19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў закон, паводле якога дзяржаўным гербам Беларусі «з’яўляецца старажытны беларускi герб «Пагоня», якi ўяўляе сабой выяву размешчанага на чырвоным фоне коннiка белага колеру, скiраванага ў левы бок, з узнятым мячом i шчытом з крыжам». На наступныя амаль чатыры гады старажытны сімвал беларускіх зямель cтаў афіцыйным дзяржаўным гербам.

pagonki

 

Паходжанне «Пагоні»

«Пагоня» ў розных сваіх мадыфікацыях часта сустракаецца на гербах усёй Усходняй Еўропы. Лічыцца, што гэта выява ўвасабляе старажытную традыцыю народнай пагоні, калі пасля раптоўнага нападу праціўніка войскі і апалчэнцы былі павінны гнацца за адыходзячым ворагам, каб адбіць палон. Першы пісьмовы ўспамін пра герб «Пагоня» сустракаецца ў літоўскіх летапісах XIII стагоддзя.

У XIV ст. выява ўзброенага вершніка пачала выкарыстоўвацца як герб на пячатках Ягайлы і Вітаўта, сцягі менавіта з гэтым гербам луналі над палкамі вялікага князя падчас Грунвальдскай бітвы з крыжакамі. Пачынаючы з XV ст. «Пагоня» стала дзяржаўным сімвалам Вялікага княства Літоўскага, яе афіцыйны статус быў зацверджаны ў Статутах 1566 і 1588 гадоў.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе «Пагоня» патрапіла ў склад дзяржаўнага герба Расійскай Імперыі. Ёй былі заменены гербы многіх гарадоў, у тым ліку Вільні, Полацка, Віцебска. «Пагоня» працягвала існаваць як неафіцыйны сімвал барацьбы з царскімі ўладамі, яе выкарыстоўвалі паўстанцы, напрыклад падчас паўстанняў Тадэвуша Касцюшкі і Кастуся Каліноўскага. Напачатку XX стагоддзя, падчас існавання Беларускай Народнай Рэспублікі, «Пагоня» зноў на кароткі час зрабілася афіцыйным сімвалам краіны. Аднак хутка пасля стварэння БССР, 3 лютага 1919 года, быў зацверджаны новы герб, аналагічны сучаснаму.

У часы Вялікай Айчыннай вайны «Пагоня» разам з іншымі нацыянальнымі смваламі выкарыстоўвалася калабарацыяністамі, але варта заўважыць, што, паводле шматлікіх звестак, гэта выкарыстанне было неафіцыйным, то бок ніколі не было легітымізавана нацыстскім урадам.

У пасляваенны час беларускую нацыянальную сімволіку, у тым ліку «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг, выкарыстоўвала ў асноўным беларуская эміграцыя.

Адраджэнне напрыканцы 1980-х

Цэнтральную ролю ў вяртанні забытых сімвалаў на гістарычную арэну напрыкацы 1980-х адыграў Беларускі народны фронт. Яго прыхільнікі выступалі за адраджэнне беларускай мовы і культуры, і, натуральна, сімваламі гэтага працэсу былі абраны бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня». Сябры БНФ паднялі некалькi б-ч-б сцягаў 30 кастрычнiка 1988 года ў Мiнску падчас святкавання Дзядоў, пасля чаго супраць удзельнiкаў акцыi былi кiнуты падраздзяленнi мiлiцыi. Аднак пачатак быў пакладзены, і літаральна праз некалькі месяцаў, 19 лютага 1989 года, на першым апазіцыйным санкцыянаваным мітынгу над галовамі 40 тысяч чалавек былі ўжо бел-чырвона-белыя сцягі.

Асветніцкая дзейнасць грамадскіх арганізацый і адчуванне хуткіх перамен у краіне зрабілі сваю справу. 23 верасня 1989 года Мiнскі гарадскі савет прыняў пастанову «Аб беларускай нацыянальнай сiмволiцы i яе выкарыстаннi ў Мiнску», згодна з якой усе арганiзацыi, дзяржаўныя i грамадскiя ўстановы i жыхары атрымалi права адначасова з дзяржаўнымi сiмваламi БССР выкарыстоўваць на тэрыторыi сталіцы беларускую нацыянальную сiмволiку. Наўрадці хтосьці з тагачасных дэпутатаў мог падумаць, што ўжо 25 жніўня 1991 года Беларусь стане незалежнай і паўстане пытанне аб абранні сцяга і герба новай краіны.

