27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Гэта быў першы крок нашай краіны да набыцця сапраўднай незалежнасці.

main

Напрыканцы 1980-х гг., ва ўмовах міжнацыянальных канфліктаў і складанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, узнікла пытанне аб існаванні Савецкага Саюза. У лістападзе 1988 года Эстонія першай з савецкіх рэспублік прыняла Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. Нягледзячы на тое, што Вярхоўны Савет СССР прызнаў гэты дакумент несапраўдным, спыніць «парад суверэнітэтаў» было ўжо немагчыма. 12 чэрвеня 1990 года адпаведны дакумент з’явіўся ў Расіі, а 27 ліпеня гэтага ж года Вярхоўным Саветам БССР была прынята Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». За Дэкларацыю прагаласавалі 229 дэпутатаў – пры ніводным «супраць» альбо «ўстрымаўся». На самой справе, канешне, Беларусь не стала незалежнай краінай, таму што Дэкларацыі не быў нададзены статус канстытуцыйнага закона і яна фактычна мела рэкамендацыйны характар. Але менавіта прыняцце Дэкларацыі стала першым сур’ёзным юрыдычным крокам у напрамку незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Аб тым, у якіх умовах адбывалася праца над дакументам, і яго значэнні ў найноўшай гісторыі Беларусі гутарым з дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, журналістам Сяргеем Навумчыкам.

– Якім быў расклад палітычных сіл у Вярхоўным Савеце БССР напярэдадні прыняцця Дэкларацыі? 

nav– На выбарах у Вярхоўны Савет 12-га склікання Беларускі народны фронт (далей – БНФ) ішоў з лозунгам эканамічнай самастойнасці Беларусі. У нас не было на той момант магчымасцей, каб данесці да людзей канцэпцыю поўнай дзяржаўнай незалежнасці: прапаганда і СМІ цалкам былі ў руках ЦК КПБ.

Для таго каб людзі ўсвядомілі неабходнасць сувэрэнітэту, патрэбны быў час – добра, што БНФ за 1988–1989 гады ўдалося, нягледзячы на шалёны ціск, укараніць хаця б ідэю эканамічнай самастойнасці. У першым туры выбараў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, які адбыўся 4 сакавіка 1990 г., ад БНФ дэпутатамі былі абраны толькі Пазняк, і я, і, здаецца, Генадзь Грушавы. Але практычна ўсе кандыдаты БНФ прайшлі ў другі тур. А далей здарылася вось што. 11 сакавіка Літва абвясціла незалежнасць, і камуністычная прапаганда скарыстала гэта па поўнай супраць БНФ. У СМІ пужалі людзей фашызмам і крывёю – зноў жа, паўтару, пры немагчымасці нашых кандыдатаў аргументавана адказаць. І ў другім туры выбараў 18 сакавіка ад Фронта былі абраны толькі паўтара дзесятка дэпутатаў – сярод іх Голубеў, Беленькі, Садоўскі…

Потым, у маі 1990-га, у першыя дні працы сесіі, да фракцыі БНФ далучыўся яшчэ дзесятак чалавек. Але агульны расклад быў такі: з 345 абраных дэпутатаў (паўтара дзесятка акруг заставаліся вакантнымі) у фракцыю БНФ увайшлі толькі 27 чалавек. Яшчэ некалькі дэпутатаў салідарызаваліся з намі ў пэўных пытаннях. Быў створаны і так званы Дэмакратычны клуб (куды цалкам увайшла і фракцыя БНФ), чалавек пад 100 (там былі, напрыклад, мітрапаліт Філарэт і генерал Грыб), але гэта была аморфная структура, клуб збіраўся толькі пару разоў.

Адзначу, што камуністычная большасць была даволі маналітнай. Гэта былі сакратары райкамаў, гаркамаў, абкамаў, супрацоўнікі ЦК, генералы войска і КДБ, дырэктары саўгасаў і старшыні калгасаў – ім было што губляць. І яшчэ была група з 30 ветэранаў, якія патрапілі ў ВС па квоце, іх ніхто не выбіраў, – вось гэтыя проста былі «непрабіваемыя» артадаксальныя сталіністы.

– Кім і калі быў распрацаваны праект Дэкларацыі, які разглядаўся на паседжаннях Вярхоўнага Савета?

selebr

З 1991 па 1996 год 27 ліпеня было галоўным нацыянальным святам краіны.

