Дзякуючы перабудове напрыканцы 80-х ідэя незалежнасці Беларусі пачала ахопліваць розныя слаі грамадства. Пра незалежнасць марылі далёка не толькі палітыкі ды паэты-летуценнікі, думалі пра новую сувярэнную краіну і некаторыя армейскія афіцэры. Вынікам іх разваг пра тое, што Беларусі неабходна сваё нацыянальнае войска, стала стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ). Гэта арганізацыя, заснавая падчас жнівеньскага путчу, стала сілай, якая спрыяла трансфармацыі і беларусізацыі арміі нашай краіны.

13

Устаноўчы сход БЗВ 13 кастрычніка 1991 года

Устаноўчы з’езд БЗВ адбыўся 12-13 кастрычніка 1991-га ў Мінску, а ў снежні таго ж года арганізацыя была афіцыйна зарэгістравана. Вядома, згуртаванне не з’явілася ў адзін дзень: жнівеньскі путч стаў толькі каталізатарам афармлення і аб’яднання тагачаснага патрыятычнага вайсковага руху, які распачаўся значна раней.

Перадумовы. Першыя беларускія вайсковыя арганізацыі

Падчас перабудовы пачалі актыўна стварацца розныя вайсковыя беларускія патрыятычныя суполкі, прычым не толькі ў Беларусі. 30 кастрычніка 1988 года ўлады разагналі жалобны мітынг з нагоды Дня памінання продкаў Дзяды. Неўзабаве пасля гэтага ў Мінскім вышэйшым інжынерным ракетным вучылішчы супрацьпаветранай абароны ўзнікла група з 5 курсантаў,  абураных такімі дзеяннямі, якую ўзначаліў Сяржук Чыслаў (пазней – адказны сакратар БЗВ, а яшчэ пазней – лідар «Белага легіёну»). Хлопцы распавядалі праўду аб падзеях 30 кастрычніка і распачалі іншую асветніцкую дзейнасць сярод вайскоўцаў. У снежні 1988 яны зарэгістраваліся ў Арганізацыйным камітэце па стварэнню БНФ як група падтрымкі Фронту. Увесну 1989 года група пашырылася да 20 чалавек, а 3 красавіка атрымала назву «Вольнае згуртаванне вайскоўцаў».

У 1989 годзе ў казахстанскім Прыазёрску ўзнік філіял Таварыства беларускай мовы (афіцыйна з 1991) на чале з падпалкоўнікам Станіславам Суднікам, куды ўвайшлі некалькі дзясяткаў афіцэраў і жаўнераў. Суполка вяла асветніцкую і грамадскую дзейнасць, выдавала беларускамоўную газету «Рокаш», дзе з другога нумара (верасень 1990 года) друкаваліся матэрыялы, у якіх разглядаліся пытанні будаўніцтва беларускага войска. Тут таксама працавала беларуская нядзельная школа. Казахстанскі філіял ТБМ спыніў існаванне ў канцы 1993 года, калі актывісты пераехалі ў Беларусь.

Кантакты з прыазёрскімі вайскоўцамі падтрымлівала падобная нацыянальна-патрыятычная суполка ў Калініне (цяпер Цвер), дзе з 80-х існавала шматлікае беларускае земляцтва. Калінінскую арганізацыю ўзначаліў падпалкоўнік Вінцэнт Чорны.

