7 лютага, 19-00

Галерэя «Ў» (пр. Незалежнасці 37А)

Медыя-праект «pARTisan» сумесна з мультымедыйным гістарычным праектам 90s.by запрашае на прэзентацыю альбома «Беларуская фатаграфія 1990-х».

Напрыканцы мінулага года ў серыі «Калекцыя пАРТызана» выйшаў альбом, прысвечаны арт–феномену 1990-х — «Менскай школе творчае фатаграфіі». У альбом увайшлі працы Валеры Лабко, Уладзіміра Парфянка, ГаліныМаскалёвай, Уладзіміра Шахлевіча, Сяргея Кажамякіна, Міхаіла Гаруса, Ігара Саўчанка, Івана Пятровіча, Вадзіма Качана, Віктара Каленіка, Аляксандра Угляніцы і групы «Беларускі клімат». Гэта першае выданне падобнага кшталту, выдадзенае ў Беларусі.

«Адкрытымі застаюцца пытаньні, якія стаяць у самой Беларусі, што дагэтуль не ацаніла сваіх фотамастакоў, іхны ўнёсак у сучаснае мастацтва краіны й ролю ў належнай прэзэнтацыі дзяржавы на міжнароднай сцэне. Што ж гэткага асаблівага ёсьць у «менскай школе творчае фатаграфіі», што дае ёй відавочнае адрозьненьне ад іншых? Што прыцягвае да працаў фотамастакоў гэтай школы ўвагу адмыслоўцаў і гледачоў? Як яна зьявілася?..»

Іна Рэут «Менская школа» альбо «Новая хваля» / Альбом «Беларуская фатаграфія 1990х»

Падчас прэзентацыі адбудзецца аўтограф-сесія з аўтарамі альбому.  Запрашаем усіх жадаючых!

Заснаваная ў 2009 годзе, серыя «Калекцыя пАРТызана» плануе сабраць the best беларускага арту —32 альбомы (колькасць літар у беларускім альфабэце), якія разам складуць унікальную энцыклапедычную візуальную азбуку, галерэю найноўшага беларускага мастацтва. Заснавальнік, галоўны рэдактар — Артур Клінаў.