Сяргей Харэўскі неяк напісаў, што яму не хопіць жыцця, каб прачытаць усё, напісанае па-беларуску. Відаць, праўда: тэкстаў багата, аўтараў таксама. Зрэшты, далёка не ўся беларуская пісьмовая спадчына добрай якасці. Пагатоў даводзіцца здзіўляцца некаторым парадоксам. “Загадка Георгія Коласа” — добрая магчымасць напісаць эсэ не горшае (пры наяўнасці адпаведнага таленту і стараннасці), чым у Міхася Стральцова.

29 жніўня 1998 г. у беластоцкай друкарні Orthdruk (там, здаецца, выходзіў і беларускі Joyce) была падпісаная да друку лепшая беларуская кніжка, прысвечаная Янку Купалу.

Увогуле ж, гэта падзея адкрывае выдатныя магчымасці многа гаварыць перш-наперш пра дзве рэчы: уласна, пра лёс Янкі Купалы ў кантэксце беларускай культурнай традыцыі (пар. тое, што пісаў пра Я. Купалу Колас, і што — Бахарэвіч, і розгалас, выкліканы іхнымі публікацыямі), і пра тое, якім чынам складваецца даляглад беларускай культуры сёння, як у ім прадукуюцца культавыя тэксты, і чаму, напрыклад, тэкст Г. Коласа такім — то ж бо, культуравым — не зрабіўся?

Per se кніжка Коласа — узор густоўнага стылю і інтэлектуальнай сумленнасці. Нікому яшчэ не ўдалося так арганічна сумясціць Оруэла (у перакладзе Шупы), Валошына, Ерафеева, Фройда і Купалу ў рамках аднаго твора. Выгодна карыстацца “Каранямі міфаў” як падручнікам — уводзінамі ў гісторыю беларускага таталітарызму, дзе квазідысідэнцтва М. Лынькова спалучаецца з хлуслівай імагалогіяй П. Панамарэнкі як выратавальніка беларускіх паэтаў з жэрала сталінскіх рэпрэсій. Урэшце, дадзеная кніга — незвычайна ўдалы прыклад таго, як належыць ставіцца да беларускай культуры і нашай спадчыны так, каб гэта выглядала прыстойна і не абуджавала нястрымную прагу ванітаваць; “культура дыскусіі, культура рацыянальнай спрэчкі” (М. Жбанкоў) — падставовая адзнака гэтай кнігі.

Даводзіцца толькі здзяўляцца з таго, што яна так і не знайшла свайго чытача: відаць, тлумачэнне парадоксу Коласа палягае ў адметнасці беларускага культурнага клітаму, які валодае неймавернай здольнасцю паглынаць вялізную колькасць вартасных культурных артэфактаў незваротна.