Тым часам узнікла арганізацыя беларускіх вайскоўцаў у Маскве. Увосень 1990 года сярод сяброў маскоўскай суполкі БНФ (існавала з 1989 года) пачала выкрышталізоўвацца група вайскоўцаў. Адзін з іх, лейтэнант Віктар Нагнібеда, паводле ўласнай ініцыятывы, ад імя аргкамітэту «Згуртавання Беларускіх Вайскоўцаў» (хаця фармальна яго яшчэ не было) склаў «Зварот да беларускіх вайскоўцаў» і даслаў яго ў студзені 1991 года ў газету «Свабода». На гэты зварот Нагнібеда атрымаў больш за 40 лістоў. Будучы кіраўнік БЗВ Мікола Статкевіч у сакавіку 1991 года знарок прыехаў у Маскву дзеля наладжвання сувязяў з вайскоўцамі-беларусамі Масквы. Пасля гэтых лістоў і сустрэч са Статкевічам 13 красавіка 1991 года было створана «Згуртаванне Беларусаў-Вайскоўцаў Масквы» (ЗБВм), прыняты Статут ЗБВм і выбраны каардынацыйны камітэт у складзе трох чалавек на чале з палкоўнікам Васілём Астаповічам. Падчас жнівенскага путчу у 1991 годзе сябры маскоўскай арганізацыі прынялі ўдзел у абароне «Белага дому».

Восенню 1989 года ў Мінскім інжынерным вучылішчы ўзнікла група на чале з кандыдатам тэхнічных навук Мікалаем Статкевічам (пазней – лідарам БЗВ і партыі БСДГ), куды таксама ўвайшоў Мікалай Бірукоў (пазней – намеснік старшыні БЗВ). Суполка займалася распрацоўкай дэталёвай канцэпцыі стварэння беларускага войска. У другой палове 1990 года Статкевіч пад псеўданімам пачаў публікаваць змест канцэпцыі ў газеце «Літаратура і мастацтва».

У канцы лютага 1991 года Статкевіч выйшаў з КПСС і на ўстаноўчым з’ездзе БСДГ адкрыта заявіў пра неабходнасць стварэння беларускага войска (партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада» (БСДГ), якая стваралася ў той час, мела фракцыю ў парламенце ды карысталася ўплывам у СМІ – таму на яе было вырашана абапірацца). У красавіку 1991 года Цэнтральная Рада БСДГ стварыла камісію БСДГ па вайсковых пытаннях. У склад камісіі ўвайшлі народны дэпутат БССР Віталь Малашка, Мікалай Статкевіч і Сяржук Чыслаў (апошні звольніўся з войску ў пачатку 1991 года і вярнуўся на Радзіму). Пачалася кампанія ў СМІ, хутка звязаліся з усімі беларускімі вайсковымі арганізацыямі СССР, і пачалася праца – пад дахам «Секцыі вайскоўцаў, сяброў і прыхільнікаў БСДГ». Разам з тым пачаліся пераследы Статкевіча, паўстала пытанне пра яго звальненне з войска – так «за непрыняцце мер» звольнілі начальніка ракетнага вучылішча, дзе ён служыў.

Увогуле рост беларускіх вайсковых арганізацый у першай палове 1991 года назіраўся па ўсёй тэрыторыі СССР. У Беларусі яны ўзніклі ў выглядзе суполак ТБМ. У Мінску на аснове групы Статкевіча была арганізвана суполка ТБМ на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Біруковым, а ў вайсковым гарадку Печы (Барысаў) — на чале з маёрам Міхасём Варанцом.

Як стваралася БЗВ. Мэты

Жнівеньскі путч у 1991 годзе падштурхнуў вайскоўцаў да кансалідацыі. Як кажа Міхась Варанец, стала зразумела, што надыйшоў час «не гаварыць, а бараніць». Узнікла ідэя стварыць адзіную нацыянальна арыентаваную арганізацыю айчынных вайскоўцаў, надпартыйны агульнавайсковы рух.

Увечары 19 жніўня вайскоўцы і прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый (БСП, БНФ, АДПБ, БСДГ у тым ліку) сабраліся, а зранку 20 жніўня ў памяшканні галоўнага корпуса БДУ абвясцілі ўтварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў і аб’явілі яго мэты – абарона незалежнасці і дэмакратыі, патрыятычнае выхаванне ў грамадстве і войску, недапушчэнне выкарыстання войска супраць народу.

