі некаторыя напрацоўкі, то яны не заўсёды і не ўсе прымаліся. Усё ж такі большы ўдзел у гэтым працэсе прымалі палітыкі.

Golubev– Як адбывалася распрацоўка канстытуцыі?

Голубеў: Былі створаныя дзве працоўныя групы. Адна афіцыйная (прадзяржаўная), другая – альтэрнатыўная (дэмакратычная). Афіцыйную групу ўзначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Шаладонаў, а альтэрнатыўную – дэпутат Вярхоўнага Савета Ганчар.

У камісіях працавалі юрысты, эканамісты, палітолагі, сацыёлагі і іншыя спецыялісты. На працягу года былі падрыхтаваныя два праекты канстытуцыі, пасля чаго іх аб’ядналі ў адзін праект і працягвалі працу над яго ўдасканальваннем.

Напачатку мы атрымлівалі заданні, працавалі дома, збіраліся ў тыя часы, калі сесіі не было. Тады Вярхоўны Савет працаваў не так, як зараз, працы было шмат, і ўся яна была вельмі напружаная. Але потым некалькі разоў для нас былі створаныя даволі камфортныя ўмовы. Нас вывозілі ў дзяржаўную рэзідэнцыю «Сосны», што пад Мінскам. Адтуль мы практычна не выязджалі. Нас забяспечылі сценаграфістамі і літаратурай, паперай. Камп’ютараў тады не было. Уся працоўная група абмяркоўвала раздзелы за вялікім сталом. Абмяркоўвалі кожны артыкул у кантэксце гістарычнага вопыту, пасля разглядалі магчымасці яго прымянення ў нашых умовах. Гэта было цяжка. Мы ўставалі а сёмай раніцы, снедалі і да 10 працавалі. Так мы і накідалі праект канстытуцыі. Першы праект у нас ужо быў гатовы напрыканцы 1991 года.

– На вопыт якіх краін арыентаваліся пры прыняцці Канстытуцыі?

Голубеў: Мы вывучылі і прааналізавалі вельмі шмат канстытуцый, гэта былі практычна ўсе канстытуцыі краін Еўропы, а таксама ЗША. Мы імкнуліся глядзець на вопыт іншых краін, але адаптаваць яго пад нас.

Кур’яновіч: Праект канстытуцыі прайшоў экспертызу замежных спецыялістаў у Германіі, Англіі, Польшчы, ЗША, Украіне і Расіі. Два разы праект друкаваўся ў газетах для ўсенароднага абмеркавання. Першы праект канстытуцыі быў апублікаваны ў 1991 годзе.

94_2

– Якім чынам грамадзяне прымалі ўдзел у абмеркаванні канстытуцыі?

Кур’яновіч: Як грамадзяне, так і розныя ўстановы маглі дасылаць рознага кшталту заўвагі і прапановы на адрас камісіі. Пераважная колькасць заўваг і прапаноў тычыліся бясплатнай адукацыі і аховы здароўя. Дарэчы, шмат людзей таксама былі супраць інстытута прэзідэнцтва.

Голубеў: Гэтых заўваг было даволі шмат. Некаторыя былі ўлічаны камісіяй, а некаторыя выносіліся на разгляд дэпутатаў.

– Як галасавалі за артыкулы канстытуцыі?

Голубеў: Кожны артыкул канстытуцыі, а ў большасці выпадкаў і кожная частка артыкула, прымаліся дэпутатамі асобна канстытуцыйнай большасцю галасоў. Пасля гэтага такім жа чынам прымаліся асобныя главы і раздзелы канстытуцыі.

Кур’яновіч: А яшчэ шмат што залежала ад настрою дэпутатаў. Адзін дзень прайшоў так, другой па-іншаму, на кагосьці ціснулі, камусьці прапаноўвалі нешта.

– Існуе меркаванне, што «Канстытуцыя рабілася пад Кебіча». Ці праўда гэта?

Кур’яновіч: Канстытуцыя сапраўды рабілася пад тагачаснага прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча. У яго была дэпутатцкая група «Беларусь», адна з самых шматлікіх, якая, адпаведна, гэтую ідэю прэзідэнцкай рэспублікі і лабіравала. І бліжэйшае атачэнне прэм’ера штодня нашэптвала яму, што ён ужо без пяці хвілін прэзідэнт і што ўсё гэта лёгка і проста.

Голубеў: На дэпутатаў, што працавалі ў структурах выканаўчай улады, аказваўся амаль адкрыты ціск, каб яны падтрымалі прапрэзідэнцкі ці пракебічаўскі варыянт канстытуцыі.

– Ці магла Беларусь стаць парламенцкай дзяржавай?

Голубеў: Мы прыйшлі да высновы, што Беларусь павінна быць парламенцкай дзяржавай з невялікім парламентам, прыблізна 140-160 чалавек. Мы не адмаўляліся ад парламенцкай дзяржавы з наяўнасцю прэзідэнцкай пасады, гэта вопыт Германіі і Ізраіля. Гэта бы нам падыходзіла. Нам не быў патрэбны цар, нам быў патрэбны арбітр, які выконваў бы толькі прадстаўнічыя функцыі і функцыі трацейскага суддзі. Але ў выніку большасць пад ціскам прагаласавала за прэзідэнцкую рэспубліку.

NavumchikСяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XII склікання. З інтэрв’ю Радыё Свабода: «За прэзыдэнцкія разьдзелы галасавалі ня толькі дэпутаты з парлямэнцкай большасьці, якія былі падпарадкаваныя Кебічу – іх было больш за палову, але ня дзьве траціны, – але за гэта ўжо галасавалі і агітавалі таксама «маладыя ваўкі» Ганчар, Булахаў, Шэйман, Лукашэнка, якія рабілі стаўку на Лукашэнку. За гэта выступаў, напрыклад, і Генадзь Карпенка, які ў сваёй фракцыі меў чалавек 10-15».

Кур’яновіч: Самымі складанымі і цяжкімі былі артыкулы, якія тычыліся дзяржаўнай мовы і формы кіравання. Апазіцыя выступала за адну мову, іншыя дэпутаты за тое, каб былі две дзяржаўныя мовы, але ў выніку сталася так, што беларуская мова была зацверджана як дзяржаўная, а руская – як мова замежных камунікацый. Што тычыцца формы кіравання, то па гэтаму пытанню адзінага меркавання ў дэпутатаў не было. Адны выступалі за ўвядзенне прэзідэнцкай формы кіравання, іншыя былі катэгарычна супраць і выступалі за парламенцкую форму кіравання.

Голубеў: Выбар формы дзяржаўнага кіравання адбываўся паводле галасавання па асобных палажэннях шляхам падачы імённых бюлетэняў. Цэлая кіпа папер па 11 старонак тэксту кожная. Я не прымаў удзел у гэтым галасаванні. Было арганізавана пайменнае галасаванне на працягу трох дзён: 24, 25 лютага і 1 сакавіка 1994 года. Працэс галасавання і ціску на дэпутатаў склаў у выніку 6 дзён, бо 26, 27 і 28 былі выходныя. За гэтыя дні на людзей паспелі добра паўплываць праз ціск і пагрозы. У выніку большасць прагаласавала за прэзідэнцкую форму кіравання.

Кур’яновіч: У галасаванні таксама не браў удзел Шушкевіч, бюлетэнь ён не вярнуў. Апазіцыя ўвогуле не ўдзельнічала ў галасаванні, бо лічыла гэта парушэннем закона і рэгламента. На іх меркаванне, нельга канстытуцыю прымаць на працягу некалькіх дзён. Навумчык заяўляў, што гэтая канстытуцыя вельмі супярэчлівая і як такая выбухоўка ўзарве грамадства на працягу некалькіх дзён.

– Ці адбываліся канфлікты паміж апазіцыяй і іншымі дэпутатамі?

1

Мечыслаў Грыб падпісвае Канстытуцыю

Кур’яновіч: Так, барацьба была даволі жорсткай. Апазіцыя БНФ настойвала на датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета XII склікання. І нават сабралі подпісы на правядзенне рэферэндума ў 1992 годзе. У іх атрымалася сабраць больш за 400 тысяч подпісаў. Яны сцвярджалі, што з гэтым Вярхоўным Саветам працаваць, а тым больш прымаць новую канстытуцыю, было нельга. Ён быў цалкам камуністычным. Але кіраўніцтва Вярхоўнага Савета прыняло пастанову, што падчас збору подпісаў мелі месца парушэнні, нібыта там распісваліся памерлыя і іншае. Таму заўсёды, ва ўсіх выступах вы знойдзеце, што апазіцыя не прабачыла Шушкевіча за тое, што ён сарваў рэферэндум у 1992-м, бо тады гісторыя магла б пайсці зусім іншым шляхам. Шушкевіч тады быў старшынёй Вярхоўнага Савета, і яму, як і іншым дэпутатам, было невыгодна праводзіць рэферэндум, бо гэта пагражала стратай пасады.

– У выніку канстытуцыю распрацоўвалі 4 гады. Ці нармальны гэта тэрмін?

Кур’яновіч: Так, цалкам нармальны. Спачатку мне падавалася, што яны зацягнулі ў выніку нейкіх праблем. А пасля зразумеў, што варта было б яшчэ больш над ёй пасядзець, бо яна вельмі недасканалай атрымалася. Шматлікія нормы адна адной супярэчылі.

Апазіцыя прапаноўвала назваць Вярхоўны Савет Вярхоўнай Радай, Соймам. Шматлікія тэрміны яны прапаноўвалі перанесці з ВКЛ («ратуша», «войт»), хацелі перайменаваць Мінск у Менск… Але ні адна з гэтых прапаноў не была прынятая. З прэамбулы таксама прыбралі абзац, у якім узгадваліся гістарычныя прававыя акты канстытуцыйнага значэння, якія папярэднічалі Канстытуцыі Беларусі. Больш за ўсё дэпутатаў раздражнялі ўзгадкі пра ВКЛ, Рускае і Жамойцкае княствы, пра БНР.