– 30 мая 1990 года Сойм БНФ па ініцыятыве Зянона Пазняка прыняў рашэнне, што галоўная палітычная мэта Фронту – дамагацца поўнай незалежнасці Беларусі. Рэалізаваць гэта даручалася, у першую чаргу, нам, дэпутатам у Вярхоўным Савеце. Мы і ўзяліся за распрацоўку Дэкларацыі.

Першапачатковы праект быў падрыхтаваны даволі хутка, за некалькі дзён, але калі Пазняк сказаў пра яго Вярхоўнаму Савету – у залі быў шок. Але ў сярэдзіне чэрвеня аб сувэрэнітэце заявіў Вярхоўны Савет РСФСР на чале з Ельцыным – і Гарбачоў, каб знівеліраваць, зменшыць ролю свайго галоўнага апанента Ельцына, даў загад старшыням парламентаў іншых рэспублік прыняць аналагічныя дакументы – зразумела, яны павінны былі быць толькі фармальнасцю. Але для нас гэта быў шанец.

Вярхоўны Савет стварыў рабочую групу, і яе старшыня, член прэзыдыуму ВС Леанід Козік (цяперашні кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў), проста ў паніцы звярнуўся да Пазняка: хлопцы, давайце, што ў вас ёсць, бо ў нас (гэта значыць камуністаў) нічога няма. Мы (Уладзімір Заблоцкі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў ды іншыя), натуральна, пайшлі працаваць у гэту групу; працу каардынаваў Пазняк.

– Наколькі пачатковы праект адрозніваўся ад прынятага 27 ліпеня?

– Той тэкст, які мы прадставілі спачатку, быў больш вялікі, чым пазней прыняты, і значна больш падрабязны. Ну і куды больш канкрэтны. На жаль, камуністы (а іх і ў рабочай групе была большасць) шмат што выкінулі, але многа чаго нам удалося і захаваць.

Мы змагаліся за кожнае слова: толькі ў апошнія два тыдні прыняцця Дэкларацыі (26–27 ліпеня) дэпутаты БНФ выступілі з трыбуны і ад мікрафонаў больш за сто разоў, я палічыў па стэнаграме. «Маім» пунктам была пазіцыя пра без’ядзернасць Беларусі. Ён увайшоў у канчатковы тэкст Дэкларацыі, хаця і са зменамі, але за яго доўга змагацца не прыйшлося.

paznЗянон Пазняк, беларускі палітык, у 1990-м – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання. Урывак з артыкула «Дэклярацыя – першы крок да незалежнасьці»: «Камісія па выпрацоўцы праекту фактычна бязьдзейнічала. Ніхто не хацеў працаваць. Калі да абмеркаваньня дэклярацыі засталося менш за тыдзень, зьбянтэжаны старшыня Камісіі Леанід Козік запанікаваў (разумеючы, што яго абвінавацяць). Ён стаў мне казаць, што ўсе самаўхіліліся, і папрасіў дапамогі («Ребята, может, Оппозиция бы помогла? »). Напрацоўкі ў нас былі гатовыя, і мы дружна прыйшлі працаваць у Камісію. Неўзабаве праект падрыхтавалі. Козік быў задаволены, што ганебна не «ўтапіўся», але ён цудоўна разумеў, што гэта быў зроблены за праект.
Таму 26 ліпеня, прадстаўляючы яго Вярхоўнаму Савету, ён абачліва паведаміў, што праект быў падрыхтаваны ў Камісіі разам з Апазыцыяй БНФ, а таму ён прапануе, каб і на сэсіі яго прадстаўлялі старшыня Камісіі і прадстаўнік Апазыцыі. Козік адчуваў сваю недастатковую падрыхтаванасьць у гэтым пытаньні і асьцерагаўся выглядаць дрэнна перад намэнклятурай, але галоўнае – ён хацеў зняць з сябе ўсялякую адказнасьць за фармулёўкі, пераадрасаваўшы ўсё на Апазыцыю і на нашых плячах (пасля таго, як Вярхоўны Савет пакрамсае ўсю нашую працу) выехаць са становішча выгадна для сябе. Аднак для нас такая прапанова стала падарункам, які мы адразу ж скарысталі».

