Жнівеньскі путч ГКЧП — падзеі 19-21 жніўня 1991 года ў СССР, у выніку якіх адбыўся дзяржаўны пераварот і ўладу паспрабаваў захапіць Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП), які складаўся з вышэйшых службовых асоб савецкай дзяржавы.

Па сутнасці, падчас жнівеньскага путчу вырашалася будучыня Савецкага Саюзу і камуністычнай партыі. Путчысты хацелі скасаваць гарбачоўскую «перабудову», захаваць СССР і ўзмацніць уладу КПСС. Для гэтага яны вырашалі абвесціць надзвычайнае становішча на 6 месяцаў, увесці войскі ў Маскву і рэстаўраваць цэнзуру ў СМІ. Але ў выніку актыўных дзеянняў супраціўнікаў путчу, ГКЧП пацярпеў поўнае паражэнне. Лёс СССР і перабудовы, вядома, вырашаўся ў Маскве, аднак ў Мінску адбываліся важныя падзеі. Разам з палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім, які ў час путчу быў намеснікам галоўнага рэдактара «Народной газеты», мы аднавілі карціну таго, як развівалася сітуацыя ў беларускай сталіцы ў тыя спякотныя жнівеньскія дні.

zianon pazniak

Наўпроставай прычынай путчу стала магчымае падпісанне новай саюзнай дамовы, якое прадугледжвалася Нова-Агароўскімі пагадненнямі. Як адзначалі самі путчысты і іх прыхільнікі, галоўнай мэтай перавароту было захаванне СССР, якому пагражаў рэальны распад. Супраціўнікі ГКЧП бачылі ў путчы спробу ліквідаваць дэмакратычныя заваёвы эпохі «перабудовы» і вярнуцца да старога таталітарнаму рэжыму.

Путч пачаўся 19 жніўня, калі змоўшчыкі адрэзалі прэзідэнта СССР Гарбачова, які знаходзіўся ў адпачынку ў Крыме, ад усялякіх кантактаў са знешнім светам. Савецкім грамадзянам сказалі, што Гарбачоў хворы і не можа выконваць абавязкі прэзідэнта СССР. Улада перайшла да ГКЧП, які праз СМІ звярнуўся да жыхароў Савецкай дзяржавы са сваім пасланнем. У адпаведнасці з ім у краіне ўводзілася надзвычайнае становішча, прыпынялася дзеянне дэмакратычных правоў і свабодаў. У сталіцу СССР, як і ў некаторыя іншыя буйныя гарады, былі ўведзеныя войскі. Змоўшчыкаў падтрымаў шэраг прадстаўнікоў камуністычнай наменклатуры, хаця сярод савецкага кіраўніцтва было нямала  і супраціўнікаў перавароту.

Путчыстам учынілі супраціў дэмакратычныя сілы, якія выступалі за працяг  «перабудовы». У Расіі іх узначаліў Барыс Ельцын, а ў саюзных рэспубліках супрацьстаянне путчыстам разгарнулі прыхільнікі Народных франтоў. Буйныя гарады Саюза ахапілі мітынгі і дэманстрацыі супраціўнікаў перавароту. Распаўсюджваліся ўлёткі, якія заклікалі жаўнераў і міліцыю «Не страляць у народ». Народны пратэст і нерашучасць змоўшчыкаў дазволілі спыніць дзеянні ГКЧП. Паражэнне путчыстаў прывяло да канчатковай страты КПСС сваёй улады (6 лістапада 1991 партыя была распушчаная), узмацнення ўлады рэгіянальных лідэраў і незваротнага паскарэння распаду СССР.

Беларусь не была эпіцантрам путчу. Большасць наменклатуры ды й астатніх беларусаў, вырашылі «схавацца ў бульбу» і перачакаць «заварушку». Але ж і ў Мінску адбываліся мітынгі, газеты давалі розную ацэнку маскоўскім падзеям, а прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пісалі антыпутчаўскія звароты. Больш падрабязная карціна жнівеньскіх падзеяў — у размове з былым намеснікам галоўнага рэдактара «Народной газеты», палітычным аналітыкам Аляксандрам Класкоўскім.

kl

Як, дзе і калі вы даведаліся пра тое, што ў Маскве адбыўся путч?

– Я быў у Мінску, працаваў. Акурат перад гэтым я прыйшоў працаваць намеснікам галоўнага рэдактара ў «Народную газету». Гэта тады было такое папулярнае, дэмакратычнае выданне. І галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч узрадаваўся, што яму можна сыйсці ў адпачынак, тады ж быў жнівень, разгар «сезону».

