30 лістапада 1993 года лясны масіў на ўскраіне Мінска, дзе ў 1930-я гады расстрэльвалі ахвяр палітычных рэпрэсій, атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. Цяпер ён ахоўваецца дзяржавай. Але шлях да прызнання ўладамі значэння Курапатаў заняў некалькі дзесяцігоддзяў і адбыўся толькі дзякуючы намаганням людзей, якім было не ўсё роўна.

ver3

Чаканне ў паўтара дзесяцігоддзя

Беларусы даведаліся пра Курапаты 3 чэрвеня 1988 года, калі ў газеце «Літаратура і мастацтва» з’явіўся артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці». У тэксце сцвярджалася, што ў часы сталінскіх рэпрэсій на ўскраіне Мінска расстрэльвалі людзей.

Але да гэтай публікацыі Пазняк шоў доўгія гады. На пачатку 1970-х гадоў Зянон Станіслававіч, тады аспірант Інстытута этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору Акадэміі навук БССР, жыў на вуліцы Кальцова. Побач знаходзілася шмат вёсак: Цна-Ёдкава, Драздова, а таксама Зялёны Луг, чыю назву потым займелі некалькі мікрараёнаў. Мясцовыя жыхары расказвалі Пазняку пра расстрэлы, якія адбываліся ў сталінскія часы.

shЗ артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты дарога смерці»: «Старажылы расказалі нам, што за два кіламетры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і заслаўскай дарогамі, у лесе з 1937 па 1941 год кожны дзень і кожную ноч расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы і глухмень. Кавалак бору гектараў з 10-15 быў абгароджаны высокім, вышэй за тры метры шчыльным дашчаным плотам у накладку дошка на дошку, абцягнутым зверху калючым дротам. За плотам была ахова і сабакі. Людзей вазілі сюды па гравійнай дарозе, што вяла ад Лагойскага тракта на Заслаўе. Шлях той называлі тады дарогай смерці».

Потым інфармацыю пра Курапаты Пазняку пацвердзіў яго добры знаёмы, інжынер Яўген Шмыгалёў, які цікавіўся гісторыяй. Мужчыны накіраваліся на месца злачынства. «Калi мы першы раз прыйшлi ў гэты лес восенню, пад нагамi шапацела апалае лiсце, здзiмалася ветрам у западзiны магiльных ям. Iх было безлiч. I гэта мяне ўразiла, як маланка», – узгадваў Пазняк. Але ў часы застою паведаміць такую інфармацыю было немагчыма. Артыкул пра Курапаты не надрукавала б ніводнае СМІ. Ды і доказы злачынстваў можна знішчыць. Пазняк вырашыў чакаць. Чакаць давялося паўтара дзесяцігоддзя.

Шлях да публікацыі

Пачалася перабудова, а разам з ёй прыйшла палітыка галоснасці. Зiмой 1987 года Пазняк пачаў апытанне сведкаў, зноў знайшоў некаторых жыхароў вёскі Зялёны Луг, у той час ужо знесенай. Прыкладна ў гэты час праз курапацкі лес збіраліся пракладваць трубу газаправода, якая магла закрануць магілы.

4Вынікам працы стаў артыкул «Курапаты – дарога смерці». Тэкст Пазняк і Шмыгалёў прапанавалі ў газету «Літаратура і мастацтва», але, каб яго надрукаваць, патрабавалася сціслая прадмова кагосьці з аўтарытэтных асоб, якая б «прыкрыла» аўтараў.

Наконт далейшых падзей у мемуарыстыцы назіраюцца разыходжанні. Як піша Васіль Быкаў у сваіх успамінах «Доўгая дарога дадому», да яго з адпаведнай просьбай звярнуўся Анатоль Вярцінскі, галоўны рэдактар «ЛіМ». Пасля таго як Быкаў адказаў згодай, яму ў той жа дзень патэлефанаваў Пазняк, з якім яны раней не былі асабіста знаёмы. Быкаў згадваў, што яны сустрэліся каля Пішчалаўскага замка: «Пазняк выглядаў старэйшым за свае няпоўныя пяцьдзясят гадоў, быў стрыманы і ветлівы – перадаў мне рукапіс артыкула, які я прачытаў дома і напісаў кароценькую ўрэзку. Прадбачачы, вядома, які вэрхал падымецца пасля публікацыі». А вось сам Пазняк сцвярджае, што Вярцінскі знаходзіўся ў камандзіроўцы і прапанову Быкаву зрабіў Мікола Гіль, намеснік галоўнага рэдактара (і родны брат Ніла Гілевіча). Зрэшты, гэта ўжо падрабязнасці.

