Дзесяць год, а такое адчуваньне, што цэлая эпоха. І я не адзін з прыкладным меркаваньнем.
Яшчэ б год ці два таму, я б сказаў, што 90-я ў мяне асацыююца з палітычнымі момантамі таго часу, хоць да гэтай “палітычнасьці”, у сілу свайго ўзросту, я дачыненьня ня меў.
Зараз жа 90-я для мяне — выключна сацыяльна-культурны фэномэн.
90-я бесяць сваім прымітывізмам у пляне рэклямы, шыльдаў, афармленьнем пакункаў і гэтак далей па сьпісу ўсіх вонкавых адлюстраваньняў таго часу.
90-я вабяць сваёй рамантычнасьцю, пачаткам чагосьці новага і, напэўна, так бы мовіць, “лёзунгам”: “Той, хто раней быў нікім — стаў усім”.
90-я раздражняюць паводзінам людзей, іх скупасьцю да ўсяго новага, асабліва да стылю ў вопратцы, макіяжу. Вы згадайце “баявую афарбоўку” шэрагу дзяўчат: салатавыя, пэрлямутравыя вочы… Жах! А бліскучыя блузкі с джынсамі-”варонкамі”!.. Так, можна сказаць, што іншага не было, дакладней, лепшага не было…
90-я цешаць вялізарнай колькасьцю новага ў шырокім панятку культуры: у кіно, музыцы, літаратуры. Асабліва ў музыцы: пік папулярнасьці “Наутилуса Пампилиуса”, “ДДТ”, якаснага мэталу, у асобах такіх легэндаў, як “Ария”, “Алиса” і інш. Нават сёньня, калі слухаеш “Наутилуса…”, мурашы па скуры і шкадаваньне, што не быў у той час і не трапіў на тыя канцэрты…
90-я можна бясконца падзяляць па прынцыпу “бесяць-вабяць”, “раздражняюць-цешаць”. Кожны абіраў для сябе сваё.
Але тое, што 90-я не для ўсіх — факт. Гэтае дзесяцігодзьдзе дало шмат магчымасьцяў, але скарысталіся імі адзінкі, а абсалютная большасьць гэтыя магчымасьці пра..ралі, скарыстаўшыся толькі кіслотнасьцю макіяжа, бліскучасьцю блузак, варонасьцю джынсаў.
90-я для тых, хто сёньня шкадуе, што не нарадзіўся ў 70-х, каб маладосьць прыпала менавіта на 90-я.