На пачатку 90-х актывізацыя католікаў супадае з новай пазіцыяй уладаў, якія паказваюць, што больш не будуць чыніць перашкодаў для веруючых. Аднак нельга сказаць, што ўсё змянілася за адзін дзень: Каталіцкаму Касцёлу быў прадвызначаны доўгі шлях па вяртанні і рэканструкцыі культавых будынкаў, аднаўленні каталіцкіх структур і распрацоўцы новай беларускай тэрміналогіі. Пасля доўгіх змаганняў, у снежні 1993 года, вернікам нарэшце перадаецца будынак Архікафедральнага касцёла, што для многіх стала сімвалам вяртання каталіцтва ў Беларусь. Распавядае ксёндз Юры Быкаў.

6

Вернікі праводзяць пікет з мэтай вяртання ім будынка касцёла Святой Троіцы (Святога Роха) ў Мінску (пач. 90-х)

З самага пачатку вы сталі сведкам аднаўлення каталіцкіх структур у Беларусі. Хто адыграў ключавую ролю пры вяртанні Каталіцкага Касцёла?

5– Галоўнымі асобамі, якія паспрыялі адраджэнню каталіцтва, былі самі вернікі. У Беларусі існуюць даўнія каталіцкія традыцыі, таму, нягледзячы на матэрыяльныя праблемы, шмат людзей на пачатку 90-х з новай хваляй адчулі ў сабе патрэбу нанова пазнаць Бога, Святое Пісанне. Але, безумоўна, такія працэсы не разгортваюцца аднабакова, вялікі ўплыў на людзей аказвалі парады святароў. Калі каталіцкія структуры пачалі выглядаць больш упэўнена, яны самі пачалі больш схіляцца да таго, каб хутчэй аднавіць сваю дзейнасць і ўвогуле паўплываць на духоўнасць беларускага народа. А ў 90-х гэта было вельмі патрэбна. Найбольшы ўнёсак сярод духоўных асоб у тыя часы зрабілі кардынал Казімір Свёнтэк і сённяшні наш арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

– Адным з найважнейшых пытанняў для вернікаў стала неабходнасць вяртання былых каталіцкіх культавых будынкаў. Якім чынам праходзіў гэты працэс?

– Зноў жа самі вернікі і пачалі рабіць першыя намаганні для таго, каб у іх мясцовасці былі адноўленыя касцёлы. Не сакрэт, што каталіцкія святыні ў савецкія часы ў лепшым выпадку перарабляліся пад які-небудзь склад, а то і завод, дзе захоўваліся шкодныя рэчы. Вялікая частка з іх была проста зруйнаваная. Каб вярнуць назад гэтыя будынкі, вернікі пачалі звяртацца да ўладаў. У савецкай сістэме асабліва паважаным класам людзей лічыліся ветэраны. Калі яны прыязджалі ў Маскву, то ім проста не маглі адмовіць у прыёме. Некаторыя з іх тады змаглі ўмела выкарыстаць сваё грамадскае становішча і дабіцца вяртання некаторых будынкаў. Святыні трэба было браць менавіта ў той момант. Часам здаралася так, што людзі ледзь не захоплівалі рэлігійныя будынкі. Так выйшла, напрыклад, з Чырвоным касцёлам. У тыя часы там месціўся Дом кіно, і аднойчы людзі проста не вытрымалі і літаральна павыкідвалі адтуль апаратуру. Тое ж самае адбылося і з касцёлам у Вілейцы, які ў савецкія часы быў перароблены ў канцэртную залу. У адзін дзень людзі прынеслі туды труну, каб правесці пахаванне, і абвясцілі: «Мы больш не выйдзем з нашай святыні».  І ніхто не ведае, што б сталася зараз, калі б вернікі не дзейнічалі настолькі рашуча ў тыя часы. Бо трэба ведаць, што некаторыя будынкі, напрыклад касцёл у вёсцы Раўбічы або касцёл езуітаў у Бабруйску, так і не ўдалося вярнуць. Але ж гэтыя храмы будаваліся менавіта як культавыя будынкі, такімі яны і павінны заставацца. І ніякіх размоў тут быць не можа.

– А як удалося вырашыць справу з вяртаннем Архікафедральнага касцёла ў Мінску?

