8–10 ліпеня 1993 года ў Мінску збіраюцца амаль паўтысячы гасцей з 22 краін свету, некаторыя з якіх не былі на Радзіме амаль паўстагоддзя. Першы з’езд беларусаў свету яднае беларусаў, якія жывуць на розных баках планеты, а яго дэлегаты заклікаюць «адбудоўваць агульны Беларускі Дом».

01 першы з'езд=

Ад ворагаў – да суайчыннікаў

Стаўленне савецкай улады да беларусаў, якія трапілі за мяжу, залежыла ад іх грамадскай пазіцыі. Чыноўнікі прызнавалі толькі «прагрэсіўную» частку эміграцыі, якая лаяльна ставілася да СССР. Для кантактаў з імі былі створаны беларуская секцыя Савецкага камітэта «За вяртанне на Радзіму» і Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой, выдавалася газета «Голас Радзімы».

sachanka

Да астатняй часткі эміграцыі, якая не падзяляла захапленне савецкім ладам жыцця і камунізмам, існаваў недавер. Як у сваёй кніге сцвярджаў пісьменнік Барыс Сачанка, «у Беларусі амаль усіх, хто апынуўся за мяжою і не выракся роднай мовы, гаварыў і пісаў на ёй, з чыёйсьці лёгкай рукі ахрысцілі «бебурнацамі», гэта значыць беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі».

krauchankaПётр Краўчанка, які ў 1990 годзе стаў міністрам замежных спраў, згадваў у мемуарах: «Мой папярэднік на пасадзе міністра Анатоль Гурыновіч настолькі не хацеў уступаць у кантакты з прадстаўнікамі беларускай эміграцыі, што, калі яны з’яўляліся ў клубе ААН для прыёмаў імя Дага Хамаршэльда, Гурыновіч хаваўся ад іх у курылцы. Былы партызан і разведчык быў, як кажуць, звязаны па руках і нагах ідэалагічнымі путамі і з усіх сілаў стараўся быць незападозраным у «сумнеўных» сувязях за мяжой».

Сітуацыя істотна змянілася з пачаткам перабудовы, калі савецкія грамадзяне змаглі свабодна выязджаць за мяжу, а эмігранты пачалі прыяжджаць на радзіму. Пра атмасферу таго часу ідэальна сведчыць гісторыя спевака Данчыка, які ў 1989 годзе прыехаў у Беларусь з Амерыкі. Яго канцэрты выклікалі сапраўдны ажыятаж, якога не ведалі прафесіянальныя выканаўцы. У 1990 годзе выйшла кніга Барыса Сачанкі «Сняцца сны аб Беларусі», у якой аўтар паспрабаваў рэабілітаваць беларускіх творцаў, якія апынуліся «за кардонам». У верасні таго ж года на 19-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі прысутнічала каля 60 прадстаўнікоў БССР.

Першыя крокі

gareckiУ такой атмасферы 10 верасня 1990 года адбылася Ўстаноўчая канферэнцыя па арганізацыі Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Па словах акадэміка Радзіма Гарэцкага, ініцыятыву ў стварэнні такой арганізацыі праявіў празаік і крытык Яўген Лецка, які быў абраны старшынёй Рады ЗБС «Бацькаўшчына». Першым прэзідэнтам арганізацыі стаў Васіль Быкаў, хоць, на думку Гарэцкага, «не вельмі хацеў, бо насамрэч быў тады вельмі заняты, але разумеў, што справа годная». У статуце «Бацькаўшчыны» было запісана, што яна з’яўляецца «міжнароднай добраахвотнай грамадскай культурна-асветніцкай супольнасцю беларусаў і спрыяльнікаў беларускага народа на Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце». Мэта дзейнасці ЗБС была сфармулявана наступным чынам: «Спрыяць нацыянальнаму адраджэнню Беларусі, яе мовы, культуры, духоўнасці і маралі, гістарычнай памяці, аднаўленню дзяржаўнасці».

Ідэя ж правесці сусветны беларускі форум з’явілася ў 1992 годзе.

surmachЗ прадмовы Ганны Сурмач да кнігі «Першы з’езд беларусаў свету»: «Летам 1992 года Беларусь наведала група нашых суродзічаў з амерыканскага горада Кліўленда. З іх удзелам 27 ліпеня адбылося паседжанне Рады ЗБС «Бацькаўшчына», дзе быў створаны Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы сусветнага беларускага з’езда. Сустаршынямі Камітэта былі абраны прэзідэнт ЗБС Васіль Быкаў і ад дзяржавы – міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. Для выканання канкрэтнай арганізацыйнай працы ЗБС стварыла Рабочую групу пад кіраўніцтвам сябра Рады Ганны Сурмач. У верасні 1992 г. у Кліўлендзе адбылася сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі».