Але артыкул яшчэ павінен быў прайсці праз цэнзуру. Вярцінскі згадваў, што, каб пазбегнуць розгаласу, не казаў пра будучую публікацыю нікому, акрамя Гіля. На рэдакцыйнай планёрцы пра тэкст маўчалі і ціха адвезлі у Дом друку. Але нечакана Галоўліт без пярэчанняў прапусціў газету. А вось версія Пазняка іншая. Паводле яго слоў, «запусцілі ў друк, і тады з ЦК было ўказанне спыніць машыны, раскідаць набор. І вось тады і ўзбунтавалася ўся рэдакцыя: усе да аднаго. Сабралі сход і пастанавілі друкаваць». У любым выпадку, можна пагадзіцца з іншым выразам Пазняка: выхад артыкула «быў раўназначны ўзрыву атамнай бомбы».

Рэакцыя грамадства

Тэкст імгненна перадрукавалі расійскія выданні – «Московские новости», «Известия», «Огонек» і польская «Газета выборча». Артыкул пра Курапаты з’явіўся ў буйной японскай газеце «Асахі». Як пазней напісаў літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, Беларусь абудзілі два чалавекі: Алесь Адамовіч і Зянон Пазняк. Першы сказаў праўду пра Чарнобыль, другі – пра Курапаты.

Улады былі вымушаны завесці крымінальную справу і стварыць Дзяржаўную камісію па расследаванні справы (па словах Васіля Быкава, спадзяючыся «неяк усё ўтаіць»). Пошукі пачалі з архіваў КДБ. Але генерал Эдуард Шыркоўскі, старшыня камітэта, паведаміў: амаль нічога не засталося. З некалькіх асабістых спраў, якія бачыў Быкаў, цяжка было зразумець і месца расстрэлаў, і прозвішчы супрацоўнікаў спецслужбаў.

Другім шанцам сталі археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам Пазняка. Неўзабаве яго група знайшла чалавечыя рэшткі, асабістыя рэчы, гільзы і кулі, якія датаваліся даваенным часам. Пазней былі знойдзены доказы з канкрэтнымі датамі і лічбамі. Гаворка пра турэмныя квітанцыі, выдадзеныя 10 чэрвеня 1940 года Моўшы Крамеру і Мардыхаю Шулескесу, – пра каштоўныя рэчы, адабраныя падчас арышту. А таксама пра запісы па-польску на мужчынскім грэбні, датаваныя 25 і 26 красавіка 1940 года.

zЗ артыкула Зянона Пазняка «Курапаты. Дзесяць гадоў пасля»: «Перад пачаткам працы сабралася нямала людзей: кiраўнiцтва Пракуратуры БССР, адказныя чыноўнiкi Мiнiстэрства ўнутраных спраў, журналiсты, члены Дзяржаўнай камiсii. Прыехалi Васiль Быкаў i Алесь Адамовiч. I вось мы пачалi. Што будзе ў зямлi – я ўжо ведаў. Амаль да двух метраў iшоў чысты пясок, у якiм часам траплялiся фалангi чалавечых пальцаў. Для археолага гэта ўжо званочак, што грунт быў пераварушаны праз некалькi гадоў пазней, пасля засыпкi магiлы. Але сярод афiцыйных асобаў, якiя не адыходзiлi, запанавала ўзбуджэнне. Яны сталi гаварыць голасна мiж сабой, ужо не гледзячы на мяне, смяяцца, адпускаць жарцiкi, класцi рукi ў кiшэнi, хiхiкаць, маўляў, «нiчэво нет». Пракурор БССР Тарнаўскi пакруцiўся, бадзёрым крокам пашыбаваў да машыны i паехаў у сваю пракуратуру дакладваць. Паказалiся нiжнiя пласты забiтых: прастрэленыя чарапы з дзiркамi ў патылiцы, рэвальверныя гiльзы, кулi, гумовыя галёшы, пазначаныя 1937 годам, з маркай фабрык «Красный богатырь» i «Резинтрест». Запанавала цiшыня. Твары чыноўнiкаў сталi сур’ёзнымi, як на пахаваннi. Раптам яны зразумелi, што тут не да жартаў».

