10 студзеня 1990 года праходзяць першыя заняткі ў Мінскай сярэдняй спецыялізаванай школе пры БДУ, якая ў 1998 годзе ператворыцца ў Ліцэй БДУ. 1 кастрычніка таго ж года адчыняе дзверы першы і адзіны Гуманітарны ліцэй, які пакуль працуе ў фармаце нядзельнай школы. Навучальныя ўстановы новага тыпу – сапраўдны глыток свежага паветра для беларускай сістэмы адукацыі. Іх смелы і сучасны падыход да выхавання амаль адразу дае плён: ліцэісты перамагаюць на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, а большасць выпускнікоў паступае ў прэстыжныя беларускія і замежныя ўніверсітэты. 

3

«Ліцэй – гэта пачатак універсітэцкай адукацыі»

У студзені 1990 г. пачынаюцца заняткі ў спецыялізаванай школе пры БДУ, якая пасля ператворыцца ў ліцэй. Вучняў набіраюць у 10 і 11 класы. Навучанне ідзе па двух напрамках: фізіка-матэматыка і гуманітарныя навукі. Спецыяльнасці суадносяцца з БДУшнымі: фізіка і радыёфізіка, руская і беларуская філалогія. Працуюць у маладой навучальнай установе не толькі школьныя, але і ўніверсітэцкія выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі, якія да гэтага са школьнікамі справы не мелі. Таму да навучэнцаў яны адносяцца як да студэнтаў, праводзяць лекцыі, а не ўрокі.

У першыя два гады памяшканне ліцэя прадастаўляе школа №189 у Серабранцы (вул. Гараўца, 14). Урокі ў школе і ліцэі не супадаюць, а таму ліцэісты вучацца не зважаць на школьныя званкі і арыентавацца на асабістыя гадзіннікі. Шкаф і некалькі скрыняў з кнігамі – ў якасці бібліятэкі, хімрэактывы разам з лыжамі і футбольнымі мячамі ў кабінеце хіміі, а настаўніцкая ў прыёмнай дырэктара – так выглядала напачатку ўстанова новага тыпу.

У маі 1991 ліцэй атрымлівае асобны будынак. Святочная калона ліцэістаў і настаўнікаў з песнямі і танцамі праходзіць з Серабранкі да Маякоўскага, 96, каб адзначыць пераезд пад новы дах. Праз два гады «школа» афіцыйна набывает статус Ліцэя пры БДУ. У 1992 годзе тут адкрываюць хімічны клас, у 1995 – экалагічны, у 1997 – гістарычны. Назва Ліцэя грыміць паўсюль: навучэнцы займаюць большасць месцаў на беларускіх алімпіядах, часта перамагаюць за мяжой, мільгаюць на тэлебачанні – напрыклад, як пераможцы гульні «Умники и умницы» па ОРТ.

С 1991 па 2013 гг. Ліцэй падрыхтаваў 1287 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд па рускай, беларускай, англійскай мовах, матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, астраноміі, гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўству. За гэты ж час 141 ліцэіст перамог на міжнародных алімпіядах.

palchykПрычыну гэтага тагачасны дырэктар Ліцэя Генадзь Пальчык (які, дарэчы, быў дырэктарам з 1992 па 2004 год) бачыць у новым падыходзе да адукацыі: «Памятаеце, як нам ва ўніверсітэце казалі: «Тое, чаму цябе навучылі ў школе, забудзь»? А следам – на заводзе: «Тое, чаму цябе вучылі ва ўніверсітэце, – непатрэбшчына. Забудзь, вучыся наноў, вучыся на практыцы». Дык гэта ж трэба ліквідаваць, наладзіўшы пераемнасць адукацыі. Ліцэй – гэта не фабрыка выдатнікаў, не штампоўка медалістаў. Ліцэй – гэта пачатак універсітэцкай адукацыі».

