Нядаўна прыйшла мне позва ў філіял Беларусбанку. Доўга думаў за што мне такое, але ж калі нарэшце прыйшоў, аказалася, яны проста хочуць пагасіць дзіцячы рахунак, адкрыты на маё імя ў 1991 годзе.

Памятаеце, перад сконам СССР камуністы вырашылі адабраць у насельніцтва яшчэ трошкі грошыкаў, сыграўшы на бацькоўскіх пачуццях? “Мэтавы дзіцячы ўклад” азначаў паступовае ўнясенне сродкаў на імё малога каб у час дасягнення 18 гадоў яму ў якасці пад’ёмных выплацілі ажно 1000 паўнавартасных савецкіх рублёў. Мільёны дарослых людзей у 1991 годзе паверылі савецкай дзяржаве… У 2011 г. настаў час збіраць камяні.

Пакорпаўшыся з 20 хвілін (людзі ў чарзе пры гэтым падазрона шапталіся) касірка нарэшце зразумела ў чым справа і знайшла патрэбны алгарытм дзеянняў. Я падпісаў 5 ці 6 папер і атрымаў на рукі 70 беларускіх рублёў. Вось! А разам з імі — даўжэзную квітанцыю на якой адлюстраваная ўся фінансавая гісторыя незалежнай Беларусі. Прапаную вам набольш цікавыя фрагменты квітанцыі:

04032011476

Як бачна на гэтым здымку, дзяржава чэсна штогод налічвала мне працэнты па ўкладзе так што з улікам першай дэнаменацыі, калі адкінулі адзін нуль, у 1999 годзе на рахунку скапіліся ажно 4 722 рублі, што, пагадзіціся, крута. Але ж 31.12.1999 адбылася чарговая дэнаменацыя, пад час якой адкінулі ўжо тры нулі, і на рахунку, па правілах скруглення, апынуліся цэлых 5 беларускіх рублёў. З таго часу дэнаменацый не было, папаўненняў рахунку таксама. Тым ня менш, за 10 з хвосцікам гадоў толькі за кошт працэнтаў па ўкладзе атрымалася 70 рублёў. Такім чынам профіт склаў больш за 1000 %. Ваісціну, амерыканскія банкіры падавіліся ад зайздрасці пры такой даходнасці ўкладаў. А каб яшчэ не было тых трыклятых дэнаменацый, то сёння атрымаў бы 700 тыс., а не тую адну, на якую прывабіліся ў 1991 мае бацькі.

Як гэта стала магчыма? Глядзім другі здымак:

04032011477

Аказваецца ў асобныя гады працэнтная стаўка складала неімаверныя па сённяшніх мерках велічыні: 1993-94 — 300 % гадавых, а да новага 1995 году падскочыла аж да 430 %. Відаць у эканоміцы быў гамон, але ж хутка, праз два месяцы яе падбілі да 330%. То бок, за два месяцы стаўка скокнула больш чым на 100 % спачатку ў адзін, а потым у другі бок! Потым 1995-1999 — перыяд адноснай стабільнсці (прэм’ерам тады быў хіба Лінг), але ж потым ізноўку пайшла катавасія, у 2000 моцны расійскі крызіс зачапіў і на табе — 180 %.

Нагадаю, што сёння стаўка рэфінансавання — 25 %, а яшчэ 2 гады таму была 11…
Вось так часам гісторыя нагадвае пра сябе.