Такім чынам, заходняя плынь эміграцыі, больш свядомая і аб’яднаная, ухваліла ідэі форума. Хутка «Бацькаўшчына» атрымала згоду і ўсходняй плыні. Гаворка пра суайчыннікаў з былых савецкіх рэспублік, якія пасля распаду СССР апынуліся за мяжой. Яны мелі вялікую колькасць жыццёвых праблем, у вырашэнні якіх шукалі падтрымку ад беларускай улады. Таму першая сустрэча з постсавецкай эміграцыяй адбылася ў снежні 1992 года. Тады ў Мінску прайшоў Першы сход беларусаў блізкага замежжа.

З інтэрв’ю Ганны Сурмач газеце «Народная воля»: «На Сходзе абмяркоўваліся балючыя пытанні: дапамога землякам у зонах ваенных і міжнацыянальных канфліктаў на Каўказе, у Сярэдняй Азіі, у Прыднястроўі, вяртанне на Бацькаўшчыну высокапрафесійных кадраў, якія былі засланы на працу ў розныя куткі Савецкага Саюза і пасля яго развалу засталіся без працы, вяртанне дамоў беларускіх вайскоўцаў, дапамога ў стварэнні беларускіх суполак і наладжванні іх дзейнасці, усталяванне пастаянных кантактаў з радзімай… У той час і дзяржаўныя структуры Беларусі выказвалі намер падтрымліваць замежных суродзічаў і бралі ўдзел у працы Сходу. Такое адбывалася ўпершыню ў гісторыі Беларусі і давала надзею на будучыню. Форум атрымаўся плённым і своечасовым. Пасля яго шмат дзе на тэрыторыях былога СССР паўсталі беларускія арганізацыі, многія з якіх існуюць і да сёння».

Госці ды грошы

Удзельнікі Сходу падтрымалі ідэю Першага з’езда беларусаў свету. Акрамя таго, Савет Міністраў Беларусі за подпісам Вячаслава Кебіча прыняў спецыяльную пастанову «Аб пытаннях дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына”». Яе распрацаваў эканамічны дырэктар ЗБС Барыс Стук, дапамагалі яму спікер Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і дэпутат Мікола Маркевіч. У пастанове ўсім міністэрствам, выканкамам і іншым урадавым структурам даручалася дапамагаць дзейнасці Згуртавання беларусаў свету.

Перад арганізатарамі паўсталі дзве істотныя праблемы: запрашэнне гасцей і фінансаванне з’езда. Прасцей было запрасіць беларусаў з блізкага замежжа. Пасля Сходу, які адбыўся ў 1992 годзе, у «Бацькаўшчыны» меліся спісы людзей, якія згаджаліся з ахвотай прыехаць на радзіму яшчэ раз. Складаней было з заходняй эміграцыяй. Шмат часу спатрэбілася на пошук яе прадстаўнікоў. Па словах Ганны Сурмач, арганізатары з’езда ажыццявілі велізарную пошукавую працу па выяўленні беларускай прысутнасці ў свеце. Яны праглядалі і аналізавалі газеты, часопісы, інфармацыю па радыё і тэлебачанні, выкарыcтоўвалі асабістыя кантакты. Таксама арганізатары публікавалі звароты да суайчыннікаў і дасылалі іх у розныя краіны.

Як сведчыць Радзім Гарэцкі, у пошуку эмігрантаў дапамагалі Пётр Краўчанка, Генадзь Бураўкін (тады прадстаўнік Беларусі ў ААН), а таксама такія ўплывовыя дзеячы эміграцыі, як Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік.

Апрача таго, шмат хто з эмігрантаў баяўся ехаць у Мінск, у якім не быў 50 гадоў: пужала небяспека магчымага арышту. Але ў выніку эмігрантаў атрымалася пераканаць, што такія часы прайшлі, а дзяржава нават забяспечыла ўсім удзельнікам з’езда бясплатныя візы.

Што тычыцца фінансавання, дык тут існавалі свае падводныя камяні. Паводле Ганны Сурмач, ЗБС «Бацькаўшчына» не мела вялікіх матэрыяльных сродкаў, каб прафінансаваць увесь з’езд. Прасіць пра тое ўладу не выпадала, бо тады б з’езд стаў дзяржаўным мерапрыемствам. Для часткі эміграцыі гэта б стала аргументам на карысць змовы ЗБС з уладамі. Таму было прынята кампраміснае рашэнне. «Бацькаўшчына» звярнулася да дзяржавы не з просьбай адшукаць сродкі, а з прапановай узяць на сябе частку выдаткаў па правядзенні з’езда (да такой просьбы быў прыкладзены адпаведны спіс). У выніку дзяржаўныя структуры падрыхтавалі культурную праграму з’езда (канцэрт, Купалле і святочныя нумары дзяржаўных газет). Прычым гэтыя сродкі не паступалі на рахунак ЗБС. Частку бюджэту склалі прыватныя ахвяраванні (напрыклад, Анатоль Сілівончык, прадпрымальнік з Сібіры, унёс 20 мільёнаў рублёў). Астатнюю суму ўнесла Згуртаванне беларусаў свету.