Але Ліцэй быў не проста вельмі дэмакратычнай навучальнай установай, алe і інавацыйнай у плане падыхода да арганізацыі вучэбных працэсаў. У звычайнай школе год дзеліцца на чвэрці, і ў канцы кожнай трэба атрымаць выніковую адзнаку па 15 прадметах, што стварае стрэс для вучня. У Ліцэі прыдумалі сваю сістэму: вучыліся і адпачывалі ліцэісты па чвэрцях, а адзнакі па непрофільных прадметах атрымлівалі па трыместрах. Па двух-трох профільных вынікі падвадзіліся раз на паўгады (у выглядзе амаль універсітэцкіх іспытаў). Прадметы, якія выкладаліся раз на тыдзень, таксама ацэньваліся за паўгоддзе.

«Галоўнае, каб вучыліся працаваць»

У першыя гады выпускныя экзамены з Ліцэя раўняліся ўступным у БДУ, але пасля ад гэтага адмовіліся – раптам былы ліцэіст захоча паступаць у іншую ВНУ. З 1996 г. ліцэісты не маюць прывілеяў для паступлення, акрамя, канешне, трывалых ведаў.

«Мы не імкнемся зрабіць звычайных хлопцаў і дзяўчат вундэркіндамі, супервыдатнікамі. Настаўнікі не чакаюць, што дзеці будуць сядзець цішком, паклаўшы рукі на парту. Галоўнае, каб вучыліся працаваць, – распавядаў Генадзь Пальчык у інтэрв’ю газеце «Звязда» ў 1996 годзе. – І дзеці працуюць, яны хочуць ісці наперад і наперад. Але гэта не адбываецца само сабой. Мы імкнемся стварыць атмасферу ўзаемапавагі настаўніка і ліцэіста».

arlouСваю вучобу ў 1991–1993 гг. успамінае Раман Арлоў, кампазітар, музыкант, лідар праекта «У нескладовае»: «Лицей был экспериментальным учебным заведением нового типа, учителя которого в своих статичных серых школах были, можно сказать, изгоями. Такими, знаете, «тебе чё, больше всех надо? ». Именно они здесь создавали неповторимую атмосферу. Представьте: 50% времени на уроках физкультуры были танцы, а половина географии – этика, мы там Рериха изучали.
Владимир Иванович Куликович – учитель белорусской литературы – можно сказать, был мне как брат, мы с ним даже пиво в общаге пили. У нас и разница тогда была не такая колоссальная – ему было около 28 лет. И при всем этом такая дружеская нога не помешала остаться в мозгу большому количеству знаний по белорусской литературе.
Конечно, мы как школьники не могли заблокировать какие-то решения администрации, но влиять на них уж точно могли. Самым важным моментом была дружба с учительским составом. Все были очень раскрепощены – на вечерах художественного творчества, где школьники ставили спектакли по 2–3 часа, мы спокойно могли пройтись по учителям и вместе посмеяться.
Лицей дал мне чувство жизни, открытость в общении, понимание, что здесь и сейчас все возможно. И что, задав вопрос, всегда получишь ответ. У Лицея было такое фееричное очарование: ты понимал, что все зависит от тебя – хочешь и делаешь».

Цікавасць да Ліцэя паступова расце. Конкурс у 1998 годзе складае аж 15 чалавек на месца. Для таго каб паступіць, трэба прайсці два этапы іспытаў: завочны і пасля адбору очны – сумоўе. Палёгкі пры паступленні ёсць толькі для пераможцаў мінскай гарадской, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.

Нягледзячы на падтрымку з боку дзяржавы, а таксама вялікую цікавасць вучняў і бацькоў, у Ліцэя былі і праблемы. Напрыклад, абмежаванасць у сродках, якая не давала рэалізаваць усе праекты, недастатковая «разваротлівасць», якой папракалі тагачаснае кіраўніцтва на старонках газет. «Наша разваротлівасць сёння скіравана на вучня, на тое, каб максімальна яго загрузіць, – казаў Генадзь Пальчык у 1996 годзе. – У нас ёсць платныя падрыхтоўчыя курсы. Дарэчы, кошт навучання даволі памяркоўны. А вось падаткі плацім, як і ўсе астатнія суб’екты, якія займаюцца фінансава-гаспадарчай дзейнасцю. А мы ж, прабачце, не гарэлкай гандлюем».