 «Пагоня» – дзяржаўны герб Беларусі

У парадак дня вераснёўскай Шостай пазачарговай сесіі Вярхоўнага савета было ўключана пытанне аб дзяржаўнай сімволіцы. Калi аб гэтым стала вядома, сябры БНФ разгарнулi масштабную тлумачальна-агітацыйную кампанію сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савета, большасць з якіх былі старымі наменклатуршчыкамі і ўпэўненымі камуністамі.

navУрывак з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы»: «Пазьняк папрасіў мастакоў – Яўгена Куліка, Міколу Купаву, Аляксея Марачкіна, Уладзімера Крукоўскага, Лявона Бартлава ды іншых – распрацаваць эталён герба і сьцяга. Мастакі-фронтаўцы разам з нашымі гісторыкамі зрабілі выставу, прысьвечаную гісторыі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга. І калі дэпутаты прыехалі на сэсію, у фае перад Авальнай заляй яны ўбачылі стэнды, на якіх была адлюстраваная гісторыя нацыянальных сымбаляў пачынаючы ад Грунвальдзкай бітвы. Стэнды разьмясьцілі па пэрымэтры вакол калёнаў, і дэпутаты гэтак шчыльна іх атачылі, што ў першыя хвіліны я ня мог прабіцца скрозь сьцяну цікаўных.
Але яшчэ перад тым, як прыйсьці ў Дом ураду, дэпутаты ўбачылі бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Менскага гарсавету: ужо дзейнічала ягоная пастанова, што нацыянальны сьцяг у сталіцы выкарыстоўваецца нароўні зь дзяржаўным сьцягам БССР, усталёўваецца ў залі пасяджэньняў і на будынку гарсавету.
Усім дэпутатам былі раздадзеныя заключэньні навуковай рады Інстытуту гісторыі і прэзыдыюму Акадэміі навук БССР з рэкамэндацыямі прыняць нацыянальныя сымбалі ў якасьці дзяржаўных (тут пастараліся Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў, якія працавалі ў згаданым інстытуце).
Магчыма, ні да воднага пытаньня (апроч, зразумела, незалежнасьці) не рыхтаваліся мы так грунтоўна, ніколі так дакладна не вывяралі расклад у Авальнай залі, як цяпер, калі прымалі сымболіку».

15_1Паседжанне Вярхоўнага Савета 19 верасня 1991 года было напружаным. Усю старанна падрыхтаваную тактыку апазіцыі амаль што парушыў старшыня камісіі па пытаннях адукацыі, культуры і захавання гістарычнай спадчыны Ніл Гілевіч. У сваім выступе ён нечакана рэзка раскрытыкаваў камуністаў і персанальна тагачаснага стыршыню Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. Крыху згладзіў сітуацыю рэзанансны выступ народнага дэпутата Георгія Таразевіча, тэсізы для якога напісалі Алег Трусаў і Зянон Пазьняк, бо Таразевіч успрымаўся як «свой» сярод наменклатуры. Але ж нязгодныя з прыняццем нацыянальных сімвалаў у якасці дзяржаўных скарысталі парушаны баланс і пачалі прапанаваць адкласці канчатковае рашэнне на «пасля» – у прыватнасці, гэта была квазітэма выступаў Міхаіла Марыніча, Пятра Пракаповіча ды Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля доўгай славеснай бойкі галасаванне ўсё ж было праведзена. Вынік адмоўны: за сцяг прагаласаваў 201 дэпутат, а трэба 231. Выйсце з сітуацыі прапанавала намеснік міністра юстыцыі Валянціна Падгруша. Яна заўважыла, што канстытуцыі шмат якіх дзяржаў не ўтрымліваюць апісанне дзяржаўных сімвалаў, і прапанавала выключыць артыкул 168 з тагачаснага галоўнага закона. Пры такім раскладзе рашэнне можна было прыняць простым галасаванннем: не канстытуцыйнай большасцю ў 231 голас, а простай – у 173. Заканадаўчая камісія пагадзілася з прапановай, і падчас другога галасавання «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг былі зацверджаны ў якасці новых дзяржаўных сімвалаў.

