Газета «Наша Ніва» – адзін з брэндаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Пасля 76-гадовага перапынку ў выхадзе яна зноў пачала выходзіць у 1991 годзе ў Вільні. Газета імгненна стала галоўнай штотыднёвай чытанкай прасунутых беларускіх інтэлектуалаў. Сёння газета, прайшоўшы доўгі шлях развіцця, імкнецца адлюстроўваць усе сферы жыцця Беларусі, у тым ліку «Каханне і сэкс». Але яскравыя падзеі першай паловы 1990-х гадоў ужо сталі легендарнымі. Расказвае тагачасны супрацоўнік рэдакцыі Сяргей Харэўскі.

940

– Як вы думаеце, што 90-я прынеслі Беларусі?

Без-имени-1 Дэкларацыя аб суверэнітэце вельмі моцна ўзрушыла людзей. Таксама як і прыняцце закона аб мове. Адсоткаў 70 размоваў у транспарце было на гэту тэму. Прычым абсалютная большасць прыняла гэта як належнае. Агульны настрой быў «калі трэба, значыць трэба». Адпаведна, гэта імкліва каталізавала інтэлектуальны прарыў: людзі пачалі чытаць, вучыць, прыгадваць, як дзяды размаўлялі, спрабавалі самі размаўляць па-беларуску, вершы пісалі.

Па чарзе сталі прамаўляць па-беларуску кіраўнікі. Міністр абароны, міністр унутраных спраў, прэм’ер-міністр, потым раптам Багданкевіч (старшыня Нацыянальнага банка Беларусі ў 1991–1995 гг). Кебіч па-беларуску паседжанні вёў, Дземянцей (старшыня Вярхоўнага Савета БССР да 25 жніўня 1991 г.), Грыб (старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1994–1996 гг). Аказалася, усе могуць. 25 гадоў таму абсалютная большасць чынавенства былі вясковыя людзі і сканчалі беларускія школы, для іх гэта было натуральна.

Канешне, вельмі моцна ўразіла прыняцце герба са сцягам. Калі мы з Сяргеем Дубаўцом прыехалі з Вільні, дык прасілі некалькі кругоў пакатаць нас па плошчы Леніна, пераканацца, што сцяг над парламентам – гэта не сон. Запомніўся з’езд беларусаў свету ў апошнія дні Савецкага Саюза. Як тады хіхікалі, «З’езд беларусаў з таго свету». Там была маса фантастычных адкрыццяў – прыехалі людзі з Аргенціны, Фінляндыі, Аўстраліі і г.д. Усё на дзяржаўным узроўні, у Оперным тэатры.

Да гэтага ж шэрагу я б аднёс і адраджэнне «Нашай Нівы» ў траўні 1991 года. Усё пачалося з «Навінаў Беларускага народнага фронту» – газеты, якую ствараў Алесь Суша, Павел Жук, Алесь Гуркоў. Яны перараслі ў газету «Свабода», рэдактарам якой стаў Сяргей Дубавец. Я кінуў дзяржаўную працу ў «Белспецпраектрэстаўрацыі», сышоўшы мастацкім рэдактарам у «Свабоду». «Наша Ніва» і была задумана калектывам «Свабоды». Адначасова я сам вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, дзе тады віравала палітычнае і культурнае жыццё.

ddddddСяргей Дубавец, першы рэдактар адноўленай «Нашай Нівы», часопіс «Дзеяслоў» (№ 1-2, 2007 г): «Калі мы з калегамі ў 1991 годзе пачыналі аднаўляць «Нашу Ніву», мы мусілі паўтарыць шлях Луцкевічаў. Рэч у тым, што аднаўлялася газета яшчэ ў СССР, савецкім працягу Расейскае імперыі. Пры тым яна не магла быць нелегальнай – як увесь тагачасны нефармальны друк у Менску. Таму ўся сітуацыя мала чым адрозьнівалася ад 1906 году. Гэта пасьля абвешчаньня незалежнасьці Літвы і Беларусі ўзьнікла натуральная ідэя перабазаваць газету ў Менск. …У канцы 20-га стагодзьдзя ўсё паўтарылася ледзьве ня ў тых самых дэталях… Супрацоўнікі зноў жылі ў рэдакцыі, многія тут спыняліся, тут жа гатавалі сабе есьці й перажывалі бясконцую колькасьць усялякіх вартых успамінаў сітуацыяў ды канфузаў. …І вось праз 100 гадоў – зноў фактычна адна беларуская газета, і зноў – «Наша Ніва», і ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці публікі – той самы… Нягледзячы ані на інтэрнэт, ані на мабільную сувязь ці там заваёвы космасу».

– Чаму ў Вільні?

Vilna_1

У віленскай рэдакцыі на вул. Піліма. Злева направа: Сяргей Дубавец, Івонка Сурвіла, Сяргей Харэўскі.