Пытанні выклікаў і непрыстасаваны для патрэбаў ліцэя будынак на вул. Маякоўскага, 96, «наш зялёненькі», як яго ласкава называлі ліцэісты. «Сённяшні наш будынак – нараджэння 1937 года, – скардзіўся дырэктар Ліцэя ў інтэрв’ю «Звяздзе» у 1996-м. – Падлога на першым паверсе – ніжэй узроўня глебы. Дошкі гніюць. Так і чакаем, што вось-вось санэпідэмстанцыя зачыніць памяшканне».

Але лёс склаўся інакш. У 1999 годзе Ліцэй уваходзіць у склад БДУ і пераязджае ў сучасны будынак на Ульянаўскай.

pazdniakouРаспавядае Віктар Пазнякоў, піяр-менеджар, які вучыўся ў Ліцэі БДУ з 1998 па 2000 гг.: «Мы стали последним выпуском, который в нынешнее здание Лицея на Ульяновской не попал даже на выпускной, зато всем сердцем полюбил зеленое строение на Маяковского. Блестящие учителя, углубленная программа, высокий уровень каждого класса – все это нужно еще умножить на атмосферу. Свобода, уважение, оптимизм и такая здоровая ошалелость. Тебе 15, сегодня классный день, сейчас сложный урок, затем целая жизнь. 500 таких мироощущений в одном зеленом здании.
Лицеистов девяностых объединяет полное отсутствие не то что мобильных, но даже пейджеров. Это придавало внутрилицейскому общению теплой ламповой атмосферы, а еще немного холодной – когда зимой на переменах рубились в снежки. Каждый находил занятие себе по душе – факультативы, спортивные соревнования или кружки по интересам. Я увлекался «Что? Где? Когда?», играл в команде «Твари». Светлая память Виктору Темушеву – нашему тренеру.
Впечатлений много, но ярче всех почему-то воспоминание о Хеллоуине-99. Я был тогда кем-то вроде «Мистера Хеллоуина», весь день проходил в стареньком халате и пугал собеседников почесыванием глаза сквозь линзу в очках (которую, естественно, вынул). В конце дня напялил на голову тыкву и возглавил шествие ряженых по Лицею. В учительской всех очень здорово повеселили. Девяностые для меня навсегда остались не лихими, а “лицейскими”».

 

Коласаўскі ліцэй: выхаваць беларускасць у атмасферы празмернай павагі

Восенню 1990 года ў Беларусі з’яўляецца яшчэ адна ўнікальная ўстанова – Беларускі гуманітарны ліцэй. Ягоныя заснавальнікі і фундатары – Міністэрства народнай адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Пра тое, з чаго ўсё пачыналася, распавядае заснавальнік і дырэктар Коласаўскага ліцэя Уладзімір Колас:

– Спадар Уладзімір, чаму было вырашана адкрыць ліцэй такога кшталту?

kolas– Напрыканцы 1980-х у Мінску не існавала ніводнай беларускай школы. Статус беларускай мовы ў школе быў нечувана прыніжаны: гэта быў адзіны прадмет, ад вывучэння якога вучань мог проста адмовіцца. Дастаткова было заявы бацькоў.

Безумоўна, многія ўспрымалі такое становішча як асабістую абразу, думалі, што рабіць. Мы вырашылі не толькі думаць, але і дзейнічаць. Галоўнай мэтай было не проста даць магчымасць нашым дзецям вучыцца па-беларуску, але зрабіць гэта навучанне прэстыжным, прывабным, узняць яго на ўзровень найлепшых сучасных стандартаў. У тым ліку – пазбавіць змест навучання ад архаічных ідэялагічных догмаў і стэрэатыпаў.

– Чым Ліцэй павінен быў адрознівацца ад звычайнай школы, няхай сабе і цалкам беларускамоўнай?

– Тэрмін навучання ў Ліцэі супадае з самай вялікай трансфармацыяй, якую перажывае асоба, ператвараючыся з дзіцяці ў маладога чалавека. Да нас прыходзяць 13-гадовыя падлеткі, а сыходзяць – 17–18-гадовыя маладыя людзі. Гэты ўзрост называюць узростам геніяў, бо гэта перыяд найвялікшага росквіту, нараджэння магутных сіл, выпраменьвання велізарнай энергіі. І вельмі важна, куды ўсё гэта будзе скіравана.