– Ці быў у Канстытуцыі 1994 года нейкі «небяспечны» артыкул?

Кур’яновіч: Вельмі спрэчнай была частка 1 артыкула 100 Канстытуцыі 1994-га, адпаведна з якой прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прымае меры па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, па забеспячэнні палітычнай і эканамічнай стабільнасці, захоўванні правоў і свабод грамадзян. Фактычна пад гэтую частку было магчыма падвесці любыя дзеянні прэзідэнта. Прэзідэнт 2 разы выкарыстоўваў гэты пункт. Першы раз – калі зняў з пасады рэдактара «Народнай газеты». А другі раз – калі з пасады старшыні Цэнтрвыбаркаму быў адхілены Ганчар. Апазіцыйнымі сіламі гэта кваліфікавалася як пераварот. Менавіта гэты пункт дапамагаў ужо пазней змагацца Лукашэнку з яго палітычнымі апанентамі легальным сродкам. Зараз гэты пункт перанесены ў абавязкі прэзідэнта.

Наступствы прыняцця Канстытуцыі

consti

Унутраны разварот Канстытуцыі 1994 года

Голубеў: Канстытуцыя пісалася вельмі дэмакратычнай, і абмяркоўвалася яна таксама вельмі дэмакратычна. Пасада прэзідэнта сама па сабе не такая страшная. Калі б Канстытуцыя выконвалася і калі б не асабістыя якасці першага прэзідэнта, магчыма, дзяржавабудаўнічыя працэсы ў Беларусі ішлі б зусім інакш. Памылка была не дэмакратычных сіл, памылка была Вярхоўнага Савета, Шушкевіча і той групы «Беларусь». Шушкевіч хацеў захавацца пры ўладзе, тыя хацелі дарвацца да ўлады і перашкодзіць правядзенню дэмакратычных выбараў Вярхоўнага Савета. Калі б быў новы дэмакратычны парламент, ён бы забяспечыў усе палажэнні ў Канстытуцыі падзаконнымі актамі, якія б гарантавалі іх рэалізацыю.

Мы напісалі ідэальную канстытуцыю, проста ёю скарысталіся палітычныя злачынцы, калі выкруцілі рукі Вярхоўнаму Савету.

Кур’яновіч: Дэпутаты ў сваёй большасці былі не зусім падрыхтаваныя да ўспрыняцця праекта канстытуцыі, бо ён, акрамя ўсяго іншага, у значнай ступені арыентаваны на заходнія прыклады. Дэпутатам быў непрымальны дух новай канстытуцыі, гэты подых Захаду. У іх было імкненне да савецкай канстытуцыі.

Варта яшчэ адзначыць недысцыплінаванасць дэпутатаў, якія часам нават не прыходзілі на паседжанні. Вельмі неахайна вяліся архіўныя дакументы. Было шмат вельмі варожых узаемаадносін, якія, безумоўна, сыгралі ролю.

Апазіцыянеры былі на парадак вышэй па адукацыі і ўзроўні інтэлекту за іншых дэпутатаў. Яны бачылі перспектыву. Я не буду іх ідэалізаваць, але па выніку яны сапраўды шмат у чым мелі рацыю.Можна казаць, што яны з’явіліся не ў свой час. На жаль гэтыя 27 дэпутатаў не маглі супрацьстаяць астатняй большасці.

Голубеў: Нягледзячы на хібы, Канстытуцыя мела велізарнейшае значэнне. Самае галоўнае, што гэта была першая Канстытуцыя незалежнай дзяржавы.

Канстытуцыя на рэферэндумах

Тры рэспубліканскіх рэферэндума моцна «перакраілі» пачатковы варыянт Канстытуцыі. Рускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай, прэзідэнт атрымаў амаль дыктатарскія паўнамоцтвы, а адна асоба – магчымасць балатавацца неабмежаваную колькасць раз.

1. Рэферэндум 14 траўня 1995 года: «Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?». За – 83,3 %, супраць – 12,7 %. «Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?». За – 77,7%, супраць – 17,8 %

2. Рэферэндум 24 лістапада 1996 года: «Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 году са зменамі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прапанаванымі прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». За – 70,45%, супраць – 9,39%.

3. Рэферэндум 17 кастрычніка 2004 года: «Ці дазваляеце Вы першаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта і ці прымаеце Вы частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: «Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні»? За – 79,42%, супраць – 9,9%.

спасылкі па тэме

1. Тэкст Канстытуцыі 1994 года.

2. «Амерыканскія горкі» беларускай Канстытуцыі

3. Ці вінаватая Канстытуцыя-1994, што ў Беларусі запанавала дыктатура?

 

газеты таго часу

«Свабода» № 12, 1994 г.

«Свабода» № 12, 1994 г.

«Народная газета», 16 сакавіка 1994 г.

«Народная газета», 16 сакавіка 1994 г.

«Солидарность», 13 апреля 1994 г.

«Солидарность», 13 апреля 1994 г.