– За яго разгарнулася вельмі ўпартая барацьба. Раней жа там знаходзілася спартыўная школа, дык шмат хто з тых таэквандыстаў вельмі агрэсіўна паводзіў сябе з вернікамі. Але мінскія католікі таксама не здаваліся, стаялі маліліся на марозе, пісалі лісты ў розныя інстанцыі. І ў рэшце рэшт яны змаглі дасягнуць сваёй мэты.  Прычым не апошнюю ролю ў вырашэнні дадзенага пытання адыграла пазіцыя Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча і некаторых іншых дэпутатаў. Так, старшыня камісіі па культуры Ніл Гілевіч асабіста падтрымаў нас падчас збору подпісаў за вяртанне святыні.

– Калісьці сённяшні Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа – галоўны праваслаўны храм краіны – таксама з’яўляўся каталіцкай святыняй. Ці не абмяркоўвалася магчымасць яго перадачы Каталіцкаму Касцёлу?

– Не, за яго ніхто не спрачаўся. Магчыма, вяліся нейкія размовы, але абодва бакі стараліся не ствараць міжканфесійных праблем. Гэта вельмі далікатная, небяспечная тэма. Галоўнае, што сёння там таксама вядзецца літургія. Гэта значыць, святыня не зневажаецца.

Урывак са звароту Святога Айца Яна Паўла ІІ да Кардынала Казіміра Свёнтка, арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага: «Паважаны брат у сьвятарстве! З вялікай радасьцю і ўзрушэньнем вітаю Вашу Эмінэнцыю з нагоды паднясеньня Вас да кардынальскае годнасьці. Таксама з цэлага сэрца вітаю ўмілаваны Касьцёл на Беларусі. Як жа блізкі мне гэты Касьцёл, які так многа ў апошніх дзесяцігоддзях выпакутаваў дзеля Хрыстовага імя. Сваёю думкаю ахопліваю ў гэтай хвіліне ўсіх сьвятароў і ўсіх сьвецкіх асоб, якія за вернае трываньне пры Хрыстовым Евангельлі былі прыгавораныя таталітарным камуністычным рэжымам на вялікія цярпеньні, упакораньні і перасьледаваньні. Многія з іх страцілі жыцьцё ў канцэнтрацыйных лагерах у Сібіры, прыгавораныя на працу ў нечалавечых умовах; колькі ж ёсьць такіх, пра чый лёс ведае толькі Бог. Ваша Эмінэнцыя належыць менавіта да гэтых нястомных абаронцаў хрысьціянскае веры».

 – Сёння ў некаторых месцах краіны можна сустрэць прыгожыя закінутыя каталіцкія будынкі, але працы па іх рэканструкцыі не вядуцца. Чаму так атрымліваецца?

– Кардынал Казімір Свёнтэк часта паўтараў, што касцёлы найперш павінны аднаўляцца там, дзе ёсць вернікі. Ёсць месцы, як тая ж вёска Княжыцы ў Магілёўскай вобласці, дзе сапраўды ёсць прыгожыя святыні, якія можна было б адбудаваць, але там няма ніводнага католіка. І як пачынаць там працы і для каго, калі няма перспектывы? Рэканструкцыя культавых будынкаў каштуе вельмі вялікіх грошаў, часам гэта мільёны долараў. Наўрад ці ёсць сэнс траціць такія сродкі дзеля таго, каб закрыць святыню на наступны пасля аднаўлення дзень. Таму вяліся працы над будынкамі там, дзе гэта было патрэбна. Некаторыя культавыя аб’екты Каталіцкі Касцёл, на жаль, не ў стане аднавіць, і я мяркую, што хутчэй за ўсё наўрад ці справа зменіцца. Прынамсі ў бліжэйшы час.

– Зараз літургія ў касцёлах вядзецца па-беларуску. Якім чынам адбываўся працэс беларусізацыі?