У афіцыйнай школе, якая дагэтуль захавала ўсе рысы савецкай навучальнай установы, галоўны акцэнт робіцца на індактрынацыю ў свядомасць пэўных установак, якія падаўляюць творчую і грамадзянскую актыўнасць і гарантуюць у будучыні лаяльнасць да ўлады. Менавіта таму ў нас цяпер так многа канфармістаў і прыстасаванцаў.

Ліцэйская мадэль прадугледжвае магчымасці выбару, самавызначэння асобы, дазваляе маладым людзям самастойна абіраць для навучання тыя накірункі, якія найбольш адпавядаюць іх інтарэсам і планам на будучыню. А таксама мець магчымасці для творчай самарэалізацыі.

І гэта дае плён. Доказам могуць быць і поспехі на вучнёўскіх алімпіядах, дзе нашы каманды змагаліся на роўных з камандамі, якія набіраліся з цэлых абласцеў Беларусі, а таксама – вынікі паступлення нашых выпускнікоў у самыя прэстыжныя ВНУ Беларусі і замежжа.

Адкрыццё Коласаўскага ліцэя

І галоўнае – тое, як складаюцца лёсы нашых выпускнікоў. Практычна ўсе здолелі сябе рэалізаваць, заняць годнае становішча ў грамадстве.

 smatrychenkaСяргей Сматрычэнка, беларускі філолаг-славіст і перакладчык. Вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі ў пачатку 90-х: «Год я адхадзіў у Ліцэй па выходных, а потым на апошні год (у 1993-м) перайшоў на дзённае аддзяленне. Са звычайнай школай, адкуль я прыйшоў у Ліцэй, няма чаго і параўноўваць. Чым быў адрозны? Ну, пра тое, што ў нашым Ліцэі нават выкладчыцы рускай мовы на перапынках з астатнімі размаўлялі па-беларуску, я маўчу. Беларуская мова, прычым такая беларуская, якая істотна адрознівалася ад школьнай, была важнай акалічнасцю, але не найважнейшай. Ліцэй быў домам, бо там мы праводзілі фактычна кожны дзень з 9 ранку да 5 вечара; там мы ўсе адзін аднаго ведалі, бо ва ўсіх групах на ўсіх 4 курсах навучалася ўсяго 150 чалавек; там і з выкладчыкамі былі досыць блізкія адносіны, бо прынамсі палова з іх не паходзіла з кагорты знуджаных і загартаваных у савецкай школе настаўнікаў, а прыйшла ў выкладчыцтва з іншых сфер – з даследчых інстытутаў, рэдакцый ці яшчэ аднекуль, проста са сфер, дзе тыя людзі былі прызнанымі аўтарытэтамі; інакш кажучы, выкладчыкі часцяком ставіліся да нас як да партнёраў.
Ну а потым, дзе вы знойдзеце школу, пры якой існавала б свая кінастудыя, выдавецтва? Нават на фізкультуру мы хадзілі займацца на стадыён «Дынама». І з боку навучэнцаў ініцыятыўнасці было цераз край – то нейкі часопіс выдумаюць выдаваць, то фільм здымуць… Карацей кажучы, калі паспрабаваць сфармуляваць асаблівасць Ліцэя адным сказам, то гэта нестандартны набор прадметаў з нестандартнымі праграмамі і нестандартнымі выкладчыкамі».

– Хто выкладаў у Ліцэі?

– Сярод заснавальнікаў і першых выкладчыкаў Ліцэя трэба перадусім назваць плеяду выбітіных гісторыкаў: Алега Трусава, Паўла Лойку, Міхася Ткачова, Уладзіміра Емельянчыка. Беларускую мову пачыналі выкладаць выбітныя філолагі Вінцук Вячорка і Алеся Сёмуха. Гісторыю тэатра – Вячаслаў Ракіцкі і Яўген Шунейка, гісторыю музыкі – Вольга Дадзіёмава. Літаратуру – Міхась Тычына і Пятро Васючэнка. Крыху пазней да яго далучыліся Вольга Дзядзюля, Андрэй Хадановіч і Лявон Баршчэўскі. І гэта яшчэ не ўсе прадметы!