Заснавальнікі прынялі зварот да вайскоўцаў не выконваць загады ГКЧП. Зварот і мэты былі зачытаны ў той жа дзень Мікалаем Статкевічам, якога абралі старшынёй, па радыё і на пратэстным мітынгу ў Мінску. Створаная арганізацыя наладзіла кантроль за перамяшчэннем войскаў па горадзе.

Пасля паражэння путчу пачаўся рост колькасці сяброў БЗВ. На першы з’езд Беларускага згуртавання вайскоўцаў 12-13 кастрычніка 1991 года прыехалі 119 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў СССР. У снежні 1991 года згуртаванне было зарэгістравана як «непалітычны грамадска-патрыятычны рух».

Але ж тут трэба адзначыць, што мэты БЗВ былі хутчэй не сацыяльнымі (абарона вайскоўцаў як сацыяльнага класа), а палітычнымі і ідэалагічнымі. Гэтаму спрыяла і цеснае супрацоўніцтва з рухам БНФ – настолькі цеснае, што самі сябры сёння адзначаюць, што часам цяжка было вызначыць, дзе чыя прапанова ці ініцыятыва. Многа хто з сяброў арганізацыі таксама належаў да партый.

Барацьба за стварэнне беларускага войска і Антыкрызіснае пагадненне

Скарыстаўшыся паражэннем ГКЧП і перапыненнем пераследаванняў, ужо 25 жніўня 1991-га БЗВ перадала ў парламент свае прапановы па ўтварэнні беларускага войска на базе злучэнняў Савецкай Арміі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Праца вялася з дапамогай апазіцыі БНФ у парламенце, таксама цеснае супрацоўніцтва было наладжана з камісіяй Вярхоўнага Савета па пытаннях абароны.

Чатыры разы заканадаўчыя акты па гэтых прапановах выносіліся на разгляд парламента, і толькі на пачатку вясны 1992 года беларускае войска юрыдычна было ўтворана. На думку кіраўніцтва БЗВ, «своечасовы раздзел Савецкай Арміі, які адбыўся ў тым ліку і дзякуючы шырокай прапагандысцкай кампаніі, якую вяло БЗВ, дазволіў пазбегнуць “югаслаўскага варыянту”, дзе адзіная армія паспрабавала сілай аднавіць адзінства дзяржавы і развязала шырокую крывавую вайну».

Трэба адзначыць, што да гэтага кроку – утварэння беларускага войска – улады падштурхнула знешняя пагроза: у Расіі пачалася істэрыя з нагоды атрымання Беларуссю незалежнасці. Расійскія газеты пісалі, што беларускай нацыі не існуе, адпаведна не можа быць і такой дзяржавы, як Беларусь, у Маскве праходзілі дэманстрацыі камуністаў і шавіністаў… Тым часам свайго войска краіна не мела, а злучэнні Савецкай Арміі на нашай зямлі былі хутчэй пагрозай, чым сродкам абароны суверэнітэту.

Таму ў сакавіку 1992 года па ініцыятыве БЗВ усе патрыятычныя – дзяржаўныя і апазіцыённыя – сілы кансалідаваліся і падпісалі Антыкрызіснае пагадненне, згодна з якім яго ўдзельнікі ў выпадку пагрозы суверэнітэту разам выступяць у абарону дзяржавы. Да пагаднення далучыліся больш за 50 арганізацый і дзяржаўных дзеячаў, у тым ліку кіраўніцтва дзяржавы, МУС і КДБ, духавенства. Быў створаны Антыкрызісны камітэт, старшынёй якога быў абраны кіраўнік урада Вячаслаў Кебіч, а намеснікам – старшыня БЗВ Мікалай Статкевіч. Зразумела, структура з такім шматлікім і пярэстым складам была недзеяздольнай, але сам факт яе ўтварэння меў вялікі піяр-эфект. Істэрыя ў Маскве хутка спынілася.