Другая група з Дзяржаўнай камісіі накіравалася абыходзіць навакольныя вёскі Цна-Ёдкава, Падбалоцце, Драздова, дзе запісала ўспаміны мясцовых жыхароў. У кожнага запытвалі, ці расстрэльвалі тут каго ў часы нямецкай акупацыі. Усе 55 сведкаў адказалі адмоўна.

Першае следства скончылася ў лістападзе 1988 года. Улады прызналі факт злачынстваў з боку НКУС. Генеральны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі аб’явіў: у Курапатах пахаваны не менш за 30 тысяч чалавек (у шасці пахаваннях, якія даследавалі, знойдзены рэшткі не менш за 356 чалавек. Усяго пахаванняў 510). А вось Пазняк сцвярджае, што колькасць ахвяр складае больш за 100 тысяч (а можа складаць і ў два разы больш, бо частка магіл была ліквідавана). Адначасова ўлады спынілі крымінальную справу. Кажуць, што кіраўнік НКУС і іншыя асобы былі прыгавораны да смяротнага пакарання або памерлі.

Прызнанне камісіі выклікала шок нават у прававерных камуністаў. Што казаць пра шараговых грамадзян?

fЗ кнігі Аляксандра Фядуты «Лукашенко. Политическая биография»: «Этого не могли вынести даже белорусы. Еще совсем недавно, в марте 1953 года, им сквозь слезы казалось: небо обрушилось на землю от того, что Сталин умер! Потом со слезами на глазах они хоронили другого коммунистического вождя – собственного, белорусского, Петра Машерова. Компартия вроде бы в Беларуси ничем себя не скомпрометировала: никого, считалось, не сажали, никого не расстреливали, не считая убийства Михоэлса – да и его убили не по местной инициативе и не партийные органы, а НКВД, которое всегда было московским… Белорусские коммунисты – чуть ли не святые. И тут – на тебе. Под самым, можно сказать, домом – жертвы коммунистической системы!»

Прызнанне статусу

Курапаты сталі сімвалам сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Але іх статус юрыдычна замацаваўся толькі ў гады незалежнасці. 13 лістапада 1992 года Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». Згодна яму, у Беларусі ўзята пад улік 16,3 тысячы помнікаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Курапаты (як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў) уключылі туды 30 лістапада 1993 года як каштоўнасць першай катэгорыі. Пад апошняй разумеюцца «найбольш унікальныя каштоўнасці, духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць» (больш значны статус маюць толькі каштоўнасці з катэгорыяй «0», уключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс ЮНЕСКА). Любыя работы ў зоне аховы каштоўнасцяў забаронены і магчымы толькі з пісьмовага дазволу Камітэта па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

Яшчэ калі Зянон Пазняк узначаліў Беларускі народны фронт, праблема Курапатаў стала палітычнай. Супернікі Зянона Станіслававіча імкнуліся давесці, што яго расследаванне сфальсіфікаванае. А ў лесе насамрэч расстрэльвалі ў часы нямецкай акупацыі. У 1990-я гады ў Курапатах неаднаразова праводзіліся расследаванні, але ўсе яны пацвердзілі слушнасць пазнякоўскай версіі.

спасылкі па тэме

  1. Артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці»
  2. Артыкул Паўла Якубовіча «Куропаты: мир под соснами»
  3. Выступленне Зянона Пазняка ў Курапатах, 1989 г. 

Фатаздымкі: znyata.by, bielarus.net, Радыё Свабода.