Адразу пасля паседжання паўстала пытанне аб стварэнні эталонаў дзяржаўнай сімволікі. Для гэтага 4 кастрычніка была створана спецыяльная камісія, у склад якой увайшло больш за 20 чалавек на чале з дэпутатам Алегам Трусавам.

kruУладзімір Крукоўскі, мастак, графік, адзін з распрацоўшчыкаў дзяржаўнага герба «Пагоня»: «Са спецыяльнай камісіі была вылучана група мастакоў, якія разбіраліся ў геральдыцы, – у яе ўвайшлі Яўген Кулік, Мікола Купава, Лявон Бартлаў, Леў Талбузін і я. Праз нейкі час Купава заняўся дзяржаўнымі пячаткамі, Талбузін – рэльефам, аб’ёмным эталонам, а мы з Куліком фактычна стварылі фінальны варыянт герба.
Кожны тыдзень мы збіраліся разам, прапаноўвалі эскізы камісіі, абмяркоўвалі іх і спрачаліся. Усё трэба было рабіць у шалёным тэмпе, бо нам было адпушчана тры месяцы да паседжання Вярхоўнага Савета, на якім павінны былі быць зацверджаны новыя атрыбуты дзяржаўнасці. Усё рабілася бясплатна, на голым, чысцюткім энтузіязме, мы разумелі, што, калі не паспеем – затопчуць саму ідэю.
Галоўная праблема заключалася ў наступным: што ўзяць за аснову гэтага эталону? Асучасніць адну са шматлікіх гістарычных выяў «Пагоні» ці стварыць новы варыянт канца XX ст.? Спыніліся на апошнім. Узорам нам паслужыла выдатная выява конніка на грабоўцы Ягайлы, які разам з Вітаўтам выйграў Грунвальдскую бітву. У якасці стылю мы выбралі готыку, бо тая бітва – гэта часы готыкі. Таксама мы змянілі класічны шасціканцовы крыж, ён звычайна роўнаканцовы, на нероўнаканцовы – гэта пластычная прывязка да крыжа Еўфрасінні Полацкай, патронкі Беларусі.
Напрыканцы нашай працы да нас прыязджалі літоўцы. Яны ў гэты час перараблялі свой даваенны герб і хацелі ўпэўніцца, што мы не ўкралі іх ідэю. З’ехалі яны задаволеныя, бо ў геральдыцы існуе правіла: дастаткова змяніць адну дэталь – і гэта ўжо новы герб. У іх і колер другі, і крыж роўнаканцовы, нават хвост у каня інакш намаляваны, чым у нас, вельмі шмат адрозненняў.
На паседжанні Вярхоўнага Савета 10 снежня мы прадставілі тры эталоны: каляровая выява, чорна-белы варыянт і аб’ёмны рэльеф. Яны былі зацверджаны. Далейшы іх лёс нікому не вядомы, ёсць чуткі, што яны знаходзяцца ў Полацкім музеі кнігадрукавання, а мабыць, іх і знішчылі.

 

Рэферэндум 1995 года і ператварэнне ў сімвал апазіцыі

15_3«Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг праіснавалі ў статусе дзяржаўных сімвалаў амаль чатыры гады. Па ініцыятыве першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 14 мая 1995 года адбыўся рэферэндум, вядомы сваім вектарам на зварочванне беларусізацыі грамадства і пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта. На народнае галасаванне было вынесена чатыры пытанні, адно з іх – пра дзяржаўную сімволіку. Трэба адзначыць, што сама фармулёўка «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцягу і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь?» магла заблытаць грамадзян, бо выяў прапанаваных сімвалаў на бюлетэнях не было. «За» прагаласавалі 75,1 % ад тых, хто галасаваў, «супраць» – 20,5 %.

Пасля 1995 года «Пагоня» стала своеасаблівым сімвалам апазіцыі. Нягледзячы на тое, што герб афіцыйна не забаронены, ён разглядаецца ўладамі як «незарэгістраваная сімволіка», таму яго дэманстрацыя можа прывесці да канфіскацыі. У 2000-х «Пагоне» быў нададзены статус «нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці». Ці лічыць гэта першым крокам да чарговага вяртання гэтай геральдычнай «птушкі Фенікса», пакажа час.

Газеты таго часу

«Звязда», 31 жніўня 1991 года

«Звязда», 31 жніўня 1991 года

«Звязда», 12 верасня 1991 года

«Звязда», 12 верасня 1991 года

спасылкі па тэме

  1. Раздзел з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы»
  2. Як стваралася сучасная «Пагоня». Гутарка з Уладзімірам Крукоўскім
  3. 50 фактаў за бел-чырвона-белы сцяг
  4. Нацыянальныя сімвалы Беларусі. Ад імперыі да рэспублікі.

 

Эскізы герба «Пагоня» з прыватнай калекцыі Уладзіміра Крукоўскага. Аўтары эскізаў – Лявон Бартлаў, Лявонці Зданевіч, Уладзімір Лукашык, некаторыя аўтары невядомыя.