БЗВ таксама займалася патрыятычным выхаванем афіцэраў і жаўнераў, вяло працу па вяртанні афіцэраў-беларусаў у Беларусь.

Нарастанне супярэчнасцей з наменклатурай

З прызначэннем у красавіку 1992 года міністрам абароны Беларусі Паўла Казлоўскага сітуацыя рэзка пагоршылася. Посткамуністычная наменклатура праводзіла палітыку па недапушчэнні ў войска нацыянальнага. БЗВ стала ворагам № 1 для Мінабароны і ўладаў. На думку кіраўнікоў БЗВ, сітуацыя ўскладнялася барацьбой арганізацыі супраць карупцыі, што «кранала асабістыя інтарэсы шмат каго з генералітэту». Таму, як адзначаюць аўтары брашуры «Гісторыя БЗВ», надрукаванай для сяброў арганізацыі, спачатку ўлады спрабавалі «купіць кіраўніцтва БЗВ пасадамі», а потым «пачалі вайну супраць руху, нягледзячы на яго імкненне да супрацоўніцтва».

stПершым пытаннем, па якім пазіцыі БЗВ і Мінабароны разышліся, было прыняцце воінскай прысягі. «Пасля атрымання незалежнасці, – распавядае былы кіраўнік Мінскай гарадской арганізацыі БЗВ, маёр запасу Алесь Станкевіч, – склалася дзіўная сітуацыя: навабранцы, якія прыходзілі на службу, прымалі нанова зацверджаную прысягу на вернасць Беларусі на беларускай мове. Аднак афіцэры, у адрозненне ад салдатаў ды сержантаў, заставаліся пад прысягай Савецкаму Саюзу! То бок афіцэры маральна і юрыдычна не неслі ніякай адказнасці. Калі б, не дай бог, узнікла нейкая сітуацыя, яны маглі б сказаць: я не прысягаў Беларусі, таму бараніць яе не буду».

БЗВ лічіла, што настаў момант для прывядзення да прысягі на вернасць народу Беларусі ўсяго афіцэрскага складу. Мінабароны выступала супраць. Але недакладная інфармацыя пра планаванне падобнай акцыі ў Расіі падштурхнула міністэрства, якое пабаялася апынуцца ў няёмкім становішчы, да згоды. У жніўні 1992-га Мінабароны абвясціла пра прывядзенне афіцэраў да адпаведнай прысягі, але ж толькі праз 5 месяцаў. Інфармацыя з Расіі была хутка абвергнута, але БЗВ вырашыла правесці прысягу 8 верасня і дамаглося правядзення акцыі.

Прысяга на вернасць Беларусі

8 верасня 1992 года, падчас першага святкавання Дня беларускай вайсковай славы, па ўсёй краіне – у Мінску, Гародні, Берасці і іншых гарадах – прайшла масавая акцыя прыняцця прысягі на вернасць Беларусі вайскоўцаў і вайскоўцаў запасу.

На сталічнай плошчы Незалежнасці, стоячы ў форме перад вялікай грамадой людзей, прынялі прысягу 15 афіцэраў-актывістаў БЗВ. На працягу года 12 з іх былі звольнены з войска, потым чарга дайшла і да іншых.

На сцэне насупраць педынстытута стаялі Мікалай Статкевіч, лідар БНФ Зянон Пазняк, пісьменнік Васіль Быкаў. Урачыста выйшлі ў ваеннай форме афіцэры, якія працягвалі службу, і дэпутаты Вярхоўнага Савета. Афіцэраў узначальваў камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння палкоўнік Уладзімір Барадач, дэпутатаў – Сяргей Навумчык. Яны сталі тварам да прысутных.