І тут, літаральна праз некалькі дзен, грымнуў гэты путч. Памятаю, я раніцай галіўся і нечакана пачуў «Лебядзінае возера». У застойныя часы, калі нехта паміраў з генсекаў, дык заўжды такую жалобную музыку па радыё ўключалі. Але потым загучалі металічныя голасы дыктараў, што чыталі ўказы ГКЧП. Адразу такі халадок прайшоў па скуры, але трэба было ехаць на працу і рабіць нумар.

Якую першую інфармацыю вы атрымалі пра падзеі ў Маскве?

– Зраніцы пайшлі адразу тэлетайпы, абавязковыя для публікацыі: указы і пастановы ГКЧП. Паводле іх у краіне фактычна ўводзіліся законы ваеннага часу. Канешне, шмат хто спалохаўся. Быў момант разубленасці ў рэдакцыі, калі мы не ведалі, што рабіць.

Як «Народная газета» і іншыя СМІ рэагавалі на падзеі, якія адбываліся ў краіне?

Павел Якубовіч (падчас путчу — журналіст «Народнай газэты»), у  інтэрв’ю «Прэсболу»: «Усе рыхтаваліся да самага жорсткага сцэнару развіцця падзей. Да мяне, памятаю, падышоў кіраўнік камуністычнай фракцыі (прозвішча яго называць не буду) і сказаў: «Ну што, дэмакраты, заўтра вас будзем вешаць …». І гэта было сказана абсалютна без усялякай іроніі. Было зразумела: калі б у Маскве гэта сталі рабіць, то і тут таксама пачалі б ставіць шыбеніцы. Тады вынік гэтага паўстання быў зусім не відавочны».

– Мы сабралі нефармальную рэдкалегію з тых, хто быў на месцы. Што рабіць? Мы прынялі кампрамісны варыянт. Надрукавалі некалькі ўказаў, афіцыйныя рашэнні. Разам з тым у процівагу далі заяву дэпутатаў, што не трэба прызнаваць ГКЧП, далі моцны публіцыстычны артыкул, які напісаў Павел Якубовіч. Ён тады быў дэмакратычным журналістам, баявым пяром «Народной газеты». Другім выданнем, якое паспрабавала зрабіць матэр’ял супраць пучтчыстаў, была газэта «Знамя Юности», але там камсамол спыніў друк. Таму назаўтра большасць газет перадрукавалі матэр’ялы ГКЧП. Толькі «Звязда» дала адзін радок на першую паласу са словамі «Краіна ў шоку. І мы анямелі…». З намекам, што не зусім усе нармальна. Але большаць СМІ вырашылі супраць путчу ў першыя дні не выступаць.

B30607B5-792B-4BFD-9A47-8D7C33BA62CE_mw800

Зварот дэпутатаў апазыцыі БНФ, раніца 19.08.1991 г

– Як кіраўніцтва Беларусі рэагавала на захоп улады ГКЧП?

– Згодна з беларускай традыцыяй, большасць нашых наменклатурнікаў палічылі за лепшае схавацца ў бульбу. Яны банальна пераседзелі гэтыя тры дні. Для большасці было верхам адвагі ўжо тое, што яны ўсе ж такі не паддаліся, не падтрымалі ГКЧП. Я тады, памятаю, паспрабаваў прабіцца на прыём да старшыні Вярхоўнага Савету БССР Дземянцея. Хацеў даведацца, як рэагуе на ўсе беларуская ўлада: яны бяруць пад казырок ці нейкую самастойную лінію будуць весці. Але ў прыёмнай на смерць стаяў ягоны рэферэнт, грудзьмі захіліўшы дзверы ў кабінет. Дземянцей таксама лег на дно і ніякіх каментароў не даваў.

– Як дзейнічала дэмакратычная апазіцыя?

– Наша рэдакцыя знаходзілася ў Доме ўраду, а побач месціліся дэпутаты Вярхоўнага Савету. Але, зноў жа, быў час адпачынкаў, амаль што нікога там не было. Купка дэпутатаў, пераважна з апазіцыі БНФ (Пазняк, Навумчык, Баршчэўскі ды іншыя), там у калідорах церлася, яны паміж сабой перамаўляліся, крэмзалі нейкія паперы, я з імі зкантаваўся. Розныя ішлі чуткі, нехта сказаў, што на Мінск-Радыятарны прыгналі закратаваныя вагоны, што складзеныя чорныя спісы і ўсіх дэмакратаў будуць вязаць. Гэта таксама энтузіязму не надавала. Але я пабачыў, што ёсць нейкае варушэнне: дэпутаты рыхтуюць «паперу» – адозву да народу Беларусі. Сэнс быў такі: нельга паддавацца, гэта ўсё неканстытуцыйна, гэта пераварот, нельга выконваць загады ГКЧП».