Паведамленне БелТА пра прыняцце Дэкларацыі

Паведамленне БелТА пра прыняцце Дэкларацыі

Якія пункты і фармулёўкі тэксту Дэкларацыі выклікалі найбольшыя спрэчкі?

– Найбольшыя спрэчкі выклікалі дзве пазіцыі. Мы патрабавалі, каб Дэкларацыя мела статус канстытуцыйнай сілы: гэта значыць, што палажэнне аб сувэрэнітэце вышэй за Канстытуцыю і законы СССР, якія дзейнічалі на тэрыторыі рэспублікі. Супраць гэтага камуністычная большасць стала маналітнай сцяной. І другі пункт – камуністы прапісалі ў Дэкларацыі, што БССР падпісвае новы саюзны дагавор. Мы ж, дэпутаты БНФ, выступалі супраць гэтага – бо патрабавалі поўнай незалежнасці, без кантролю Крамля (але, канешне, пры двухбаковых палітычных і эканамічных стасунках з рэспублікамі, у тым ліку і з Расіяй).

У гэтых двух пытаннях нам не ўдалося пераканаць камуністаў, пры галасаванні яны перамаглі простай арыфметычнай большасцю. У канцы прыняцця Дэкларацыі некаторыя камуністы ўжо пачалі выказваць меркаванне, што «а ці не паспяшаўся Вярхоўны Савет», ідучы «на поводу» Пазняка, што, магчыма, было б разумна «адкруціць назад». Той жа Козік сказаў: «Калі мы прымем гэту Дэкларацыю, дык яна накіраваная на сто працэнтаў на выхад з Саюза» (цытую па стэнаграме). Тое ж самае, толькі яшчэ ў больш экспрэсіўных фармулёўках, гучала і ў кулуарах.

Наколькі сыход групы дэмакратычных дэпутатаў паўплываў на выніковае галасаванне?

– У перапынку паміж паседжаннямі мы сабраліся ў нашым 363-м пакоі, і Пазняк прапанаваў крок, які быў вельмі рызыкоўны: скарыстаць псіхалагічны прыём. Справа ў тым, што вельмі часта камуністы галасавалі «за» толькі таму, што БНФ быў «супраць» (і наадварот). Я потым ставіў сябе на месца Пазняка – і шчыра скажу, што я б не адважыўся на такую прапанову, бо калі б у выніку Дэкларацыя не была б прынятая і мы пацярпелі б паразу – уся адказнасць за гэта справядліва ўсклалася б на лідара БНФ, гэта вельмі моцна падарвала б ягоны аўтарытэт у Фронце.

Словам, пасля перапынку прыйшлі мы ў Авальную залю і Пазняк заявіў, што, паколькі наша фармулёўка пра канстытуцыйнасць і непадпісанне саюзнага дагавору не прымаецца – мы не ўдзельнічаем у галасаваньні і выходзім з залі. Але ў Авальнай залі фракцыя БНФ пакінула пару чалавек – у тым ліку і мяне. І я якраз бачыў эфект, які зрабіў на дэпутатаў выхад групы БНФ з залі: «А, дык БНФ супраць? Ну дык тады мы – «за», прымем бяз іх!» І яны прагаласавалі! Пасля гэтага дэпутаты БНФ вярнуліся ў залю, Пазняк зачытаў тэкст даволі жорсткай заявы пра палітычную сітуацыю і пра тое, што фракцыя БНФ пераходзіць у апазіцыю. Менавіта гэты дзень – 27 ліпеня – і быў, акрамя іншага, днём стварэння Апазіцыі БНФ як парламенцкай структуры.

shushСтаніслаў Шушкевіч, беларускі палітык, у 1990 г. – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання. Урывак з інтэрв’ю «Радыё Рацыя»: «Декларация была принята, потому что ЦК КПБ уже понял, что надо что-то делать. И перед этим много раз с помощью коммунистов, которые были в Парламенте, отбрасывались предложения БНФ. Ни одно из предложений о том, чтобы принять Декларацию о суверенитете, не рассматривалось.
Но в начале июля пришел секретарь ЦК КПБ Ефрем Соколов к Николаю Дементею, и тот предложил Резолюцию о независимости. Она состояла из 38 статей. Это была скорее «Резолюция зависимости», потому что это была раболепская декларация, идолопоклонно направленная в сторону России.
В конце концов, было создано две комиссии, которые дорабатывали предложения Декларации. Я возглавлял комиссию, которая дорабатывала политическую часть. Вторая комиссия занималась общими вопросами. В результате мы разработали фактически новую Декларацию. Она состояла из 12 статей. И именно ее принял Верховный Совет.
При принятии был определенный курьез. Зенон Позняк очень хотел, чтобы она была решительной, чтобы там не упоминалось то, что мы будем работать над новым союзным договором. Этого практически невозможно было не упомянуть. Почти все представители БНФ, которые входили во фракцию, вышли во время голосования за эту резолюцию. А теперь они говорят, что так сделали, чтобы за нее все проголосовали. Это, извините, шутка. В результате Декларация была принята».