Пазняк выступіў з прамовай, у якой распавёў, чаму праводзіцца прысяга. Пасля яе зачытання лідар БЗВ прайшоў перад шэрагам, і кожны распісаўся ў прыняцці прысягі на афіцыйным бланку. Да столікаў пацягнуліся з пашпартамі каля трох тысяч вайскоўцаў запасу, якія жадалі подпісам засведчыць сваё прыняцце прысягі на вернасць Беларусі. Гучаў паланэз Агінскага – людзі спадзяваліся, што ён стане гімнам краіны, які на той момант яшчэ не быў зацверджаны. Выступілі музыканты, паэты, гісторыкі.

Акцыя адыграла свою ролю, і Саўмін не адмяніў рашэнне аб прывядзенні афіцэраў да прысягі. 31 снежня 1992 года армейцы, міліцыянты і супрацоўнікі спецслужбаў прынялі прысягу на беларускай мове пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня».

Але ж потым пачалася прапагандысцкая вайна супраць БЗВ, пачаліся звальненні актывістаў. Былі звольнены ці прымушаны да звальнення палкоўнікі Ўладзімір Барадач і Ўладзімір Савянок, маёры Міхась Варанец і Курбан Гельдыеў. Кіраўніцтва БЗВ палічыла, што расце верагоднасць выкарыстання войска супраць народа, і вырашыла выходзіць за межы войска і ператварацца ў агульнанародны патрыятычны рух.

Ператварэнне вайсковага руху ў агульнанацыянальны. Марш у гонар 75-й гадавіны БНР

Каб пашырыць уплыў згуртавання, на працягу лютага-сакавіка 1993 года была створана Мінская гарадская арганізацыя БЗВ. 21 сакавіка яна правяла марш па Мінску, прысвечаны 75-й гадавіне ўтварэння Беларускай народнай рэспублікі. Больш за тысячу мужчын прайшлі па праспекце Скарыны (цяпер Незалежнасці) калонай пад разгорнутымі штандартамі і пад барабанны бой. Наперадзе неслі штандарт «Народ, барані сябе сам!». Яны ішлі ў цывільным, бо аб’яднанне вайскоўцаў з’яўлялася грамадскай арганізацыяй, але частка з іх — з шаўронамі БЗВ на рукавах.

За тысячай сябраў БЗВ ішлі яшчэ каля 10 тысяч ўдельнікаў шэсця.

d«Мы ішлі без скандавання і лозунгаў, як гэта бывае на палітычных мітынгах і шэсцях, – распавядае дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, афіцэр запасу Леанід Дзейка. – Але гэта было відовішча. Марш ваенных пад барабанны дроб – гэта не жарты».

«У нас было пачуццё годнасці і гонару за тое, што робім, – пагаджаецца Валер Костка, які быў на той час маёрам КДБ. – Мы прадэманстравалі, што нас шмат і што сярод нас людзі, якія ведаюць, што такое дысцыпліна і парадак».kost

Марш скончыўся ў скверы Янкі Купалы, дзе каля помніка паэту адбыўся мітынг, прысвечаны Дню волі. Сярод яго ўдзельнікаў былі пісьменнік Васіль Быкаў і кіраўнік БНФ Зянон Пазняк.

Акцыя напужала ўлады: «Пал Палыч Казлоўскі казаў, што баевікі з БЗВ ледзь не са зброяй у руках пагражалі зрынуць уладу», – кажа Алесь Станкевіч і адзначае, што насамрэч такіх мэтаў у БЗВ не было.

Улады хутка прадпрынялі крокі па ліквідацыі БЗВ. Парламент прыняў закон аб забароне вайскоўцам палітычнай дзейнасці, нягледзячы на тое, што па статуту БЗВ не з’яўляецца палітычнай арганізацыяй. Мінабароны пачало пагражаць звальненнем усім яе сябрам. Каб уратаваць людзей і захаваць іх у войску, выканаўчая рада вырашыла вывесці са складу арганізацыі ўсіх кадравых вайскоўцаў, акрамя старшыні.

Гэта не дапамагло. На працягу года былі звольнены палкоўнік Уладзімір Барадач, падпалкоўнік Мікалай Бірукоў, капітан Алесь Бабыр, падпалкоўнік Анатоль Крыварот, падпалкоўнік Станіслаў Суднік, маёр Валер Костка і іншыя. Праз два месяцы пасля акцыі, у пачатку траўня 1993 года, быў звольнены і старшыня БЗВ Мікалай Статкевіч. Прычынай яго звальнення была пазначана «палітычная дзейнасць» з фармулёўкай «за дыскрэдытацыю высокага звання афіцэра». І ўсё гэта нягледзячы на бездакорную службовую рэпутацыю, пратэсты грамадскасці і заяву З’езду беларусаў свету.

Але ўжо да гэтых падзей асноўны цяжар арганізацыйнай працы быў перанесены з войска ў грамадства, хаця «вайсковая» частка назвы была захавана. Філіялы БЗВ пачалі разгортвацца па ўсёй Беларусі, і да жніўня 1994-га існавала ўжо 36 раённых арганізацый, якія аб’ядналі каля трох тысяч чалавек.

1994: ахова мітынгу рабочых і пік канфлікту з уладамі

Апроч іншага гарадская арганізацыя займалася аховай бяспекі падчас народных масавых акцый, каб не дапускаць правакацый. Пасля мітынгу рабочых і іх маршу да будынка Вярхоўнага Савета ў студзені 1994 года, які па просьбе рэспубліканскага страйкавага камітэта таксама ахоўвала БЗВ, наменклатура вырашыла хутка юрыдычна ліквідаваць арганізацыю. Нагодай сталі дробныя юрыдычная недакладнасці статута, які раптам перастаў «адпавядаць дзеючаму заканадаўству». Але БЗВ было падрыхтавана да гэтага праз паўгадзіны пасля вынясення рашэння Вярхоўнага суда аб ліквідацыі. БЗВ ад 16 студзеня стварыла юрыдычна новую арганізацыю – Патрыятычны рух «БЗВ».

«Драбы»

«Чорныя драбы» на летніку

«Чорныя драбы» на летніку

Тым не менш кіраўніцтва вырашыла не марнаваць час на рэгістрацыю і далейшую юрыдычную барацьбу і стварыла ў складзе філіялаў БЗВ зарэгістраваныя ахоўныя структуры з мэтамі «дапамогі праахоўным органам у барацьбе са злачыннасцю, аховы парадку падчас акцый дэмакратычных сіл, падрыхтоўкі людзей да выканання свайго канстытуцыйнага абавязку па абароне Радзімы», а таксама «стварэння супрацьвагі памкненням наменклатурнай мафіі скарыстаць войска супраць народа дзеля ўтрымання ўлады».

Пазней гэтыя структуры назваліся «Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі», ці скарочана ДРАБ, што адсылала да «драбаў» – так зваліся рыцары ў сярэднявечнай Беларусі. У чэрвені 1994-га «чорныя драбы» («чорнымі» яны сталі з-за формы) упершыню прынялі ўдзел у ахове грамадскага парадку ў рэгіёнах (у Мінску не дазволілі). Самай першай гэтым адзначылася арганізацыя БЗВ у Новалукомлі. Менавіта ДРАБ стала падставай для пазнейшага ўтварэння «Белага легіёну».

«Забытая слава» і патрыятычнае выхаванне грамадства

Лічачы, што ідэалы грамадства ў тагачасных беларускіх варунках ужо не можа складаць ідэалогія якой-небудзь партыі і яшчэ не можа рэлігія, кіраўніцтва БЗВ зрабіла ідэйную стаўку на гісторыка-патрыятычнае выхаванне. Узімку 1992 года група гісторыкаў на чале з Міхасём Ткачовым падрыхтавала па просьбе БЗВ агляд ваеннай гісторыі Беларусі пад назвай «Забытая слава». Нягледзячы на вялікі аб’ём (больш за 40 старонак) агляд быў на працягу некалькіх месяцаў надрукаваны ў буйнейшых беларускіх газетах накладам 1,2 млн асобнікаў.

Асобная ўвага надавалася славутым беларускім ваенным перамогам. Па ініцыятыве БЗВ з 1992 года пачалося святкаванне 8 верасня Дня беларускай вайсковай славы з нагоды перамогі ў 1514 годзе пад Воршай. БЗВ адзначала таксама святкаванне гадавін Слуцкага збройнага чыну, перамогі над фашызмам і інш.

Гэта ўсё, аднак, не сустракала падтрымкі вышэйшага кіраўніцтва краіны. БЗВ і БНФ абвінавачваліся ім у правядзенні свята пад антырускімі лозунгамі, хаця нават маскоўская прэса адзначала, што падчас святкавання такіх лозунгаў не было чуваць.

Па загаду міністра абароны ў сакавіку 1993 года было накладзена спагнанне на падпалкоўніка Алеся Куляша за ўдзел ва ўскладанні вянка ў складзе дэлегацыі БЗВ да месца Хатынскай трагедыі.

На супраціўленне ўладаў натыкнулася нават праца БЗВ па выпуску беларуска-расійскіх вайсковых слоўнікаў, а іх аўтар – лепшы ў краіне спецыяліст па беларускай вайсковай тэрміналогіі падпалкоўнік Суднік, з рэдкім ваенным досведам (ён правёў 300 баявых пускаў з супрацьпаветраных ракетных комплексаў) – быў звольнены з войска.

Сяброўства, супрацоўніцтва і нацыянальнае пытанне

Сябрам БЗВ мог стаць любы чалавек, які любіў Беларусь. Неабавязкова вайсковец. Але ж нават калі аб’яднанне стала пераважна грамадскім, большасць яго сяброў усё роўна складалі вайскоўцы.

Адной з функцый БЗВ была барацьба за правы вайскоўцаў, але мэта абароны правоў вайскоўцаў, як кажа Міхась Варанец, аказалася невыканальнай. З восені 1992 года БЗВ не магло абараніць нават сваіх актывістаў.

Былі вайскоўцы, якія прыходзілі і пыталіся: «Ці ёсць у вас зброя? Ці будзеце плаціць грошы?» Адказ быў «не». Былі і такія людзі, хто прыходзіў і ахвяраваў сродкі на падтрымку арганізацыі, асабліва маладыя камерсанты.

Сярод сяброў былі і жанчыны, якія амаль усе таксама мелі вайсковае званне.

Увогуле, гэта быў грамадскі рух без падзелу на чыны, партыі, нацыянальнасці і інш. Беларускіх нацыяналістаў часта вінавацяць у русафобстве, аднак «на рускіх ціску не было, як і цалкам нейкага там супрацьстаяння», – кажа Алесь Станкевіч. Дарэчы, пазіцыя БЗВ па нацынальным пытанні была такая: да беларускай нацыі належаць прадстаўнікі ўсіх этнічных груп Беларусі, а іх культуры з’яўляюцца часткай агульнабеларускай нацыянальнай культуры.

Шмат сяброў БЗВ уваходзілі ў іншыя рухі і партыі, супрацоўніцтва ў розныя часы вялося з самымі рознымі структурамі. Таму большасці сваіх дасягненняў БЗВ як кансалідуючы патрыятычны рух дамагалася разам з БНФ, БСДГ, БСП.

Сканчэнне дзейнасці арганізацыі. Роля БЗВ

Паступова праца грамадскай арганізацыі затухала. Рэпрэсіі, якія ўзмацніліся з 1996 года, і сітуацыя ў краіне рабілі сваю справу. У 1994 годзе БЗВ дэ-факта пачало рухацца ад грамадскай дзейнасці да палітычнай.

У 1995 годзе БЗВ удзельнічала ў выбарах у Вярхоўны Савет як дэ-факта самастойная сіла — балатавалася 25 чалавек. У першым туры 6 сяброў БЗВ, у тым ліку і Мікалай Статкевіч, выйшлі ў другі тур, але па выніках другога ніхто не быў абраны.

Параза на выбарах ў 1995 годзе падштурхнула Статкевіча пайсці ў палітыку іншым шляхам – 1 ліпеня 1995 года ён быў выбраны старшынёй БСДГ. 5 ліпеня 1995 года Выканаўчая Рада БЗВ задаволіла просьбу Статкевіча аб прыпыненні ім выканання абавязкаў старшыні Каардынацыйнай Рады БЗВ да рашэння з’езда. Крок Статкевіча быў успрыняты сябрамі БЗВ неадназначна. Старшынёй стаў маёр запасу Алесь Станкевіч.

Фармальна БЗВ заставалася, але фактычна актыўнасць сябраў расцеклася на тры плыні: уласна БЗВ, Вайсковую камісію БНФ і моладзевае крыло БЗВ «Белы легіён», якое засталося на нацыяналістычных перакананнях. Першыя дзве плыні ніяк сябе у далейшым не праявілі, а «Белы легіён» працягнуў асветніцкую дзейнасць, трэніраваў сваіх сябраў і ахоўваў мітынгі апазіцыі. У 2000 годзе БЗВ не прайшло перарэгістрацыю і было ліквідавана юрыдычна.

Як адзначае Алесь Станкевіч, галоўныя мэты арганізацыі былі дасягнуты: «Усе беларускія афіцэры прынеслі прысягу на вернасць Беларусі, краіна атрымала сваё войска, шмат іншых нашых прапаноў былі прыняты ўладамі. Афіцэрства прадэманстравала сваю сталасць як арганізаваная група свядомых людзей». На думку Алеся Станкевіча і Міхася Варанца, кіраўніцтва БЗВ з большага усё зрабіла правільна. Прынамсі яны асабіста ні пра што не шкадуюць.

Лёс сяброў БЗВ склаўся па-рознаму. Мікалай Статкевіч сёння ў турме, Уладзімір Барадач – у эміграцыі, у кагосьці лёс склаўся менш радыкальна і ён проста сышоў на пенсію.

Пазней экс-міністр унутраных спраў Юры Захаранка ініцыяваў падобны да БЗВ праект – Саюз афіцэраў. Але хутка, у 1999 годзе, невядомыя людзі схапілі яго каля дома, закінулі ў машыну, і дагэтуль яго лёс невядомы.

Многія рэчы кшталту асобнага беларускага войска і магчымасці прыносіць прысягу на беларускай мове нам сёння падаюцца нечым натуральным, але ж хто ведае – магчыма, калі б не было ініцыятывы Беларускага згуртавання вайскоўцаў, то ніхто іншы так бы гэтага і не дамогся.

ГАЗЕТЫ ТаГО часу

«Советская Белоруссия», 5 верасня 1992 г.

«Советская Белоруссия», 5 верасня 1992 г.

«Народная газета» № 170, 10 верасня 1992 г.

«Народная газета» № 170, 10 верасня 1992 г.

 

СпаСЫЛКі па тэме

1. Лёс БЗВ і яго стваральнікаў
2. День, когда Площадь была заполнена солнцем и народом
3. Марш беларускіх «баевікоў» па цэнтры Мінска. Як гэта было

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і прадастаўленыя фота Алесю Станкевічу і Міхасю Варанцу. У артыкуле выкарыстана інфармацыя з даследавання Міхася Варанца «Нацыянальна-патрыятычны рух беларускіх вайскоўцаў у канцы 1980-х – першай палове 1990-х гадоў» (апублікавана ў часопісе «Беларускі рэзыстанс» у 2005–2007гадах) і з брашуры для сяброў згуртавання «Гісторыя БЗВ» (1994 год).