Яны стварылі арыгінальныя аўтарскія праграмы, якія пазней былі зацверджаны Міністэрствам адукацыі і выкарыстоўваліся таксама і ў іншых школах Беларусі. Як і падручнікі па шэрагу гуманітарных дысцыплін, якія мы самі выдавалі.

– З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся ў працэсе стварэння Ліцэя? Як складаўся яго лёс?

– Спачатку былі звычайныя цяжкасці, з якімі сутыкаецца новая ўстанова. Наш пачатак супаў з «эпохай перамен», бо рашэнне аб стварэнні нядзельнага беларускага ліцэя прымалася яшчэ ў 1989 годзе ў СССР, а канчатковы загад аб стварэнні Беларускага гуманітарнага ліцэя быў падпісаны ўжо ў незалежнай Беларусі ў 1991 годзе.

Трэба было падабраць калектыў выкладчыкаў, прыдбаць аддпаведную вучэбную базу, знайсці будынак. І калі ўсё гэта было паспяхова вырашана, прыйшоў 1994 год, калі новая ўлада ўзяла выразны курс на вяртанне ў мінулае.

Тады мы пачалі сутыкацца з цяжкасцямі, якія былі абумоўлены дыяметральным адрозненнем стаўлення да базавых каштоўнасцей, на якіх грунтавалася наша філасофія навучання. Было відавочна, што наш Ліцэй не ўпісваецца ў тыя працэсы, якія адбываліся ў галіне адукацыі на новым афіцыйным узроўні.

А пакуль усё ішло даволі паспяхова. У 1991 годзе нядзельная школа ператварылася ў Беларускі гуманітарны ліцэй, атрымала будынак па вул. Кірава, 21.

Для таго каб паступіць сюды, трэба было здаць шэраг іспытаў, сярод якіх гісторыя Беларусі, дыктоўка і сумоўе. За непаспяховаць адлічвалі, каб стымуляваць канкурэнцыю. Дастаткова атрымаць два «здавальняюча» па гуманітарных дысцыплінах, каб быць выключаным.

Працэс выкладання прыбліжаны да ВНУ: большасць прадметаў ідзе па парах, усё канспектуецца. Вывучаюць прадметы, якія хутчэй знойдуцца ва ўніверсітэцкай праграме: логіка, філасофія, асновы рэлігіязнаўства, правазнаўства, гісторыя беларускага дойлідства, этнаграфіі і фальклору. Ёсць дзве абавязковыя замежныя мовы, трэцяя – па жаданні.