 – Якімі былі настроі грамадства ў перыяд працы ВС, наколькі яны ўплывалі на настроі дэпутатаў?

– Калі ў Авальнай залі ішло абмеркаванне палажэнняў Дэкларацыі, БНФ вывеў на плошчу перад Домам урада людзей, збіралася некалькі тысяч чалавек. Усе гэтыя дні людзі нас падтрымлівалі, патрабавалі поўнай незалежнасці. Дэпутаты ішлі на сесію, бачылі плакаты, людзі да іх звярталіся – канешне, гэта пэўным чынам паўплывала на настроі тых дэпутатаў, якія «вагаліся». Але трэба прызнаць, што большасць насельніцтва не ўсведамляла значнасці падзеі, якая адбывалася ў Авальнай залі. Але так вельмі часта (ці нават заўсёды) здараецца з па-сапраўднаму гістарычнымі падзеямі.

Напрыклад, мне невядома ніводнае фота ці відэаздымак падзей 26–27 ліпеня ў Авальнай залі: тое, што часам паказваюць па «Белсаце» ці ў незалежных СМІ – як уносяць бел-чырвона-белы сцяг, як выступаюць дэпутаты, як мы зганяем з трыбуны першага сакратара ЦК, як людзі мітынгуюць на плошчы, – гэта ўсё кадры жніўня наступнага, 1991 года. Магчыма, у архівах нешта захавалася – але я пакуль гэтага не бачыў.

– Якое значэнне мела прыняцце Дэкларацыі для далейшых падзей? Для найноўшай гісторыі Беларусі ўвогуле?

– Літаральна праз некалькі дзён пасля прыняцця Дэкларацыі я, па просьбе штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», зрабіў даволі вялікую гутарку пра гэту падзею з Васілём Быкавым.

«Я адношуся да гэтай Дэкларацыі спакойна, – сказаў Васіль Уладзіміравіч. – Прыняцце яе (або непрыняцце) па сутнасці нічога ня можа змяніць у жыцці рэспублікі, так што значэнне яе чыста тэарэтычнае». І далей: «Мабыць, для таго каб дакументы такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай свядомасці, выразна дэмакратычная воля яго кіраўніцтва».

Быкаў меў на ўвазе, што Дэкларацыю прынялі без «нашага» пункта – аб канстытуцыйным статусе, што без гэтага яна робіцца фармальнасцю. Словы пра агульны стан грамадства і настроі кіраўніцтва, думаю, не патрабуюць тлумачэнняў. І вось якраз другую палову гэтага 1990-га і першую палову 1991-га мы імкнуліся ўсімі даступнымі спосабамі падрыхтаваць наша грамадства да ўсведамлення перавагі незалежнай дзяржавы. І гэта Народнаму фронту ўдалося. І значнасць Дэкларацыі трэба разглядаць у кантэксце больш важнай, на мой погляд, падзеі – надання ёй канстытуцыйнай сілы 25 жніўня 1991 года, што дэ-юрэ азначала абвяшчэнне поўнай незалежнасці. Дэкларацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, прынятая 27 ліпеня 1990 года, была важным крокам, прыступкай на шляху да незалежнасці Беларусі.

газеты таго часу

«Советская Белоруссия», 28 ліпеня 1990

«Советская Белоруссия», 28 ліпеня 1990

«Знамя Юности», 31 ліпеня 1990

«Знамя Юности», 31 ліпеня 1990

 

спасылкі па тэме

1. Поўны тэкст Дэкларацыі

2. Артыкул Пазняка «Дэклярацыя – першы крок да незалежнасьці»

3. Шушкевіч успамінае аб абставінах прыняцця Дэкларацыі