– Тут сімволіка была вельмі празрыстая, маўляў, трэба паехаць у Вільню ды адрадзіцца там, дзе газета першапачаткова была, пераняць старую традыцыю, перагаварыць з дзядамі, завязаць новую, несавецкую, беларускую традыцыю. Не абстрактна, а асабіста дакрануцца да ўсяго. Мы ж яшчэ заспелі людзей, якія памяталі тую «Нашу Ніву». Напрыклад, Зоську Верас, якую на плячах насіў Багдановіч. Мы завязалі знаёмства з сынамі Антона Луцкевіча, хадзілі па ўсіх старых адрасах. Мы паставілі сабе за мэту дэкамунізацыю беларускай культуры. Той самай, несавецкай, культуры нам вельмі бракавала.

Першая «Наша Ніва» сфармавала беларускую думку. Гэта не абстракцыя, ёсць дакладныя яе складнікі: талерантнасць, інклюзіўнасць, нерэлігійнасць (гэта моцна кантраставала з нацыянальнымі праектамі суседніх народаў), увага да экалогіі. Напрыклад, я не ведаю беларускіх нацыяналістаў, якім было б па барабану спілоўванне дрэваў у горадзе. Сёння мы б назвалі гэта «левым цэнтрам».

У 1991 годзе мы былі ўпэўненыя, што трэба закідаць у грамадства новыя ідэі. Спачатку сталі наскокваць на старую пісьменніцкую гвардыю. Тую ж тарашкевіцу вярнулі ў Беларусь. Тое-сёе павыдавалі і лацінкаю. Сяргей Шупа, Вінцук Вячорка ды Зміцер Саўка сфарміравалі новы правапіс, новую, несавецкую, лексіку. Гэта была няпростая работа прафесійных філолагаў. А была й стыхійная «народная» творчасць. Напрыклад, я прыдумаў новае слова «шапік», а Адам Глобус – слова «хмарачос», хтосьці яшчэ штосьці. І… мова зажыла, акрыяла!

Пазнаёмілі мы чытача з несавецкай літаратурай, перадусім з беларускай эмігранцкай. Вельмі шмат перакладной літаратуры выдавалі. У нас былі пераклады з 28 (!) моваў, у тым ліку з лаоскай: усё самае актуальнае ў сусветнай літаратуры.

Ёсць таксама гісторыя, як аднойчы ў рэдакцыю «Нашай Нівы» пагрукаўся дзед, прынес мех бульбы і два кашы яблыкаў. Альфонс Кіткоўскі. Дзед вярнуў сабе зямлю, хутар, дом мураваны. «Такі хрысціянскі дэмакрат. Насядаў на касцёльнае начальства, чаму службы не па-беларуску. Аказалася, што «рускімі» літарамі па-беларуску чытаць не ўмее, толькі лацінкай», – кажа Сяргей Харэўскі.

 

– Як тэхнічна выглядала арганізацыя выдання?

 Першы нумар надрукавалі ў Баранавічах. Спачатку мы раз на месяц выходзілі. Першыя два гады я рукамі газету клеіў, не было праграм для вёрсткі. Тушшу адбіўкі маляваў, шрыфты. Шмат было ручной, арыгінальнай графікі – маёй, Алега Алажэя, Дзяніса Раманюка. Здымкі і малюнкі ўручную выразалі, без сканераў, без інтэрнэту. Спачатку былі кампозеры – такая электрычная друкарская машынка з прымітыўным праграмаваннем. У 1992 годзе ўпершыню з’явіліся камп’ютары чорна-белыя – братняя Польшча дапамагла.

Потым сталі выходзіць раз на два тыдні. Друкаваліся і тарашкевіцай, і лацінкай. Друкавалі ў Магілёве і ў Мінску. Усё залежыла ад фінансавых магчымасцяў. Першыя грошы даў Павел Жук, іншыя бізнесмены. Сродкі на выхад «Нашай Нівы» збіралі на Першым з’ездзе беларусаў свету, абвесцілі падпіску сярод эміграцыі, пайшлі ахвяраванні. Гэта было павевам часу: і «Звязда», і «ЛіМ» з намі падтрымлівалі партнёрскія адносіны. Газета «Звязда», да прыкладу, змяшчала на сваіх старонках рэкламу «Нашай Нівы», і мы нават пару разоў атрымлівалі гранты ад Міністэрства інфармацыі. Амбасадар Беларусі ў Літве Вайтовіч нам спрыяў. У нас былі гасцямі, бадай, усе самыя вядомыя палітыкі Беларусі і Літвы, лідары беларускіх дыяспараў з розных краін.