У кулуарах Першага з’езда

Першы з’езд беларусаў свету адкрыўся 8 ліпеня 1993 года. На франтоне тэатра оперы і балета, дзе ён ладзіўся, былі напісаны словы Янкі Купалы: «На Сход, на Усенародны Сход!». У оперным сабралося больш за 1300 чалавек. З іх 486 дэлегатаў з Англіі, Аргенціны, Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Кыргызстана, Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі і Эстоніі. 510 дэлегатаў прадстаўлялі Беларусь. Таксама было запрошана больш за 200 гасцей (у выніку ўсім нават не хапіла месцаў). Пра ўвагу з боку ўлады сведчыў склад прэзідыума, у якім знаходзіліся Станіслаў Шушкевіч, віцэ-прэм’ер Мікалай Дзямчук, міністры Пётр Краўчанка і Анатоль Бутэвіч.

З’езд пачаўся з выступлення дудара Ўладзіміра Пузыні, у чыім выкананні ажылі гукі сурмы – старажытнага музычнага інструмента. Потым Дзяржаўны народны хор пад кіраўніцтвам Міхася Дрынеўскага выканаў «Пагоню». А далей З’езд адкрыў Васіль Быкаў.

Газетныя публікацыі таго часу дазваляюць пабачыць, якімі клопатамі жылі дэлегаты. Даклад Радзіма Гарэцкага «Беларуская ідэя і пабудова беларускай дзяржаўнасці» меў канцэптуальны характар. «Доўгія гады нас пераконвалі, што да 1917 года ў нас не было сваёй гісторыі. Між тым існавала ВКЛ, адносна дэмакратычная дзяржава, дзяржаўнай у ёй з’яўлялася беларуская мова», – казаў Гарэцкі. Паводле яго словаў, у выніку аб’яднання з Польшчай, а потым і далучэння да Расіі адбыўся заняпад краю. Але «агеньчык беларускасці ўвесь час свяціўся, не даючы згаснуць нацыянальнай ідэі». Цяпер прыкладна гэту канцэпцыю можна знайсці ў школьных падручніках, але тады было істотна агучыць яе перад дэлегатамі.

Іншыя ўдзельнікі ўздымалі больш прыватныя, але ад таго не менш значныя пытанні. Напрыклад, Георгій Усцілоўскі, які пасля вызвалення са сталінскага ГУЛАГа застаўся жыць у Комі, акрэсліў праблему: беларусы, якія пакінулі краіну не па сваёй волі, не адчуваюць зацікаўленай падтрымкі беларускіх міністэрстваў у рэабілітацыі і ў аказанні дапамогі. Адносна гэтага на З’ездзе былі агучаны дзве ідэі: вяртанне (прадастаўленне грамадзянства, жылля, зямлі, працы) і невяртанне (захаванне ўласнага менталітэту ў асяродку другой нацыі). Але абодва варыянты тады не мелі заканадаўчага вырашэння. Міхась Лужынскі з Сіднею сказаў, што яму няма куды вяртацца: родная вёска Кабылкі Палачанскага павета Маладзечанскай воласці цяпер завецца Зоранька. Суседнія вёскі таксама перайменаваныя. У адказ актрыса Таццяна Мархель прапанавала перайменаваць калгас імя Леніна, які пералічыў на правядзенне З’езда 100 тысяч рублёў, у калгас імя Першага з’езда беларусаў свету. Аднак гэту прапанову не паставілі на галасаванне.

51

Прынятыя дакументы

На З’ездзе былі прыняты 8 выніковых дакументаў. Па словах Ганны Сурмач, гэта быў цэласны пакет, «у якім былі выкладзены погляды беларусаў бацькаўшчыны і замежжа на будучыню сваёй радзімы». У «Дэкларацыі аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва» дэлегаты выказаліся за будаўніцтва новай дзяржавы на падмурку Беларускай народнай рэспублікі (З’езд прапанаваў абвесціць 25 сакавіка дзяржаўным святам). Беларусь бачылася «ўнітарнай, прававой, бяз’ядзернай дзяржавай, якая праводзіць палітыку міру і ўзаемакарысных добрасуседскіх адносін з усімі краінамі свету». На думку дэлегатаў, рэалізаваць такія прынцыпы мусіў новы парламент. Вярхоўны Савет заклікалі прызначыць новыя, пазатэрміновыя выбары на падставе 440 тысяч подпісаў, якія за год да гэтага сабраў Беларускі народны фронт.

