Ліхія 90-я, Зянон, Dendy, мітынгі, інфляцыя і чэргі. Але першае дзесяцігоддзе беларускай незалежнасці не вычэрпваецца гэтымі банальнымі тэгамі, лічаць стваральнікі сайта 90s.by – новага мультымедыйнага праекта пра адзін з самых насычаных перыядаў айчыннай гісторыі.

«Мінулым летам я пачула расказ былога суддзі Канстытуцыйнага суда. Ён гаварыў пра палітычны крызіс 1996 года. Але не каменнымі фармулёўкамі з падручніка гісторыі за 9-ты клас, а нейкімі сцэнамі са шпіёнскіх баевікоў: “Я памятаю, як стаяў каля акна свайго кабінета ў Канстытуцыйным судзе, глядзеў на брытанскую амбасаду насупраць і думаў: паспею я туды дабегчы, ці мяне схопяць хутчэй?” Тады я пачала сур’ёзна думаць пра тое, што многія гісторыі з нядаўняга мінулага варта было б расказаць», – распавядае Яся, стваральніца і рэдактарка сайта 90s.bу.

«Прыкладна ў гэты час я глядзеў “Намедни”. У выпуску пра 1994 год быў сюжэт аб прыходзе Лукашэнкі да ўлады. Побач сядзеў мой малодшы брат, які спытаў: “А краінай хтосьці кіраваў да Лукашэнкі?” Неяк адразу вырашыў, што трэба замуціць падобны інтэрнэт-праект пра беларускія 90-я», – дадае Клім, яшчэ адзін рэдактар сайта.

Мы сядзім у Нацыяналцы, гартаем падшыўкі газет таго часу, глядзім чорна-белыя архіўныя фатаграфіі мітынгаў і чэргаў ды спрабуем разабрацца, што будзе ўяўляць з сябе сайт пра часы «драйву і развіцця» і каму патрэбная гэтая «мультымедыйная энцыклапедыя».

90s.by – нешта сярэдняе паміж падручнікам па гісторыі Беларусі і ўсё той жа праграмай «Намедни». Пры гэтым журналісты вырашылі ахапіць усё і адразу: ад выбараў і крызісаў да рок-фестываляў і першага «Макдональдса».

«Шмат з таго, што мы бачым вакол сябе, – гэта вынік падзей, якія адбываліся ў 90-я, – мяркуе Клім. – Ад палітычнай сістэмы да нашых культурных міфаў і паўсядзённых звычак. Акрамя таго, гэта перыяд незвычайнай дзвіжухі, калі павалілася велізарная сістэма і ўсе, хто як мог, пачалі ствараць новы свет. Таму ідэя ў тым, каб расказаць нашаму пакаленню пра пачатак краіны, у якой яны жывуць. А пакаленню нашых бацькоў нагадаць, што адбывалася ў часы іх маладосці».

Спачатку стваральнікі праекта сабралі інфу пра падзеі з падручнікаў і кніжак: з мемуараў Шушкевіча, Кебіча, Навумчыка, з гістарычных кніг. Правялі шэраг інтэрв’ю з тымі, хто ў 90-я прымаў рашэнні, значныя для краіны. Праглядалі існыя праекты пра той час. Нешта ўзгадвалі самі.

Чытаць далей