– А чаму рэдакцыя пераехала ў Мінск? Пры тым не ў самы спрыяльны момант 1996 года?

minsk_1

Мінская рэдакцыя «Нашай Нівы» на вуліцы Куйбышава. Стаяць злева направа: Аляксандра Макавік, Алена Палякова, Сяргей Дубавец, Сяргей Харэўскі, сядзяць – Зміцер Бартосік і бухгалтар рэдакцыі.

Без адраджэння беларускай Вільні нічога не адродзіцца ў Беларусі. Да 1996 года мы стварылі там беларускі дзіцячы садок, гімназію імя Францыска Скарыны, беларускае аддзяленне ў педуніверсітэце, дзве перадачы на радыё, тэлебачанні, шмат мемарыяльных дошак павесілі, дзейнічалі тры клубы – мастацкая суполка, Таварыства беларускай культуры, беларускі хор. І гаворка вялася пра павелічэнне актыўнасці.

У 1996-м былі межы, візы, да нас аўтары ўжо не маглі ездзіць. Паштовыя расходы павялічыліся. Паўстала пытанне аб сталай рэгістрацыі ў Літве або ў Беларусі, нарасталі бюракратычныя перашкоды. Сабекошт газеты павялічыўся, спаў наклад. Трэба было пераязджаць туды, дзе большасць аўтараў, мяняць фармат, станавіцца больш актуальнымі, рабіць рэпартажы.

У сувязі з сумнымі вынікамі рэферэндуму 1995 года газета перайшла на штотыднёвы рытм. Усё змянялася вельмі хутка. На полі недзяржаўнай прэсы ўтварылася моцная канкурэнцыя: «Белорусская газета», «Имя», «7 дней», «Свободные новости». Мы разумелі, што, калі застанемся за бугром, доўга не працягнем.

– Як сустрэла вас сталіца?

– У 1996 годзе газета пераехала ў Мінск, у тым ліку архівы. Рэдакцыя была на Варвашэні, потым на Бабруйскай. Яна стала сапраўдным эпіцэнтрам усёй беларускай культуры. Выдалі пару тузінаў кніг, сярод якіх новыя кнігі Быкава, Адамовіча. Мастакі прыходзілі, барды, у нас Артур Клінаў складзіраваў свой праект з катафалкамі. Рокеры – ад Кулінковіча да Вольскага. Я ўдзельнічаў у трох рок-каранацыях, прызы выносіў. Усе гулянкі і застоллі да раніцы – таксама ў нас. Цяжэй узгадаць, каго там не было. Было вельмі крутое ў тую эпоху «Радыё Рацыя» на Рэвалюцыйнай, мы там таксама тусаваліся. З Клінавым і Цішыным стварылі Асацыяцыю сучаснага мастацтва.

Шэдэўрам усяго гэтага стаў фантастычны фэст найноўшай беларускай культуры «Каралеўства Беларусь» у 1997 годзе, які мы арганізавалі пад Варшавай у пасёлку Падкова Лесьна. Я быў рэжысёрам, удзельнічалі Вацлаў Арэшка, Алег Дзярновіч, Артур Клінаў, Валерый Самусёнак. Там быў часовы начлег, кавярня. З васьмі вечара да васьмі раніцы нон-стоп нешта адбывалася. Выстава фатаграфіі, жывапісу, скульптуры, перфомансы. Спяваў хор «Унія», граў N.R.M., барды, паэты вершы дэкламавалі. Апоўначы феерверк грохнулі і падпалілі ўсё. Пажарныя прыехалі з Варшавы.

nn_1Алесь Пашкевіч, гісторык: «Я не зафіксаваў вяртанне «Нашай Нівы» ў 1996 г., бо для мяне яна заўсёды прысутнічала. Асноўнымі газетамі, адкуль мы чэрпалі інфармацыю, былі «Свабода» і «Народная воля». «Наша Ніва» была досыць багемнай газетай. Цяпер усе кажуць, маўляў, сённяшняя «НН» ужо не тая, сапсавалася. Яна і сапраўды была зусім іншай. Такая інтэлігенцкая чытанка для найбольш прасунутых. Імкнулася ісці ў еўрапейскіх трэндах. Была такой газетай, дзе можна было прачытаць тое, чаго не пісалася ў іншых. З іншага боку, не ўсё было зразумела, бо ішлі ўхілы ў тэарэтызаванне, разважанне, рэфлексіі, філасофскія навароты ішлі. Гэта часам цяжка было ўцяміць. Асаблівы шарм гэтаму надавала тарашкевіца. Прычым самая «жорсткая». Бывала, шмат слоў у артыкуле незразумелымі падаваліся. І кожны аўтар намагаўся выпрацаваць сам сабе нормы, ставіць эксперыменты. Слова «крыжаванка» Ян Максімюк прыдумаў тады. Нават цэлыя дыскусіі разгортваліся наконт беларускіх адпаведнікаў замежным словам – лядоўня, тэлевізар, верталёт. Конкурсы сярод чытачоў праводзіліся. Чамусьці запомнілася, як абмяркоўвалі слова «наморднік». Нехта прапанаваў «нагубак». Або абвяшчалася акцыя – кожны першы дзень месяца размаўляем па-беларуску. А потым друкаваліся водгукі: «Першы дзень размаўляў, але вытрымаў часткова».