 – Каталіцкі Касцёл – гэта цалкам сфарміраваная структура, якая прыходзіць у многія краіны свету і вельмі шмат увагі звяртае на нацыянальную культуру, на яе мову. Нацыянальныя адметнасці − гэта тыя каштоўнасці, якія гэтаму народу дае Бог. Беларускаму народу Бог даў беларускую мову, і Касцёл лічыць, што як Божы дар народ павінен яе шанаваць. Усё роўна, адкуль прыходзіць вера: з Польшчы, Францыі альбо яшчэ адкуль; істотна тое, каб мы шанавалі таксама і сябе і на сваёй мове маглі падаваць патрэбныя для духоўнага жыцця матэрыялы. Таму намі і быў пачаты працэс па беларусізацыі Касцёла. Асабліва шмат у гэтым накірунку працаваў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. А ўжо ў 1992 годзе кардынал Казімір Свёнтэк стварыў адмысловую літургічную камісію, якая і прыступіла да перакладу Iмшы і духоўных кніг на беларускую мову. Можна сказаць, што ў гэты перыяд упершыню ў гісторыі Беларусі літургія пачала весціся на беларускай мове. І былі людзі, якія спецыяльна прыходзілі ў каталіцкую веру менавіта з-за таго, што там была вельмі шанаваная мова. Канешне, першыя крокі нам было рабіць дастаткова складана, але ўжо сёння ў значнай большасці парафій Касцёл дзейнічае цалкам на беларускай мове, абсалютна не маючы ніякіх праблем з літаратурай або яшчэ чым-небудзь.

А ці былі супраціўнікі беларусізацыі?

– Канешне, былі. Прычым як з польскага боку, якія хацелі, каб усё было выключна на польскай мове, так і з боку тых, хто жадаў правядзення літургій па-расейску. Але насуперак пэўным распаўсюджаным меркаванням у 90-я гады было не так шмат людзей, якія хацелі пазнаць веру па-польску. За гады савецкага перыяду навучанне на польскай мове не вялося, і католікі ў асноўнай масе вельмі дрэнна ведалі польскую мову.

– Ці праўда, што напачатку ў Касцёле выкарыстоўвалася менавіта тарашкевіца? Колькі часу заняў працэс распрацоўкі беларускай тэрміналогіі?

– Выкарыстоўваліся абодва правапісы, то бок і «наркамаўка», і граматыка Браніслава Тарашкевіча. Звязана гэта з тым, што шматлікія пераклады былі зроблены яшчэ ў міжваенны час – адпаведна, на «класічным правапісы». Больш за тое, часам ужывалася нават і нашая лацінка. Але, як я ўжо адзначыў, на тое былі свае прычыны. Тым больш нікому ніякай шкоды такая сітуацыя не прыносіла.

 Тэрміналогія ў Каталіцкім Касцёле базуецца на лацінскай мове. І некаторыя паняцці, такія як «канфірмацыя» або «сакрамент», проста браліся і ўводзіліся без перакладу. Але, безумоўна, пэўныя тэрміны выклікалі бурныя спрэчкі, і ёсць нават такія, што ўзгадняюцца да сённяшняга дня. Аднак найбольшая дыскусія, напэўна, разгарнулася вакол пытання, што выкарыстоўваць: «Пан», «Госпад» ці «Спадар». Адказ было вырашана шукаць у нашай гісторыі. Вядомы лацініст Алесь Жлутка тады паказаў, што яшчэ Францішак Скарына ўжываў слова «Пан» у сваіх кнігах. Адпаведна, з таго часу ў межах Касцёла ў набажэнствах выкарыстоўваецца менавіта «Пан».

З апісання першай пілігрымкі Інай Ламака (Ave Maria, № 4, 2013): «Раніцаю мы сабраліся на вакзале, каб даехаць да Маладзечна і адтуль ісці ў Будслаў. Сёстры прыйшлі на вакзал у габітах. У той час наш народ быў зусім неадукаваны ў рэлігіі, ды і манашак зусім не бачыў. Пакуль ішлі на перон да электрычкі, услед нам несліся словы: «Піянеры, куды сабраліся? Можа, дзе фільм здымаюць?»
На наступны дзень мы прачнуліся вельмі рана, каб накіравацца ў каталіцкую вёску Касцяневічы. На адной з вілейскіх вуліц сустрэлі мужчыну, які, убачыўшы сясцёр, чамусьці закрычаў: «Адыдзі, д’ябал!» і запусціў у нас палкаю. Мы моўчкі прайшлі каля яго. Пасля ніхто не хацеў прызнавацца, у каго трапіла гэтая палка».