sПётр Садоўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР XII склікання. Урывак з мемуараў «Мой шыбалет»: «У першы дзень маскоўскіх закалотаў, 19 жніўня, ніхто з афіцыйных асобаў Беларусі, акрамя дэпутатаў ад БНФ у Вярхоўным Савеце, не падаў голасу супраць дзяржаўнага перавароту ў Маскве. Камісія замежных справаў, якую я тады ўзначальваў, атрымала на наш запыт з Масквы 19-га і 20-га чатыры факсы ад нашага калегі Ўладзімера Лукіна, які не прыняў пераварот… Калі я рабіў копіі факсаў і разносіў іх па камісіях, некаторыя старшыні камісіяў і дэпутаты, нават тыя, што пазьней сталі лібэраламі і апазыцыянэрамі, дэманстратыўна не хацелі браць у рукі гэтых папераў. Праз два дні, калі ў Маскве ўсё было фактычна закончана, колькасьць нашых дэпутатаў, што асудзілі путч, вырасла да шасьцізесяці з лішнім чалавек».

– Ці існавала нейкая сувязь нашага дэмакратычнага руху з дэмакратамі ў Расіі ды іншых саюзных рэспубліках? Ці былі кантакты падчас путчу паміж журналістамі розных рэспублік?

– Дзейнічалі аўтаномна, таму што не было інтэрнэту, каналы сувязі былі фактычна блакаваныя. Напрыклад, тыя ж дэпутаты з апазіцыі БНФ праз факс з атачэння Ельцына атрымлівалі нейкую інфармацыю з Масквы. Гэта быў ці не адзіны канал. А мы ў сваю чаргу чыталі ўжо гэтыя факсы. Рэч у тым, што ў Маскве путчысты пачалі глушыць дэмакратычную прэсу, фактычна яны наехалі на ўсе асноўныя рэдакцыі. Але, калі маладая журналістка Малкіна задала пад час прэс-канферэнцыі ГКЧП смелае пытанне, мы зразумелі, што там не ўсе прыдушаны.

– Шмат хто ведае пра масавы супраціў путчу ў Маскве. А ці выказвалі беларусы нейкую грамадзянскую актыўнасць, ці былі пратэсты, мітынгі?

– Народ, як заўжды, ціха перамаўляўся. Многія шапталіся на кухнях, але не за, не супраць ГКЧП вялікіх выступаў не было. Трэба аддаць належнае купцы дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савету ад апазіцыі. Яны паспрабавалі сабраць мітынг. У першы вечар, 19 жніўня, сабралося толькі 200-300 чалавек. Выступалі Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык. Яны казалі, што не трэба гнуцца, што Масква хоча задушыць нацыянальны рух. Былі публічныя заявы супраць ГКЧП і ў рэгіёнах. 20, 21 жніўня народу на мітынгах паболела. Дэмакратычныя сілы, можа, і не на поўную моц, але сказалі свае слова.

verstka

З іншага боку, не было і надта вялікай падтрымкі ГКЧП, ніхто не імкнуўся бегчы наперадзе паравоза. Тэлебачэнне і большасць газет спраўна транслявалі распараджэнні ГКЧП, але на вуліцах не было бронетранспарцёраў, не ачаплялі будынкі, не было затрыманняў. Сілавікі таксама чакалі, куды падзьме вецер, і гэта многіх выратавала. Бо, калі канчаткова стала відавочна, што путч праваліўся, тым, хто паспеў падтрымаць ГКЧП, тэрмінова спатрэбіліся «памперсы». Яны ўжо ўяўлялі, што іх адправяць у закратаваных вагонах у Сібір. Дэмакраты стварылі адмысловую камісію, каб расследваць дзянні службовых асоб пад час путчу, якую ўзначальваў дэпутат Пырх («камісія Пырха»). І некаторым пагражалі сур’ёзныя наступствы, але потым камісія справу зацягнула, у краіне пачалі імкліва развівацца іншыя падзеі, справу спусцілі на тармазах. Ніякіх пакаранняў па сутнасці так і не было. 

– Чаму, на Вашую думку, путчысты прайгралі?