А потым пачаўся такі паўзучы рэванш. На ўзроўні раёнаў, сельсаветаў у беларускім жыцці нічога не змянілася пасля Савецкага Саюза. Ніводнай вуліцы не пераназвалі, ніводнай газеты. Ніводнай чырвонай зоркі не знялі, за рэдкім выключэннем. Разгон Вярхоўнага Савета мы вельмі перажывалі. Я быў добра інфармаваны пра перамовы Сямёна Шарэцкага з Ягорам Строевым і Генадзем Селязнёвым. Мала хто помніць АМАП расійскі ў Мінску, які, праўда, у справу не пусцілі. Потым быў страшны час пасля рэферэндуму 1996 года. 25 тысяч чалавек выходзілі і пераварочвалі міліцэйскія машыны. Здавалася, перамога блізка, але з тыдня на тыдзень усё меней жартаў было. Міліцыя пачала дзейнічаць вельмі жорстка, паміж Мінскам і Вільняй паставілі блок-пасты.

minsk, editors_1

Здымак у мінскай рэдакцыі. Злева направа: Віктар Корзун, Сяргей Харэўскі і Андрэй Лапцёнак

– З якімі пачуццямі рэдакцыя ступіла ў ХХІ стагоддзе?

– Пачуцці мяняліся, як у калейдаскопе: гонар змяняўся горыччу, роспач – радасцю! Але ніколі не было адчаю, песімізму. Бо не гублялі надзеі, працавалі несупынна, без адпачынкаў, у савецкім сэнсе. Але выглядала, што, апярэдзіўшы свой час, пасеяўшы безліч ідэяў, запраектаваўшы многія з’явы, мы апынуліся далёка ў авангардзе. Новае пакаленне чытачоў, якое ўвайшло ў жыццё, вымагала адказаў не пра вечнасць, далёкую будучыню ці забытую мінуўшчыну, а пра надзённасць, вымагала адказаў на пытанні літаральна сённяшняга дня. Давялося стаць, перадусім, сапраўды інфармацыйнай крыніцаю, транслятарам канкрэтных палітычных ідэяў, у тым ліку і датычных знешняга свету. Дзеля гэтага калектыў рэдакцыі значна павялічыўся, рэзка амаладзіўся, цалкам стаўшы мінскім. А большасць колішніх аўтараў і калегаў – Сяргей Шупа, Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Алег Мінкін, Славамір Адамовіч, Алег Дашкевіч, Алег Дзярновіч, Юры Шаўцоў – знайшлі сябе, урэшце, у іншых сферах.

«Наша Ніва» стала ўжо іншым праектам, больш адпаведным эпосе інтэрнэту, камунікатыўнага і інфармацыйнага выбуху, нарастаючай палітычнай стагнацыі і новых культурных выклікаў. І ўзрост сённяшняга калектыву рэдакцыі прыкладна такі, які быў у нас паўтары дзясяткі гадоў таму. І гэта слушна цалкам!

Я адзіны, хто застаўся ў складзе рэдакцыі да сёння, хоць і ў вельмі сціплай ужо ролі апошняга з «магіканаў». Але я ведаю сотні людзей з пакалення, якому сёння 30–35 гадоў, для якіх тая «Наша Ніва» з 1990-х стала зоркаю, што асвяціла іх жыццёвы шлях, прывяла іх да Беларушчыны. І менавіта яны сталі сёння дзейнымі лідарамі недзяржаўных арганізацыяў, рухаў, партыяў, розных культурных і грамадскіх праектаў. То бок тузін маіх сяброў і калегаў, якія запачаткавалі гэты праект, могуць ганарыцца, што сеялі поўнаю рукою не марна, а наша зерне думак шумна калосіцца і зараз. Спасылкі па тэме:

1. Архіў газеты «Наша Ніва» на старонцы «Камунікат»

2. Сяргей Дубавец. «Стагоддзе НН. Нататкі з нагоды юбілею»

3. Блог Сяргея Харэўскага. Аўтарскія матэрыялы і графіка, падрыхтаваныя для НН

Газеты таго часу

«Наша Ніва»,  травень 1991

«Наша Ніва», травень 1991

«Наша Ніва»,  ліпень-жнівень 1995

«Наша Ніва», ліпень-жнівень 1995

«Наша Ніва», сакавік 1996

«Наша Ніва», сакавік 1996