 Вядома, што беларускі Каталіцкі Касцёл звязваюць моцныя духоўныя традыцыі з Польшчай. Ці ішла якая-небудзь падтрымка з іхняга боку?

– Так, безумоўна, яна прысутнічала. У Беларусі моцна не хапала святароў, бо раней камуністычнымі ўладамі ўвогуле забаранялася мець біскупаў. Саветы нібыта імкнуліся зрабіць так, як напісана ў Бібліі: пазбаўце стада пастуха, і яно рассеецца. Таму польская дапамога ў плане святароў аказалася вельмі своечасовай, бо адчувалася неабходнасць у тым, каб падхапіць рух па аднаўленні касцёла, па вяртанні святыняў. У гісторыі часта так бывае: учора нельга, сёння нармальна, а заўтра ўжо будзе позна. Вось тут была такая сітуацыя. Таксама каштоўнай была і матэрыяльная дапамога з іхняга боку, бо для адпраўлення літургій часам банальна не хапала пэўных рэчаў і літаратуры.

 А як выглядалі першыя каталіцкія газеты?

– Першыя газеты звычайна ствараліся на парафіях. Якраз у гэты перыяд выйшаў новы Закон «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», згодна з якім дазвалялася не рэгістраваць газеты або лісткі, якія выходзілі накладам да 1000 асобнікаў. Гэтым мы і карысталася. Дакладна памятаю, што такія газеты выдаваліся ў Чырвоным касцёле, у парафіі Роха, у Бабруйску. Значную папулярнасць мела тады газета «Голас душы», якую выдаваў у Міёрах ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс. Потым з’явіліся такія часопісы, як «Ave Maria» і «Наша вера», якія існуюць і сёння. А ў 2000 годзе сваю дзейнасць распачало выдавецтва «Pro Christo», якое адразу пачало вельмі шмат друкаваць на беларускай мове. Зразумела, што сайта catholic.by тады не існавала. Цяпер, увогуле, ёсць усё для таго, каб рабіць сваю духоўнасць лепшай. Але ў канцы 80-х – пачатку 90-х сітуацыя была іншай, і мы сапраўды радаваліся любым матэрыялам, які выдаваў Каталіцкі Касцёл у Беларусі.

– Сёння значнай папулярнасцю карыстаюцца каталіцкія пілігрымкі. З чаго яны пачыналіся?

– Першыя пілігрымкі ў Будслаў правялі ў 1991 годзе сёстры дамініканкі кляўзуровыя − сёстры, якія жывуць у кляштары і не маюць права выходзіць у свет. Але так як у савецкія часы такі кляштар у Мінску не мог дзейнічаць, то яны жылі ў кватэры на Альшэўскага і там маліліся. Крыху пазней у адну з першых пілігрымак трапіў і я. Нас тады было зусім мала, чалавек 15, не тое што цяпер, калі колькасць удзельнікаў ледзь не даходзіць да 50 000. Усё тады было вельмі проста: мы самі неслі ўсе рэчы і начавалі на сене.

Пэўную дапамогу аказвалі нам ксяндзы. Сёстры дамініканкі ўвогуле ішлі на хлебе і вадзе, ахвяруючыся і молячыся за аднаўленне касцёла. З таго часу мы пачалі распавядаць пра Будслаўскі касцёл, пра тое, што там знаходзіцца цудатворны абраз, і гэта многіх зацікавіла. Чалавек жа не можа ўвесь час жыць толькі бытавымі і матэрыяльнымі праблемамі. На шчасце, для многіх пілігрымкі якраз і сталі такой неабходнай духоўнай дапамогай.

відэа

Другую частку лекцыі можна паглядзець тут.
газеты таго часу

Звязда, №236, 1993

Звязда, №236, 1993

Наша вера, №1, 1995

Наша вера, №1, 1995

спасылкі па тэме

1. Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі 

2. Сайт Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

3. ПераМенск: как храм Спартака стал храмом Христа

4. Ірына Дубянецкая: Беларусь 1000 гадоў жыве без Бібліі

5. Біблія ў перакладзе кс. Уладзіслава Чарняўскага

6.Сайты каталіцкіх часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria»

У тэксце выкарыстаныя фотаздымкі з асабістага архіва кс. Юры Быкава, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, сайтаў Архікафедральны касцёла, «Часасловец», СityDog.by, globus.tut.by.