Навучанне ў Коласаўскім ліцэі ў 20012004 годзе ўспамінае Глеб Лабадзенка, выкладчык курсаў «Мова нанова»:
labadzenka«Я патрапіў адразу на другі курс ліцэя, бо позна даведаўся пра набор. Расказаў мне Рыгор Барадулін, маўляў, трэба паступаць. Я тады быў у 7-м класе, пасярод года не бралі.
Першае знешняе адрозненне, якое кінулася ў вочы, – тое, што ўсе выкладчыкі называлі студэнтаў на «Вы». Так я раблю і сам, калі цяпер выкладаю. Акрамя таго, выкладчыкаў таксама ніхто не называў імем па бацьку. Тое, што трэба казаць не Валянцін Іванавіч, а спадар Валянцін, мяне, учорашняга звычайнага школьніка, шакавала.
Сама атмасфера была абсалютна не школьная. Бо школа – гэта ж пастаяннае напружанне: трэба ісці да дошкі, выклічуць бацькоў… У Ліцэі ж была атмасфера празмернай, я б сказаў, павагі да нас, шпэндзікаў.
Ва ўсім была разняволенасць, але яна не значыла хаос. Напрыклад, на заняткі можна было прыходзіць з кубачкам кавы ці гарбаты з буфету. Так рабілі і ліцэісты, і выкладчыкі – была абсалютная дэмакратычная роўнасць. Гэта творчая атмасфера, відаць, ішла ад таго, што ставілася мэта зрабіць абсалютна не так, як у школе, а так, як павінна быць у сапраўдным Ліцэі.
Уражвала тое, што выкладалі людзі, пра якіх я да гэтага чытаў у газеце (інтэрнэт яшчэ быў не ва ўсіх). Напрыклад, Лявон Баршчэўскі – які працаваў і працуе завучам, вёў літаратуру, а таксама сусветную мастацкую культуру. Раней у школе асобна выдзяляліся беларуская і руская. У Ліцэі быў іншы падыход: сусветная літаратура. Беларуская літаратура арганічна паказвалася ў кантэксце сусветнай. А руская ішла як любая іншая, сярод замежных. Гэта не значыць, што мы не чыталі Пушкіна і пасланні Андрэя Курбскага Івану Жахліваму, проста руская літаратура так не вылучалася асобна, як у савецкай школе.
Літаратуру вёў Андрэй Хадановіч, які пераклаў ладную долю замежнікаў з нашай праграмы. Тэмы пра Пушкіна чытаў Аляксандр Фядута (бо ён знатны пушкініст). Біблію, Фауста, Гофмана выкладаў Васіль Сёмуха. Практыкаваўся такі прыём – запрашаць на пэўныя тэмы сапраўных профі.
Вельмі моцны быў у Ліцэі падыход да самаадукацыі. Там асабліва ніхто не «дручыў», двойкі не ставіў, але пасля заняткаў усе ішлі ў бібліятэку. Скажаш каму – не павераць, але там быў культ ведаў! Вось задалі нам Гамера – мы сядзілі ў бібліятэцы і чыталі. А пасля заходзіў Лявон Баршчэўскі – і мы ў яго пыталіся незразумелыя словы.
Сорамна было быць тупым. Вось зараз у школе тупым быць не сорамна. А калі ты ў Ліцэі прыходзіў у клас, не прачытаўшы, то гэта была ганьба. Не столькі з боку выкладчыка, колькі з боку аднагрупнікаў – ўсе глядзелі, як на дурня: чаго прыпёрся, лепей бы дзве гадзіны менш паспаў, але падрыхтаваўся.
У Ліцэі вучыліся не толькі дзеці з прабеларускіх сямей, але і дзеці чыноўнікаў, функцыянераў. Сюды прыходзілі не толькі па беларушчыну, але і па вельмі высокі ўзровень адукацыі. Гэты раскол быў асабліва бачны пасля пазбаўлення Ліцэя афіцыйнага статусу ў 2003 годзе. Тыя, хто прыйшоў праз беларускасць, засталіся. Тыя, хто выключна па добрую адукацыю, – валілі, бо не былі гатовы ахвяраваць сваім камфортам і рызыкаваць будучыняй дзеля захавання Ліцэя».

Палітыка навучання, якую праводзіў Ліцэй, не ўпісвалася ў традыцыйныя погляды Міністэрства адукацыі. Пасля беспаспяховых спробаў зачыніць ліцэй у 1998 годзе яму надаецца новая назва – «Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа».

«Змаганне было доўгім – як Нацыянальны гуманітарны дзяржаўны ліцэй Міністэрства адукацыі мы ўсё ж датрывалі да 2003 года. Але без палітычных зменаў лёс нашага Ліцэя быў перадвызначаны, – кажа Уладзімір Колас. – У выніку мы цяпер апынуліся там, адкуль пачыналі: у статусе грамадскай адукацыйнай суполкі пры Таварыстве беларускай школы. А статус беларускай мовы ў афіцыйных школах цяпер не нашмат адрозніваецца ад таго, які існаваў у БССР падчас заснавання Ліцэя».

газеты таго часу

«Звязда», 13 студзеня 1996

«Звязда», 13 студзеня 1996

«Знамя юности», 6 верасня 1993

«Знамя юности», 6 верасня 1993

 

спасылкі па тэме

1. Коласаўскі ліцэй зноў паспрабуе легалізавацца

2. Коласаўскі ліцэй: 10 гадоў у падпольлі

3. Коласаўскі ліцэй: 10 гадоў настальгіі

4. Официальный сайт лицея БГУ

 

 

Фота: прыватныя архівы герояў, «Народная газета», «Наша слова», кніга «Лицей БГУ: 20 лет в университете», euroradio.fm, svaboda.org, tut.by