У «Звароце да беларускага народа» дэлегаты заклікалі «мабілізаваць усе сілы, каб не толькі адстаяць першыя поступы дэмакратыі, незалежнасці, нацыянальнага адраджэння, але і рушыць далей, да вялікіх, зорных здзяйсненняў – адбудовы агульнага Беларускага Дома». На іх думку, дасягнуць гэтых мэтаў можна было толькі праз абуджэнне нацыянальнай свядомасці і аб’яднанне беларусаў, якія жывуць у краіне і за яе межамі.

У час правядзення З’езда ў грамадстве працягваліся палітычныя дыскусіі. Напрыклад, 10 ліпеня 1993 года ў газеце «7 дней» выйшла заява Народнага руху, якая мела назву «Каб мовы не сталі ворагамі». У ёй сцвярджалася: «Беларускае грамадства шматмоўнае, і таму дзеянні, накіраваныя на дэрусіфікацыю і беларусізацыю рускамоўнага насельніцтва, – сапраўдны гвалт над людзьмі». Як адзін з прыкладаў гвалтоўнай беларусізацыі называўся Першы з’езд беларусаў свету. У першым варыянце рэзалюцыі, якая была складзена на З’ездзе ў падтрымку «Радыё Свабода», прысутнічалі сказы пра «таталітарную камуністычную цемру» і «таталітарную эліту ў новым псеўдадэмакратычным абліччы» (апошняя характарыстыка тычылася ўрада Вячаслава Кебіча, які часткова прафінансаваў З’езд). У канчатковым варыянце гэтыя характарыстыкі зніклі. Але такія рэзкасці хутчэй з’яўляліся выключэннем. Першы з’езд як ніякае іншае мерапрыемства кансалідаваў нацыю.

Наступствы Першага з’езда

Першы з'езд беларусаў светуzaprudnikЯк казаў пасля заканчэння З’езда Янка Запруднік, «сёння адбылося нешта большае, чым прыняцце рэзалюцый. Сёння адбыўся творчы акт новага палітычнага значэння. Гэта здольнасць наша збірацца разам, не зважаючы на ўсе спрэчкі, дае найбольшую гарантыю таго, што мы на правільным шляху, хаця няпростым, які нярэдка ідзе пад гару. Але мы бачым накірунак, перспектыву, ведаем, што выйдзем на раўніну і тады будзе лягчэй».

З’езд дапамог эмігрантам (хоць бы часова) вярнуцца ў Беларусь (дэлегаты з’ездзілі на Купалле ў Навагрудак, трапілі ў Музей архітэктуры і побыту ў Строчыцах, шмат вандравалі па Мінску). Пазітыўнае ўспрыманне эмігрантаў канчаткова замацавалася ў масавай свядомасці жыхароў Беларусі. З’езд ажывіў эміграцыйнае жыццё (а ў асобных краінах і запачаткаваў яго), заклаў традыцыю правядзення наступных з’ездаў, а таксама распачаў доўгачаканы дыялог паміж эміграцыяй і ўладай.

У тым жа 1993 годзе Савет Міністраў зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Беларусы ў свеце», якую распрацавала Акадэмія навук, «Бацькаўшчына» і іншыя арганізацыі. Яна прадугледжвала разнастайныя праекты з удзелам дыяспары, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый Беларусі. Пры беларускім урадзе быў створаны Каардынацыйны савет па справах беларускай дыяспары.

Але ў сярэдзіне 1990-х гадоў беларуская ўлада і эміграцыя разышліся ў думках наконт далейшага развіцця краіны. Таму шэраг праектаў так і не быў ажыццяўлены. Не змаглі рэалізаваць свой патэнцыял Згуртаванне прадпрымальнікаў беларускай дыяспары пры ЗБС «Бацькаўшчына», а таксама Рада прадпрымальнікаў беларускай дыяспары. Не атрымала далейшага развіцця праграма «Беларусы ў свеце». Бадай, ніводны з наступных з’ездаў не прайшоў так маштабна, як першы.

Песіміст зверне ўвагу, што закон «Аб беларусах замежжа» быў прыняты толькі 16 чэрвеня 2014 года, праз два дзесяцігоддзі пасля Першага з’езда. Аптыміст адзначыць, што супрацоўніцтва з дыяспарай працягваецца, а ідэі Першага з’езда беларусаў свету актуальныя дагэтуль.

ГАЗЕТЫ ТаГО часу

«Звязда», 1993 г.

«Звязда», 1993 г.

«Голас Радзімы» 1993 г.

«Голас Радзімы» 1993 г.

 

 

СпаСЫЛКі па тэме

  1. Успаміны Ганны Сурмач
  2. Успаміны Радзіма Гарэцкага
  3. Зварот да беларускага народа і Дэкларацыя аб прынцыпах нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва