Самаробныя непадцэнзурныя выданні рознага кшталту масава ствараліся ў Беларусі ў два перыяды найноўшай гісторыі: з 1988-га да 1991-га і з 1996-га да 1999-га. Менавіта яны сталі прадвеснікамі сучаснай незалежнай беларускай журналістыкі. Айчынны самвыдат як з’ява нарадзіўся падчас перабудовы на хвалі нацыянальнага адраджэння і амаль «памёр» з пачаткам шырокага распаўсюду iнтэрнэту ў краіне.

main3

Самвыдат на тэрыторыі СССР – гэта ў поўным сэнсе «дзіця перабудовы». Свабода ды галоснасць, якія абвясціў Міхаіл Гарбачоў, далі буйныя парасткі па ўсёй краіне, і Беларуская ССР тут не стала выключэннем. Яшчэ да таго, як камуністычная партыя афіцыйна страціла поўны кантроль над СМІ (які шмат хто іранічна называў «манаполіёй на праўду»), па ўсім СССР пачалі стварацца тысячы разнастайных незалежных выданняў – газет ды часопісаў, – якія рабіліся на чыстым энтузіязме, цалкам або напалову падпольна, насуперак КПСС ды КДБ. Феномен самвыдату часоў позняга СССР яшчэ і ў тым, што ў нейкі момант – літаральна за лічаныя месяцы другой паловы 1987 года – рабіць уласныя СМІ «на каленцы» пачалі самыя розныя людзі. Пачалося ўсё пасля таго, як у некалькіх выступах запар Гарбачоў спачатку абвясціў «палітыку галоснасці», а пасля жорстка раскрытыкаваў партыйны кантроль над прэсай і заклікаў людзей выказвацца вольна.

Грамадства зразумела, што гэта быў сігнал: дазволена! Цікава, што нячаста стваральнікамі самвыдату былі прафесійныя журналісты. Свае самаробныя газеты рабілі настаўнікі, вучоныя, мастакі, паэты ды пісьменнікі, гісторыкі і проста людзі, якіх хвалявала тое, што адбываецца навокал.

У 1988–1990 гадах часцей за ўсё самвыдат друкаваўся ў розных навукова-даследчых інстытутах ды навучальных установах, у якіх былі ўласныя ротапрынты і да якіх мелі доступ прадстаўнікі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Справа ў тым, што ў той перыяд, калі яшчэ не набраў сілу Беларускі народны фронт (ён, па сутнасці, толькі ствараўся), у першыя адраджэнскія суполкі групаваліся пераважна інтэлектуалы. Апроч таго, трэба памятаць, што менавіта сярод інтэлігенцыі яшчэ ў савецкія часы існаваў найбольш моцны дысідэнцкі рух. З пачаткам перабудовы першае «сустрэлася» з другім – і менавіта НДІ ды некаторыя ВНУ зрабіліся «тэрыторыямі вальнадумства».

efB480nWoQgСамыя першыя больш-менш масавыя непадцэнзурныя выданні ў Беларусі, па сутнасці, маюць адзінае паходжанне – іх выдавалі тыя, хто меў дачыненне да Канфедэрацыі беларускіх суполак, незалежнага грамадска-палітычнага згуртавання моладзі Беларусі ў 1989-1990 гг. Звычайна такія выданні былі зроблены вельмі проста, навата прымітыўна, на кепскай паперы і ў фармаце А4. Наклады іх невядомыя. Да таго ж яны захаваліся горш за ўсіх: напрыклад, выданні «Супольнасьць», «Весткі Адраджэньня», «Экспрэс», «Рэанімова». Таксама сярод першых – тыя выданні, што пачыналі рабіць літаратурныя суполкі, як, напрыклад, гарадзенская суполка імя Максіма Багдановіча.

hdhdhhdhddhТак узгадвае тыя часы Зміцер Салошкін, рэдактар «Студэнцкай думкі» – аднаго з самых уплывовых самвыдатаў пачатку 90-х: «Друкаваліся мы тады з большага ў нейкіх навукова-даследчых інстытутах, дзе былі ротапрынты, па прыватных вусных дамовах. Час ад часу друкаваліся на тым, што ў іх ёсць: існуе такі нумар “Студэнцкай думкі”, які быў выдадзены ўвогуле на зялёнай паперы. Зараз на яе глядзіш і разумееш, што гэта на самой справе была абгортачная папера. А вось пра наклады дакладна не скажу. Калі працаваў я, то друкавалі столькі, на колькі хапала грошай. Рэальна – тысячы тры, самы вялікі наклад – пяць тысяч».

Але ўжо ў 1990-1991 гадах, калі саслабеў кантроль з боку КДБ, распаўсюдзілася практыка «начнога друку» ў дзяржаўных друкарнях. Той самвыдат выдавалі на паперы, якая заставалася ад афіцыйных выданняў і, напрыклад, наўмысна абвяшчалася бракаванай. А супрацоўнікі тыпаграфій папросту падзараблялі нейкую капейчыну, друкуючы той самвыдат. Таксама ў 1990-1991 гадах шмат якія беларускія непадцэнзурныя газеты друкаваліся ў Літве і Латвіі – там партыйны кантроль над друкарнямі знік раней, чым у БССР, дзе ён захоўваўся досыць доўга, амаль да лета 1991-га.

У Беларусі, як і ў краінах Балтыі і ва Украіне, пачатак хвалі самвыдату супаў з уздымам нацыянальнай свядомасці, нацыянальным адраджэннем. Таму адметнасць беларускіх самастойных выданняў перыяду 1987–1994 гадоў – гэта іх нацыянальна-адраджэнская накіраванасць. Да 1990 года выданні ў значнай ступені былі засяроджаны на пытаннях гісторыі, культуры і мовы і толькі ў меншай ступені – на пытаннях палітыкі. Прыблізна на 90-95% той самвыдат рабіўся на беларускай мове, прычым у большасці выпадкаў – прынцыпова на тарашкевіцы. Некаторыя нават карысталіся беларускай лацінкай, але гэта практыка так і не атрымала шырокага ўжывання.

Палітыка стала актуальнай для самвыдату ў 1990-м, дасягнула свайго максімуму ў 1991-м – менавіта тады грамадска-палітычныя непадцэнзурныя выданні друкаваліся найвялікшымі накладамі. Калі ў 1988-1989 гадах звычайны наклад самвыдатаўскай газеты складаў некалькі сотняў асобнікаў, то ўжо ў 1991-1992 гадах звычайная непадцэнзурная газета магла друкавацца накладам ад 5 000 да нават 50 000 асобнікаў.

Яскравым прыкладам узмацнення цікавасці да палітыкі з’яўляецца газета «Навіны БНФ» – орган Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», якая выдавалася са снежня 1988-га па май 1994-га ў Мінску. Асноўны змест газеты складала хроніка падзей, артыкулы на актуальныя грамадска-палітычныя тэмы, праграмныя матэрыялы БНФ. У «Навінах БНФ» былі апублікаваны 1-я, 2-я і 3-я Устаўныя граматы БНР, шматлікія артыкулы Зянона Пазняка, агляд гісторыі беларускіх вайсковых фарміраванняў у XX стагоддзі. У асобных нумарах былі змешчаны матэрыялы пра беларускую нацыянальную сімволіку, спісы ахвяр палітычных рэпрэсій.

Алёна Анісім«Нашы палітычныя дзеячы канца 80-х гадоў добра разумелі ролю сродкаў масавай інфармацыі, хаця, можа, тады і не казалі, што гэта “чацвёртая ўлада”. І тое, што “Навіны БНФ” выходзілі як яго орган, было вельмі важна, – узгадвае намесніца старшыні «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алёна Анісім.“Навіны” – гэта быў той орган, тая газета, праз якую людзям даносілі ідэю нацыянальнай дзяржавы. У гэтым сэнсе БНФ у найноўшай гісторыі стаіць ля вытокаў свабоднай беларускай прэсы. У рэшце рэшт “Навіны” сталі не толькі органам “БНФ Адраджэнне”, але і значным грамадска-палітычным выданнем. Але сваю вагу яны першапачаткова набылі менавіта таму, што БНФ быў самым шырокім грамадска-палітычным рухам у краіне».

Сярод усіх самвыдатаў Беларусі за апошнія 30 гадоў можна вылучыць тры: «Студэнцкую думку», «Навіны БНФ» ды «Свабоду». Яны выдаваліся найбольш доўга, былі самымі масавымі, самымі прафесійна зробленымі. І таму менавіта яны найбольш паўплывалі на агульны працэс станаўлення новых СМІ незалежнай Беларусі, на агульную медыяпрастору краіны.

Варта адзначыць, што самвыдат у Беларусі паспяхова развіваўся зусім не толькі ў сталіцы, але паўсюль, дзе ствараліся хаця б нейкія гурткі прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння. Сярод самых моцных традыцыйна былі такія гурткі ў Гродна, Полацку ды Віцебску.

Пасля, у 1992–1994 гадах, многія актыўныя людзі пачалі сыходзіць у бізнес або па іншых прычынах губляць інтарэс да справы беларускага адраджэння. Да таго ж знік партыйны кантроль над друкам, звычайныя людзі атрымалі магчымасць рэгістраваць ды выдаваць СМІ цалкам легальна. Затое больш актуальным стала пытанне грошай – тыпаграфіі былі гатовы друкаваць што заўгодна, але іх працу ды паперу трэба было аплочваць.

грунвальд врезка 3Далёка не ўсе непадцэнзурныя выданні засяроджваліся на палітычнай альбо гістарычна-асветніцкай тэматыцы. Росквіт беларускага самвыдату прынёс таксама шмат тэматычных выданняў, якія былі прысвечаны нейкім асобным бакам чалавечага жыцця: рэлігіі («Унія», «Беларуская сьвятыня», «Кліч»), літаратуры (часопісы «Ксэракс Беларускі» ды «Літаратура») ці нават прыватнай гаспадарцы («Гаспадар»). Таксама тэма асобнай размовы – газеты ды часопісы, якія друкаваліся беларускімі дыяспарамі за межамі БССР/РБ і ўвозіліся сюды як замежныя выданні. Найбольш яскравыя прыклады – газета «Грунвальд» (выданне беларусаў Эстоніі), газета «Зважай» (выданне беларускіх ветэранаў Другой сусветнай вайны, рабілася ў Канадзе ды ЗША), газета «Вільня і край» (яе выдавалі беларусы Літвы).

Але ўсё ж фатальным для беларускага самвыдату і непадцэнзурнага друку стаў перыяд 1994-1995 гадоў. Пасля перамогі Аляксандра Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах нацыянальнае адраджэнне амаль захлынулася. Яшчэ не было вельмі моцных рэпрэсій, але многія людзі гублялі цікаўнасць да палітыкі – эканамічныя цяжкасці перамагалі. Менавіта ў 1994-м спынілася выданне многіх непадцэнзурных СМІ, якія былі створаныя яшчэ ў познім СССР.

Другая хваля

Але ж была ў Беларусі яшчэ адна хваля самвыдату, якая прыйшлася на 1997–1999 гады – на перыяд масавых пратэстаў супраць празмернага ўзмацнення прэзідэнцкай улады. У выданняў, якія друкаваліся ў гэты час, ёсць некалькі адметных рысаў. Па-першае, такія выданні звычайна рабілі маладыя людзі, якія з-за свайго ўзросту проста не паспелі мець дачынення да «адраджэнскай» хвалі 1987–1991 гадоў. Па-другое, многія прыклады самвыдату «другой хвалі» – самвыдат левых сілаў, ад сацыялістаў да анархістаў. І, нарэшце, часта такія выданні рабілі альбо проста рускамоўныя людзі, або тыя, хто беларускай мовай валодаў, але ўжо не ставіўся да яе з той пашанай, якая была ўласціва прадстаўнікам «першай хвалі». Яскравымі прыкладамі самвыдату гэтага часу з’яўляюцца непадцэнзурныя газеты «Маладзёвы весьнік», «Баста!», «Отвали», «Моладзь змагаецца» і «Беларускія ведамасьці».

^D9683617B65CBD53D69097DB9D76418EFBF97A0DC75DAFEB94^pimgpsh_fullsize_distr (1)«Як ні дзіўна, хаця гэтую газету і рабілі людзі цалкам левых поглядаў – я б тут не выкарыстоўваў слова “анархісты”, бо гэта былі людзі розных поглядаў – яна была зроблена па вобразе ды падабенстве ўльтраправых фанатскіх “зінаў”. – распавядае пра “Моладзь змагаецца!” палітолаг Сяргей Марцалеў, які ў 1996 годзе меў непасрэднае дачыненне да яе выдання. – Ініцыятарамі выдання стала група “Чырвоны жонд” і канкрэтна Павал Канавальчык, Алег Новікаў (пазней стварылі легендарныя «Навінкі» - 90s.by )і, у меншай ступені, я».

Пасля 1999 года самвыдат у Беларусі амаль не з’яўляўся. Да таго ж пачаўся «час iнтэрнэту», і стварэнне сайтаў стала больш актуальным за выданне самаробных друкаваных СМІ.

Газеты таго часу

«Свабода», 1993 г.

«Свабода», 1997 г.

«Студэнцкая думка» 1993 г.

«Студэнцкая думка», 1990 г.

«Грунвальд», сакавік 1990 г.

«Грунвальд», сакавік 1990 г.

 

«Моладзь змагаецца!», чэрвень 1996 г.

«Моладзь змагаецца!», чэрвень 1996 г.

«Навіны адраджэння», студзень 1992 г.

«Навіны адраджэння», студзень 1992 г.

«Баста!», вясна 1997 г.

«Баста!», вясна 1997 г.