– Было некалькі чыннікаў. Па-першае, эканамічны. Перад гэтым адбылося паўлаўскае падвышэнне коштаў у два разы. Не будзем забываць, што за некалькі месяцаў да таго сто тысяч пралетарыяў выйшлі на плошчу Леніна супраць падвышэння коштаў. То бок абсалютна непапулярнай стала савецкая сістэма, побытавы антыкамунізм ужо стаў павальным. На той момант у КПСС было 21,5 мільёнаў чальцоў, і ніхто з іх не выйшаў абараняць гэтую сістэму. Усе фактычна ў душы сталі антыкамуністамі, бо ўсе бачылі, што гэтая сістэма выбрала свой матэрыяльны рэсурс.

Па-другое, была велізарная праца медыяў. Журналісты сапраўды былі адным з інструментаў перабудовы. У Беларусі ўся вярхушка была кансерватыўная, артадаксальная, але ў Маскве былі Гарбачоў, Якаўлеў, які па сутнасці казаў антыкамуністычныя рэчы.

І гэтыя людзі падтрымлівалі прэсу. Прэса ў сваю чаргу адчула смак вольнага слова, смак перабудовы. І ў Маскве галоўныя медыі, і ў Беларусі «Знамя Юности», а потым і «Народная газета» (створана у 1990 г. – прым. рэд) былі рупарамі перабудовы. Гэта працавала. Мы друкавалі шмат гістарычных артыкулаў. Расказвалі, што такое сталіншчына, што такое масавыя рэпрэсіі. Людзі былі агаломшаныя гэтым патокам праўды. Была сітуацыя шоку, і гэта руйнавала абсалютна аўтарытэт камуністычнай улады. Па-трэцяе, Масква ў значнай ступені ўратавала перабудову, уратавала Гарбачова. Людзі выйшлі і жывым колам атачылі Белы дом. Пабачыўшы, што народ узняўся, путчысты пабаяліся, што будзе вялікая кроў. У іх не хапіла цынізму і жорсткасці пайсці на гэта. Яны былі артадоксы, але не зверы, якія маглі праліць мора крыві.

– Як вы думаеце, што магло адбыцца, калі б путчысты перамаглі, якія б наступствы гэта мела?

– Калі б путчысты перамаглі, запрацаваў бы канвеер рэпрэсій. Мы разумелі, чым гэта можа скончыцца. Напрыклад, наша рэдакцыя чакала, што ў любы момант могуць ўварвацца аўтаматчыкі.  Потым ужо высветлілася, што і войскі беларускай акругі, і міністэрства ўнутраных спраў фактычна пачалі выконваць распараджэнні ГКЧП, проста не дайшло да справы. Калі б путчысты перамаглі, пачаўся б «хапун» і рэпрэсіі.

– У чым вы бачыце гістарычнае значэнне падзеі ў саюзным маштабе і канрэтна для Беларусі?

– Тут можна коратка адказаць. Гэта паскорыла крах камуністычнай сістэмы і Савецкага Саюза.

Анатоль Малафееў, 16-ы Першы сакратар Камуністычнай Партыі БССР. Гутарка з «Народнай газетай»: «ГКЧП — гэта ўсплёск настрояў, думак невялікай групы людзей, якія лепш за іншых ведалі, што ўжо надыходзяць сумныя, драматычныя часы, якія будуць мець вельмі цяжкія наступствы для ўсяго сусветнага парадку… Яны ні з кім у рэспубліках нічога не састыкоўвалі, яны не мелі сувязі на месцах. Але гэта не значыць, што яны ва ўсім не мелі рацыі. Іншая справа, што іх дзеянні не прывялі да пэўнага выніку».

Менавіта пасля гэтага была надзвычайная сесія Вярхоўнага Савету, на якой былі прынятыя гістарычныя для нашай краіны рашэнні. Путч стаў каталізатарам незалежніцкіх тэндэнцый, і сістэма ляснулася цягам некалькіх месяцаў. У гэтым самае галоўнае. Народ і лідэр, які можа пайсці на рызыку, як тады Ельцын, у вырашальныя моманты сапраўды могуць рабіць гісторыю.

Газеты таго часу

Советская Белоруссия, 20.08.1991

Советская Белоруссия, 20.08.1991

Знамя Юности, 21.08.1991

Знамя Юности, 21.08.1991

спасылкі па тэме

1. Сяргей Навумчык пра жнівеньскія падзеі 

2. TUT.BY пра жнівенскі путч

3. Хроніка маскоўскіх падзей

4. Відэа прэс-канферэнцыя ГКЧП у Маскве

 

Фатаздымкі ўзятыя з сайтаў «Грамадскі вэб-архіў Вытокі» і «Радые Свабода»